Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінансавая міліцыя завяла справу на супрацоўніка “Белінвэстбанку” паводле абвінавачаньня ў незаконных апэрацыях з валютай у памеры, большым за 100 тысяч даляраў.

Паводле Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў, у студзені затрыманыя дзясяткі валютчыкаў.

Фінансавы крызіс вядзе да ўсплёску фінансавых махінацыяў і ўхіленьня ад выплаты падаткаў. Ужо стала значна болей незаконных апэрацыяў з валютай, паведаміў журналістам палкоўнік фінансавай міліцыі Сяргей Бараноўскі, які ўзначальвае Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.

"Летась фінансавых праверак стала на 12% меней"

“Пайшла хваля незаконных фінансавых апэрацыяў. Дакладаю, што толькі за студзень намі было складзена 44 пратаколы на валютчыкаў. Канфіскавана валюты на 300 мільёнаў рублёў, заведзена 6 крымінальных спраў. У тым ліку ўчора завялі справу на супрацоўніка “Белінвэстбанку”. Там вельмі сур’ёзная справа, незаконных фінансавых апэрацыяў было на 311 мільёнаў рублёў, пры ператрусе забралі 14 тысяч даляраў”, — паведаміў Сяргей Бараноўскі.

Усяго, паводле спадара Бараноўскага, летась фінансавых праверак стала на 12% меней, затое на траціну вырасла сума падаткаў і штрафаў, выстаўленых парушальнікам. У бюджэт, такім чынам, трапіла амаль 77 мільярдаў рублёў.

Ці прычыннае да злачынстваў групоўкі Шырэя аб’яднаньне вэтэранаў унутраных войскаў?

Сярод згаданых гучных спраў — справа Андрэя Шырэя і яшчэ 6 асобаў, якіх асудзілі 3 лютага на тэрміны ад 2 да 6 гадоў зьняволеньня. Паводле суду, злачынная група займалася незаконнымі фінансавымі апэрацыямі. У абароце было болей за 300 мільярдаў рублёў. Махінатары пераводзілі безнаяўныя грошы ў рублі і валюту з дапамогай цэлай сеткі ілжэпрадпрымальнікаў.

Да арышту Андрэй Шырэй працаваў камэрцыйным дырэктарам аб’яднаньня вэтэранаў унутраных войскаў “Честь”. Раней гэтым аб’яднаньнем кіраваў былы міністар унутраных спраў Юры Сівакоў, цяпер — былы камандзір спэцбрыгады ўнутраных войскаў Дзьмітры Паўлічэнка. Абодва падазраюцца грамадзкасьцю ў датычнасьці да зьнікненьняў палітычных апанэнтаў рэжыму.

Журналісты запыталіся, ці прычыннае да злачынстваў групоўкі Шырэя аб’яднаньне вэтэранаў унутраных войскаў “Честь”.

“Узаемасувязі паміж ягонай злачыннай дзейнасьцю па правядзеньні незаконных валютных апэрацыяў і аб’яднаньнем вэтэранаў “Честь” сьледзтвам ня выяўлена”, — адказаў начальнік сьледчай управы дэпартамэнту Зьміцер Адамовіч.

Летась быў арыштаваны былы начальнік Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Анатоль Грамовіч. Цяперашні начальнік дэпартамэнту Сяргей Бараноўскі кажа, што ягонага папярэдніка трымаюць у турме КДБ, а ці прызнае ён сябе вінаватым, Бараноўскі ня ведае. Раней паведамлялася, што справа Грамовіча тычыцца часу, калі ён кіраваў Берасьцейскай управай КДБ.
XS
SM
MD
LG