Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч заявіла, што “ажыятаж, падняты вакол новага закону аб СМІ, у многім зьяўляецца надуманым і штучным”.


Натальля Пяткевіч выступіла на круглым стале, прысьвечаным заканадаўству аб СМІ ў Беларусі.

Н.Пяткевіч заявіла, маўляў, пры аб'ектыўным поглядзе становіцца зразумела, што “новы закон ні ў якой ступені не парушае правоў журналіста, СМІ і беларускіх грамадзянаў”.

Адносна дзейнасьці інтэрнэт-мэдыяў, Н.Пяткевіч адзначыла, што ў законе няма ніводнай нормы, якая б непасрэдна вызначала права рэгістрацыі ці наогул гаварыла пра рэгістрацыю, правілы паводзінаў інтэрнэт-СМІ.

"Закон мае норму, паводле якой рэгістрацыя патэнцыйна можа мець месца, калі адпаведную пастанову прыме Савет міністраў”, - заявіла Натальля Пяткевіч. Яна адзначыла, што распрацоўка гэтага дакумэнта не прадугледжваецца ў бліжэйшай будучыні.

“Праца над гэтым дакумэнтам не вялася”, - заявіла Н.Пяткевіч.

Паводле Н.Пяткевіч, закон гарантуе, каб спыненьне дзейнасьці СМІ зьяўлялася ў Беларусі выключнай мерай адказнасьці, якая б ужывалася ў рэдкіх выпадках ці наогул не ўжывалася.

Нагадаем, 8 лютага ўступае ў дзеяньне закон “Аб сродках масавай інфармацыі”. Прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў мяркуюць, што згодна зь ім усе без выключэньня сродкі масавай інфармацыі павінны да канца гэтага года прайсьці перарэгістрацыю, што будзе праводзіцца па заяўляльным прынцыпе.

Паводле кіраўніка цэнтра прававой абароны СМІ Міхаіла Пастухова, пасьля уступленьня ў дзеяньне новага закону, “нас чакае далейшае закручваньне гаек”.

Паводле намесьніка старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, гэты закон аб СМІ “больш жорсткі за папярэдні яшчэ і таму, што ў органаў кантролю зьявіцца больш магчымасьцяў для спыненьня дзейнасьці СМІ ў судовым парадку”.

Круглы стол адбываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Менску. Ён арганізаваны Міністэрствам інфармацыі Беларусі і Беларускім саюзам журналістаў. Удзел у ім бяруць прадстаўнікі АБСЭі беларускіх уладаў, прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі, а таксама журналісты дзяржаўных і недзяржаўных СМІ.

XS
SM
MD
LG