Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАТЭ раскупілі


Агляд некаторых публікацый недзяржаўных СМІ за 4 лютага.

“Бобруйский курьер”. “З бараку – у трушчобы”. У Бабруйску ёсьць барак. 2 гады таму, перад “Дажынкамі” ў ім зрабілі рамонт, жыльцы таксама самі рамантавалі свае кватэры. Зараз гарадзкія улады вырашылі гэты барак зьнесьці. Распавядае журналіст Віктар Качан:

“Тыя, хто не прыватызаваў кватэры, атрымалі новае жытло. А тых, хто прыватызаваў, гарадзкія улады вырашылі адсяліць. Прычым, у такое жытло, якое нашмат горш за той барак, у якім яны дагэтуль жылі – дом, якому 110 гадоў. І па пляне праз 10 гадоў яго будуць зносіць. Атрымліваецца, што зноў часовае жытло. Жыхары змагаліся з чыноўнікамі, дайшлі да старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Барыса Батуры, які паабяцаў ім новае жытло да Новага году. Пакуль абяцаньне гэта ня выканана”.

“Газэта Слонімская”. Слонімцы ня хочуць жыць на вуліцы імя Пятра Войкава, які зьнішчыў усю сям’ю апошняга расейскага цара Мікалая ІІ. І якога беларус Барыс Кавэрда забіў у 1927 годзе ў Варшаве. Жыхары зьбіраюць подпісы за перайменаваньне вуліцы Войкава. Ёсьць прапановы назваць вуліцу імёнамі вядомых слонімцаў: Міхала Валовіча, Антона Неманцэвіча альбо Войцэха Пуслоўскага.

У разгар эпідэміі грыпу ў Слоніме немагчыма прайсьці флюараграфічнае абсьледаваньне. Распавядае мясцовы журналіст Сяргей Чыгрын:

“Слонімскія стацыянарныя флюараграфічныя кабінэты і ў раённай паліклініцы, і ў гарадзкой не працавалі – няма з горадзе і раёне стужкі. Стужкі няма нават і на абласным аптэчным складзе ў Горадні. На гэтым тыдні мэдыкі абяцаюць, што кабінэты запрацуюць – стужкі дамовіліся завезьці нават не з аптэчнага складу, а зь іншага раёну”.

“Начныя матыліцы” ёсьць ня толькі ў сталіцы. “Наша Ніва” у адным толькі Пухавіцкім раёне знайшла некалькі дзясяткаў путан. Тыднёвік таксама аналізуе, “Што ад БАТЭ засталося”. Аб’ектыўная, але горкая рэальнасьць беларускага футболу — унікальную каманду раскупілі: Віталь Радзівонаў і Генадзь Блізьнюк выступаюць за клюбы другой нямецкай бундэсьлігі “Фрайбург” і "Франкфурт". Міхаіла Сівакова за 800 тысяч эўра набыў італьянскі “Кальяры” з востраву Сардынія. Ня трацяць надзеі працаўладкавацца за мяжой Сяргей Крывец і Ігар Стасевіч. Сэзон 2009 году БАТЭ пачне ў абноўленым складзе. Грошай на супэркаманду пакуль няма, робіць выснову тыднёвік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG