Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” эфір 30 студзеня


Апошнім часам прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва запрашаюць у адмыслова створаныя структуры пры дзяржаўных органах. Якія мэты і задачы, робячы гэта, ставяць перад сабою ўлады? Ці сьведчаць гэтыя крокі пра эвалюцыю беларускага рэжыму? Якія наступствы могуць мець такія захады ўладаў?

Удзельнікі: старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.

Якія мэты і задачы ставяць перад сабою ўлады?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч:
“Прадстаўнікоў апазыцыі і незалежнага грамадзтва запрашаюць у міжведамасную працоўную групу па краінавым маркетынгу, Грамадзкую каардынацыйную раду ў сфэры СМІ, грамадзка-кансультатыўную раду па правах чалавека пры Адміністрацыі прэзыдэнта.

У чым прычына гэтай зьявы? Чаго раптам Адміністрацыю прэзыдэнта зацікавіла тэма правоў чалавека? Чаму ўлады вырашылі даведацца пункт гледжаньня прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва? Якія мэты і задачы імкнуцца вырашыць улады?”

Алег Трусаў: “Тут ёсьць і аб’ектыўныя прычыны, і суб’ектыўныя. Калі казаць пра аб’ектыўныя прычыны, дык гэта рэзкае падзеньне рэйтынгу ўлады ў грамадзтве пасьля пазбаўленьня людзей ільготаў, прамінулых выбараў, дэвальвацыі рубля.

Алег Трусаў
І суб’ектыўныя прычыны. Да ўлады прыходзіць новае пакаленьне. Гэта людзі ўзросту Натальлі Пяткевіч, якія сфармаваліся ў незалежнай Беларусі, і яны разумеюць шмат з таго, чаго не разумеюць кіраўнікі савецкіх часоў. І вось гэтых апошніх цяпер масава адпраўляюць альбо на пэнсію, альбо ў Палату прадстаўнікоў. Спадзяваньні на рэфармацыю зьверху зьвязаныя з новымі людзьмі”.

Карбалевіч: “Але ж рэальная ўлада належыць аднаму і таму ж чалавеку. А на што можа ўплываць абслуговы пэрсанал?”

Трусаў:
“Ёсьць прымаўка, што караля робіць сьвіта. Нават у Сярэднявеччы вялікі князь літоўскі без “паноў-рады” нічога ня быў варты. Нейкі падобны орган ствараецца цяпер і ў Беларусі. Бо кіраваць аднаму ўжо немагчыма”.

Улады ня ведаюць, што рабіць

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч:
“Я бачу іншыя прычыны гэтых дзеяньняў уладаў. Бо калі натуральным чынам да ўлады прыходзяць чыноўнікі больш маладога ўзросту, то гэта няшмат мяняе.

Дзьве прычыны ўплываюць на гэтыя зьмены. Па-першае, уладная групоўка, узяўшы ўсю поўніцу ўлады ў свае рукі, цяпер ня ведае, што рабіць. Ёй патрэбны новыя ідэі і новыя людзі. І ўлада імкнецца іх знайсьці вось такім шляхам.

Па-другое, гэтыя крокі ўлады трэба разглядаць у кантэксьце гульні з Эўропай. Эўрапейцы павінны ўбачыць, што грамадзянская супольнасьць прыцягваецца да прыняцьця дзяржаўных рашэньняў.

Але пакуль дзеяньні ўладаў сьведчаць, што зьмены будуць касмэтычнымі. Стварэньне ўсіх гэтых грамадзкіх радаў нагадвае гульні таталітарных рэжымаў. Такія дэкаратыўныя органы ствараў і Гарбачоў, і Ельцын, яны існуюць і цяпер у Расеі”.

Няма паўнамоцтваў


Карбалевіч: “Калі ўладам трэба атрымаць ад незалежнага грамадзтва новыя ідэі і новых людзей, то ў такім разе трэба было б пусьціць апазыцыю ў Палату прадстаўнікоў ці надаць гэтых новым структурам рэальныя паўнамоцтвы.

А ў рэальнасьці адбываецца нешта іншае. Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што няма ніякіх юрыдычных дакумэнтаў, якія б рэглямэнтавалі парадак працы гэтых структур. І галоўнае, якую юрыдычную сілу будуць мець тыя рашэньні, якія прымуць згаданыя структуры?”

Трусаў: “
Шмат будзе залежаць ад саміх структур, ад людзей, якія там будуць працаваць. Чаму б, напрыклад, прадстаўнікам незалежнага грамадзтва не агучваць свае прапановы ў дзяржаўных і недзяржаўных мэдыях?”

Кіроўнай групоўцы патрэбныя толькі новыя ідэі і, магчыма, некалькі новых людзей. Але да рэальнай улады яна нікога не дапускае. Няма ніякіх прыкметаў рэфармацыі дыктатарскага рэжыму
Мацкевіч
: “Кіроўнай групоўцы патрэбныя толькі новыя ідэі і, магчыма, некалькі новых людзей. Але да рэальнай улады яна нікога не дапускае. Няма ніякіх прыкметаў рэфармацыі дыктатарскага рэжыму. Але важна тое, што прадстаўнікі незалежнага грамадзтва ўжо прызнаюцца не “маргіналамі” ці “адшчапенцамі”, а людзьмі, здольнымі сказаць штосьці вартае”.

Ці адбываецца эвалюцыя рэжыму?


Карабалевіч:
“Сп. Мацкевіч пачаў размову пра маштабы зьменаў. Сапраўды, не ідзе гаворка пра рэфармацыю рэжыму. Але ці адбываецца зьмена вонкавага аблічча, афарбоўкі, ідэалёгіі рэжыму? Бо дагэтуль ідэалягічная канцэпцыя ўладаў была такая: палітычны курс Лукашэнкі адзіна правільны і аднадушна падтрымліваецца ўсім грамадзтвам. Ёсьць купка “адмарозкаў”, якія купленыя Захадам за даляры, яны ня маюць падтрымкі ў грамадзтве. Як казаў Лукашэнка, і гэтая апазыцыя хутка зьнікне, дык з кім весьці дыялёг?

Эвалюцыя ўжо адбылася, і ня сёньня, а ў жніўні, калі адпусьцілі Казуліна і іншых палітвязьняў. А сусьветны крызіс паскорыў гэтыя працэсы. Думаю, гэтым годам мы яшчэ шмат цікавага даведаемся
І вось цяпер да гэтых самых “адмарозкаў” зьвярнуліся з прапановай аб супрацоўніцтве. То бок беларускі рэжым у гэтым сэнсе пачынае быць падобным да расейскага. Там такія імітацыйныя структуры існуюць ужо даўно (Грамадзкая палата і інш.), нават апазыцыйныя партыі штучна ствараюцца Крамлём. Дык куды эвалюцыянуе рэжым?”

Трусаў: “Эвалюцыя ўжо адбылася, і ня сёньня, а ў жніўні, калі адпусьцілі Казуліна і іншых палітвязьняў. А сусьветны крызіс паскорыў гэтыя працэсы. Думаю, гэтым годам мы яшчэ шмат цікавага даведаемся”.

Мацкевіч: “Я, як і Станіслаўскі, “ня веру” ў лібэралізацыю. Зьмены, якія адбываюцца, не зьяўляюцца незваротнымі. Як выпусьцілі палітвязьняў, так могуць зноў пасадзіць. Сыстэма захоўваецца.

Вядома, мы павінны вітаць кожны маленькі крок па гэтым шляху. Але ж ня трэба ілюзіяў. Улада нават не дэкляравала курсу на перамены. Наадварот, захоўваецца ранейшая рыторыка”.

Ці не паўторыцца гарбачоўская перабудова?


Карбалевіч: “Якія наступствы гэта можа мець? Калісьці і Гарбачоў дзеля выпусканьня пару ствараў падобныя органы, лічыў, што ўтрымае сытуацыю пад кантролем. А што атрымалася? Ці не паўторыцца нешта падобнае ў Беларусі?”

Трусаў:
“І гарбачоўская перабудова ішла няроўна. Паралельна адны сілы прыйшлі да ГКЧП, а другія зьнішчылі СССР. Не выключаю, што і ў Беларусі падзеі будуць разьвівацца такім жа чынам. Але, як казаў Гарбачоў, “працэс пайшоў”. А вось куды ён выведзе, залежыць ад кожнага з нас”.

Я толькі тады паверу ў зрухі, калі праблемы, абмеркаваньне якіх ініцыююць незалежныя экспэрты, будуць асьвятляць дзяржаўныя мэдыі
Мацкевіч:
“Сапраўды, палітычныя паслабленьні могуць набыць інэрцыю і стаць незваротнымі. Але ў аснове гарбачоўскай перабудовы было “новае мысьленьне”, то бок ідэі, што рабіць, як рабіць і куды рухацца.

Вось гэтыя новыя ідэі і павінны прынесьці незалежныя экспэрты, якіх запрасіла ўлада. Але для гэтага яны павінны мець узгодненую пазыцыю і зьвяртацца праз мэдыі да шырокай грамадзкасьці. Без падтрымкі грамадзкасьці яны нічога ня вартыя. Я толькі тады паверу ў зрухі, калі праблемы, абмеркаваньне якіх ініцыююць незалежныя экспэрты, будуць асьвятляць дзяржаўныя мэдыі”.

Я заўсёды быў за дыялёг з уладамі
Карбалевіч:
“Сп. Трусаў, вось вы таксама запрошаныя ў грамадзка-кансультатыўную раду па правах чалавека пры адміністрацыі прэзыдэнта. У вас ёсьць ідэі, зь якімі вы туды зьбіраецеся ісьці?”

Трусаў: “Усе мае ідэі агучаныя на апошнім зьезьдзе ТБМ. Улада атрымала іх і пагадзілася зь імі. Цяпер мая задача палягае ў тым, каб прасачыць іх выкананьне. Я заўсёды быў за дыялёг з уладамі”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG