Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гаазе рассудзілі Румынію з Украінай


Сёньня Міжнародны суд ААН у Гаазе аб’явіў прысуд у працяглай спрэчцы паміж Румыніяй і Ўкраінай за дэлімітацыю кантынэнтальнага шэльфу ў Чорным моры, у якім, паводле экспэртаў, знаходзяцца багатыя паклады нафты і газу. Бухарэст заяўляе, што суд задаволіў румынскія прэтэнзіі на 80 адсоткаў.

Спрэчка ішла ў першую чаргу за гэтак званы Зьмяіны востраў, які знаходзіцца на адлегласьці 40 кілямэтраў ад вусьця Дунаю.

Украіна, якая ўспадкавала гэты невялічкі астравок у Чорным моры — паверхняй 17 гектараў — пасьля развалу Савецкага Саюзу, сьцьвярджала перад судом, што гэта востраў, на якім жывуць людзі і адбываецца эканамічная дзейнасьць. Іначай кажучы, паводле Кіева, зона выключных украінскіх эканамічных інтарэсаў павінна разьлічвацца ад Зьмяінага востраву, а не ад кантынэнтальнай часткі Ўкраіны.

Бухарэст даказваў, што Зьмяіны востраў — ня больш чым скала, на якой Кіеў зусім нядаўна „пасяліў” некалькі дзясяткаў памежнікаў і навукоўцаў адмыслова дзеля таго, каб выйграць у Гаазе справу аб дэлімітацыі марской мяжы.

Выглядае на тое, што суд прыхіліўся больш да аргумэнтаў румынскага боку. Судзьдзя Разалін Хігінз, якая вяла справу, сьцьвердзіла ў судовым рашэньні, што ўлічваньне Зьмяінага востраву пры дэлімітацыі марской мяжы азначала б “юрыдычны перагляд геаграфіі”.

Багдан Аўрэску, юрыдычны прадстаўнік румынскага боку на судзе ў Гаазе, не хаваў свайго задавальненьня пасьля прысуду:

“Мяжа выразна разьдзяляе тэрыторыі, якія могуць быць выкарыстаныя Румыніяй і Ўкраінай. Гэта лепшая лінія для Рымыніі, чым яна магла атрымаць на перамовах, лепшая ад усяго, што Ўкраіна калі-небудзь Румыніі прапанавала”.

Паводле мапаў, якія апублікаваў інтэрнэт-рэсурс “Українска правда”, суд пастанавіў аддаць Румыніі каля 80 адсоткаў кантынэнтальнага шэльфу, якія яна хацела атрымаць як зону сваіх выключных эканамічных інтарэсаў.

Румынія падала на Ўкраіну ў Гааскі суд у 2004 годзе, пасьля таго, як шэсьць раўндаў міждзяржаўных перамоваў не прынесьлі ніякіх станоўчых вынікаў што да дэлімітацыі кантынэнтальнага шэльфу ў ваколіцы Зьмяінага востраву. Абодва бакі пагадзіліся, што пастанова Міжнароднага суду ААН у Гаазе будзе канчатковая і ніхто яе ня будзе аспрэчваць.

Экспэрты ацэньваюць, што ў кантынэнтальным шэльфе, за які змагаліся Кіеў з Бухарэстам, можа быць прыхавана 100 мільярдаў кубамэтраў газу і 10 мільёнаў тон нафты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG