Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня моладзі БНФ Франак Вячорка, актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Хведарук і Іван Шыла ня скардзяцца на ўмовы ў вайсковых частках, куды іх гвалтоўна прывезьлі. 7 лютага, падчас прыняцьця прысягі, іх зьбіраюцца наведаць сваякі і паплечнікі.

Зьміцер Хведарук
Зьміцер Хведарук трапіў у вайсковую частку чыгуначных войскаў у Жодзіна. Ягоны бацька лічыць бессэнсоўным скардзіцца на дзеяньні ўладаў. Ён паведаміў “Свабодзе”, што яму так і не паказалі ў ваенкамаце мэдычнае заключэньне, якое хутка напісалі мэдыкі 14-й менскай паліклінікі.

29 студзеня Зьмітра Хведарука затрымалі афіцэры міліцыі, якімі камандавалі людзі ў цывільным. Хлопца прывезьлі ў ваенкамат, а адтуль у міліцыю. Зьмітру паведамілі, што ён мусіць адседзець 10 сутак арышту за ўдзел у леташняй акцыі 1 траўня. Але судовую пастанову міліцыянты ня выканалі: праз суткі хлопца адвезьлі ў паліклініку, дзе ён адмовіўся здаваць аналізы, потым яшчэ суткі пратрымалі ў турме і адвезьлі ў вайсковую частку.

Бацькі так і ня высьветлілі, на якой падставе іх сына двое сутак трымалі ў турме.

Гаворыць Аляксандар Хведарук:

“У нядзелю мы бачылі яго. Нармальны здаровы хлапец. Пакуль. Усё нармальна. Паставіліся да яго добра. Ну, здароўе трошкі, галава крыху баліць… А так… Нармальна”.

Бацька кіраўніка салігорскай філіі “Маладога фронту” Івана Шылы лічыць, што калі Іван будзе прымаць прысягу, то няма сэнсу скардзіцца на парушэньне заканадаўства.

Іван Шыла

Івана Шылу
затрымалі дома. Дактары хутка, без абсьледаваньня, напісалі мэдычнае заключэньне, пасьля чаго вайскоўцы завезьлі хлопца нанач у ваенкамат Заводзкага раёну Менску. Адтуль яго павезьлі ў вайсковую частку пад Лепелем.

“Ён мне ўсё ж такі патэлефанаваў. Размова была, праўда, кароткая. Два разы недзе па 40 сэкундаў. Асаблівых скаргаў няма. Наконт абскарджваньня сёньня нават пакуль ня ведаю, што рабіць. Трэба параіцца з Іванам.

Тады, калі Івана забіралі ў войска, зь ім былі папярэднія ўмовы наконт стратэгіі дзеяньняў. А цяпер… Гэта здаецца проста, але ўсе гэтыя паходы ў пракуратуру… Глядзіш у вочы гэтым людзям і выдатна разумееш, што ты ім папросту замінаеш і што яны й так добра разумеюць, які будзе вынік“.

Вінцук Вячорка паведаміў, што меў кароткую размову з сынам Франкам. Ён запэўніў, што будзе працягваць абскарджваць дзеяньні вайскоўцаў і мэдыкаў з прызыўной камісіі, якія выконвалі загады людзей у цывільным.

Франак Вячорка
“На словах ён мне сказаў, што ў бытавым і псыхалягічным сэнсе ўсё нармальна, што ўлічваюць ягоныя абмежаваньні па здароўі. Для мяне як бацькі гэта ў першую чаргу важна ведаць у зносінах зь ім, бо што датычыць юрыдычнай усёй працы, то, безумоўна, я яе працягваю.

Ён не павінен быў быць у войску па стане здароўя і зь юрыдычных прычынаў. Пасьля 7 лютага ягоны статус і месца разьмяшчэньня можа нейкім чынам зьмяніцца“.

Прымаць прысягу Франак, Іван і Зьміцер будуць 7 лютага. Іх зьбіраюцца наведаць сваякі і паплечнікі. Яны спадзяюцца, што ім дазволяць папрысутнічаць на цырымоніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG