Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У міліцыі пікетоўцаў разьдзелі дагала


Васіль Токаранка, Кастусь Жукоўскі, Андрэй Цянюта ля суду Цэнтральнага раёну Гомелю.

Васіль Токаранка, Кастусь Жукоўскі, Андрэй Цянюта ля суду Цэнтральнага раёну Гомелю.

Сёньня ў Гомелі за арганізацыю шэсьця міліцыя затрымала трох актывістаў “Маладога Фронту” й стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”.

У Цэнтральным райаддзеле міліцыі падчас дагляду пікетоўцаў разьдзявалі дагала. А потым адвезьлі ў суд, дзе на іх наклалі астранамічныя штрафы.

На ходніку, які прылягае да Гомельскага пляцу Леніна, чацьвёра маладых людзей разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг і шасьцімэтровую расьцяжку.

Гаворыць удзельнік акцыі Андрусь Цянюта:

“Мы разгарнулі расьцяжку: „КДБ нас з працы гоніць — хто абароніць?“ Мы хацелі прыцягнуць увагу грамадзкасьці на тое, што ўлада, якая павінна ахоўваць сваіх грамадзянаў, звальняе людзей з працы, садзіць у турмы за іх палітычныя перакананьні. Мы ішлі да аблвыканкаму. Нас затрымалі міліцыянты. І супрацоўнікі ДАІ спрабавалі затрымаць. У дачыненьні асабіста да мяне склалі два адміністрацыйныя пратаколы — за супраціў міліцыі й за несанкцыянаванае шэсьце”.

У Цэнтральным райаддзеле міліцыі на ўдзельнікаў мірнай акцыі ня толькі склалі пратаколы, але й правялі пільны дагляд.

Апавядае Васіль Токаранка:

“Я такога нідзе ў Эўропе ня бачыў, каб чалавека распраналі цалкам — дагала! Распранулі дагала. У прысутнасьці нейкіх асоб у цывільным мяне нават прымусілі, прабачце, трусы зьняць. Вось да чаго дажыліся!”

Разам з удзельнікамі акцыі пратэсту затрыманы быў і актывіст стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Кастусь Жукоўскі, які толькі здымаў акцыю на відэакамэру:

“Я ўвогуле тут ні пры чым.
Улада скіравала рэпрэсіі ў іншае рэчышча. Яна пачала вялікія штрафы ні за што даваць.
Улада апусьцілася ўжо да таго, што хапае тых, хто здымае на сваю ўласную камэру шэсьце, мітынг ці вясельле якое. Хутка, пэўна, і вясельле ня здымеш. Я здымаў, як было шэсьце людзей у барацьбе за свае правы. Мяне павязалі й далі агулам штраф 100 базавых велічыняў — тры з паловай мільёны рублёў. Гэта проста жах — два пратаколы склалі. Улада скіравала рэпрэсіі ў іншае рэчышча. Яна пачала вялікія штрафы ні за што даваць”.

Складзеныя міліцыянтамі пратаколы ў апэратыўным парадку разгледзела судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка.

Андрэй Цянюта за несанкцыянаванае шэсьце й нібыта супраціў міліцыі аштрафаваны на 2 мільёны 800 тысяч рублёў, Васіль Токаранка — на 1 мільён 750 тысяч рублёў.

Судзьдзя Дамненка не зьвярнула нават увагі на патрабаваньне запрасіць у суд перакладчыка з расейскай мовы на беларускую альбо перадаць справу судзьдзі, які валодае беларускай мовай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG