Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дрэваапрацоўчая галіна на Гарадзеншчыне цярпіць ад дэвальвацыі беларускага рубля й падзеньня цэнаў на сваю прадукцыю ў заходніх краінах.


Намесьнік дырэктара Смаргонскага вопытнага лясгасу Аляксей Глускі кажа, што за апошнія два месяцы прадпрыемству давялося перажыць вельмі цяжкія моманты, зьвязаныя з сусьветным крызісам:

“Каго ён толькі не закрануў, гэты крызіс. У нас зьменшыўся экспарт у заходнія краіны. Наша прадукцыя не падаражэла, але з-за крызісу яны перасталі купляць”.

У Смаргонскім лясгасе працуе каля 500 чалавек. Каб не спыняць вытворчасьць, даводзіцца шукаць збыт прадукцыі на ўнутраным рынку. Спадар Глускі кажа, што пакуль аднавіць аб’ёмы паставак не атрымліваецца.

Кіраўнік невялікага прыватнага дрэваперапрацоўчага прадпрыемства ў Смаргоні, на якім працуюць 15 чалавек, спадар Віктар, кажа, што ў іх падобныя праблемы, толькі й на ўнутраным рынку заказчыкаў няшмат:

“Цэны зьнізіліся за мяжой, вось і ўсе праблемы. А на ўнутраным рынку наагул няма ніякага сэнсу пастаўляць прадукцыю, бо ўсе заводы прастойваюць”.

Кіраўнік дрэваапрацоўчага прадпрыемства ў Горадні, на якім працуюць 30 чалавек, спадар Мікалай кажа, што малым прадпрыемствам у гэтай сытуацыі выжываць лягчэй, але яны ўсё роўна цярпяць і абсалютна ня ўпэўненыя ў заўтрашнім дні.
сыравіну купляем па коштах, прывязаных да даляра, а прадаваць прадукцыю — толькі за беларускія рублі...

Спадар Мікалай спрабуе аналізаваць сытуацыю. Ён кажа, што найгорш для дрэваапрацоўшчыкаў тое, што сыравіну ім даводзіцца купляць па коштах, прывязаных да даляра, а прадаваць прадукцыю — толькі за беларускія рублі.

Спадар Мікалай: “У сёньняшніх умовах даводзіцца зьмяншаць даходную частку альбо заробак. Дакладней, пакінуць заробак на тым самым узроўні, але гэта таксама не заўсёды атрымліваецца. А ў даляравым эквіваленце ўсё роўна заробак зьмяншаецца”.

Спадар Мікалай лічыць, што ў крызісных умовах дзяржава нічога не зрабіла, каб палегчыць сытуацыю. На яго думку, варта было б скасаваць біржу, празь якую зараз ідзе набыцьцё сыравіны.

Спадар Мікалай: “Калі б быў свабодны продаж лесу ці таго ж піламатэрыялу лясгасам, як гэта было раней, то станавілася б зразумела, якая фармавалася б цана. А так я нават ня ведаю, колькі там “корміцца”, бо ўсё гэта праходзіць празь біржу, а там праслоек шмат, і цана атрымліваецца высокая, вельмі “шакалядная”.

Падсумоўваючы, спадар Мікалай робіць выснову, што дрэваапрацоўшчыкі ў сёньняшняй сытуацыі, калі яшчэ й працуюць, то толькі каб не спыняць вытворчасьці, а прыбыткаў практычна ня маюць.
XS
SM
MD
LG