Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эфір 31 студзеня.


Менск і Брусэль: наколькі наіўная Эўропа, наколькі наіўны беларускі рэжым -- пасткі і шанцы лібэралізацыі па-беларуску

Новы патрыярх рускай праваслаўнай царквы – нацыянальны інтарэс , міжнародны погляд, дзе сканчаецца вера і Бог і пачынаецца палітыка і дзяржава?


Гэтыя ды іншыя тэмы ў чарговым “Тыдні з Радыё Свабода” абмяркоўваюць: кіраўнік беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, аналітыкі Ян Максімюк, Юры Дракахруст і Браян Уітмар і супрацоўнікі службы Сяргей Абламейка, Алена Радкевіч і Сяргей Шупа


Пасткі і шанцы лібэралізацыі па-беларуску



Свабода на Белсаце



Лукашук:
Галоўнай падзеяй унутранай палітыкі Беларусі на гэтым тыдні стала дэманстратыўна гвалтоўнае пазбаўленьне волі шэрагу маладых людзей і прымусовая адпраўка іх на тэрыторыю, якая кругласутачна ахоўваецца часавымі з аўтаматамі і уваход-выхад зь якой строга рэгулюецца і кантралюецца. Я маю на ўвазе выкарыстаньне вайсковага прызыву дзеля пакараньня моладзевых актывістаў.

Галоўнай зьнешнепалітычнай падзеяй беларускага тыдня сталі перамовы беларускага міністра замежных справаў Сяргея Мартынава зь кіраўніцтвам Эўразьвязу -- Бэнітай Фэрэра-Вальднэр, камісарам Эўразьвязу ў пытаньнях вонкавых дачыненьняў і эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва, і міністрамі замежных справаў Чэхіі і Швэцыі – цяперашняга і наступнага старшыні Эўразьвязу. Ваш кароткі аналіз – гэты дзе падзеі на адным тыдні -- выпадковае супадзеньне -- ці прадуманы сыгнал?

Максімюк:
Гэта можа быць выпадковае супадзеньне, якое аўтаматычна набрала значэньня сыгналу. Сыгналу, так бы мовіць, перш за ўсю для ўнутранага спажываньня — не спадзявайцеся, вы, хто ў апазыцыі, зашмат на лібэралізацыю. Мы і так будзем рабіць, што хочам. Сам факт прызыву ў войска апанэнтаў рэжыму наўрад ці выкліча абурэньне Брусэлю — усё ж у войска бяруць і ў іншых краінах. Закон адзін на ўсіх. Іншая справа, што так, як гэта адбываецца ў Беларусі, са зьбіцьцём і кайданкамі — наогул не адбываецца ў Эўропе. Але гэта справа для праваабарончых арганізацый, а не для нейкага палітычнага дэмаршу чыноўнікаў Эўразьвязу. На жаль.

Дракахруст:
Мне здаецца, што гэта – пралічаны сыгнал. На думку некаторых, лібэралізацыя, якая зараз адбываецца – чыста касмэтычная. Але аўтарытарная ўлада і такія крокі лічыць для сябе рызыкоўнымі. Ня тое, што яна баіцца чагосьці канкрэтнага, можа і не, проста аслабіш лейцы, дык могуць і наагул вырвацца з рук. Да таго ж крызыс: досьвед народных хваляваньняў апошняга часу ў Афінах, Сафіі, Рызе і Вільні – трывожны званочак для беларускай улады.

Нездарма на гэтым тыдні Лукашэнка казаў: “У гэтай сытуацыі не на барыкады трэба ісьці, а ператрываць, перажыць, працуючы”. Ну каб не было спакусы ісьці на барыкады, ўлада вырашыла прадэманстраваць брутальнасьць. Прадэманстраваць кропкава, але пасланьне – усім палітычным актывістам і шырэй – усяму грамадзтву: калі што, будзем абыходзіцца, як з Франакам Вячоркам і Іванам Шылам, нягледзячы на ўсе лібэралізацыі. Ну і жанр перасьледу абраны адпаведны: як бы не палітычны перасьлед -- вайсковы абавязак, маўляў, хай паслужаць Бацькаўшчыне. Тое, што людзі маюць мэдычныя заключэньні, паводле якіх яны не падлягаюць прызыву, што іх выгналі за палітычную дзейнасьць з ВНУ, а Шылу дык нават школу не далі скончыць, гэта ў прапагандысцкім афармленьні як бы за дужкамі, маўляў, бачыце, косяць ад войска. Даволі падступны трук.

Лукашук: Мы вернемся да абмеркаваньня гвалтоўнага прызыву ў войска моладзевых актывістаў пазьней у нашай праграме. А зараз – пра візыт міністра Мартынава ў Брусэль. Я нагадаю, што мінула роўна палова “выпрабаваўча-выхаваўчага” паўгадавога тэрміну, дадзенага Зьвязам афіцыйнаму Менску – у кастрычніку летась на паўгода былі прыпыненыя эўрапейскія візавыя санкцыі адносна беларускіх кіраўнікоў. Ян, якія найважнейшыя вынікі перамоваў?

Але бакі напэўна гаварылі пра тое, што Менск можа зрабіць у бок лібэралізацыі палітычна-эканамічнага жыцьця, і які пернік можа атрымаць за гэта ад Брусэлю
Максімюк:
Найважнейшы вынік для мяне — гэта факт, што перамовы зь міністрам замежных справаў Беларусі адбыліся, што адбыліся яны ў Брусэлі, і што атмасфэра гэтых перамоваў была добразычлівая. Калі яшчэ такое было? Вы помніце? Пры нагодзе, міністар Мартынаў паказаў Эўропе, што і чыноўнікі Аляксандра Лукашэнкі няблага гавораць па-ангельску. Перамовы былі канфідэнцыйныя, а таму меркаваць пра тэмы і пра канкрэтныя дамоўленасьці даволі цяжка. Але бакі напэўна гаварылі пра тое, што Менск можа зрабіць у бок лібэралізацыі палітычна-эканамічнага жыцьця, і які пернік можа атрымаць за гэта ад Брусэлю.
Нагадаю, што Бэніта Фэрэра-Вальднэр, камісар Эўразьвязу ў пытаньнях вонкавых дачыненьняў і эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва, сказала журналістам пасьля перамоваў: „Зь Беларусьсю мы знаходзімся на паўдарозе. Але мы бачым, што яны робяць важныя крокі ў правільным кірунку”. Такія словы ня кажуцца так сабе. Яны сьведчаць аб тым, што бакі хочуць дамовіцца. Пра што канкрэтна? Па-першае, пра канчатковае зьняцьцё візавых санкцый супраць беларускіх урадоўцаў. І па-другое, пра далучэньне Беларусі да праграмы супрацоўніцтва, вядомай пад назвай Усходняга партнэрства.

Лукашук:
Юры, як можна ацаніць тое, што было зроблена беларускімі ўладамі за гэтыя 3 месяцы ў сэнсе той самай лібэралізацыі? І як гэтую “працу над памылкамі” ацэньваюць заходнія краіны і міжнародныя арганізацыі, кшталту Эўразьвязу і бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ?

Дракахруст: Зарэгістраваны “Рух за Свабоду” А.Мілінкевіча, вернутыя ў легальны абарот – у падпісны каталёг і ў шапікі -- “Народная воля” і “Наша ніва”. Прагучала абяцаньне ня ладзіць рэгістрацыю інтэрнэт-выданьняў, прадстаўнік міністэрства інфармацыі Генадзь Курбека паведаміў пра гэта на круглым стале «Самарэгуляваньне ў Байнеце», абяцаньне лібэралізаваць выбарчае заканадаўства. Палітвязьняў не зьявілася, агрэсіўны антызаходні тон дзяржаўных мэдыяў сьцішыўся. Нарэшце, створаныя шэраг рабочых групаў і кансультацыйных радаў пры дзяржаўных органах, у якія актыўна запрашаюць прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва. Ну вось з большага і ўсё, калі казаць пра грамадзка-палітычную сфэру.

Лукашук:
Юры ўжо прыгадаў гэтую цікавую і новую зьяву, новую тактыку ўладаў: запрашэньне вядомых прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва ў розныя кансультацыйныя дзяржаўныя рады. Палітык і эканаміст Яраслаў Раманчук і сацыёляг Андрэй Вардамацкі запрошаныя ў камісію па паляпшэньню інвэстыцыйнага іміджу краіны, рэдактар “Народнай волі “ Іосіф Сярэдзіч, рэдактар “Комсомольской правды в Белоруссіі” Алена Міронава і старшыня БАЖ Жанна Літвіна – у грамадзкую каардынацыйнаю раду ў сфэры СМІ, старшыня Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, старшыня ТБМ Алег Трусаў, лідэр незалежных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, эканамісты Станіслаў Багданкевіч і Леанід Заіка – у грамадзка-кансультатыўную раду пры адміністрацыі прэзыдэнта. Тэндэнцыя, аднак. І што яна азначае, для чаго гэта робіцца? Гэта пастка ці сапраўды нейкі інструмэнт уплыву на прыняцьце рашэньняў?

Вось наведвальнік нашага сайту Яўген Мурашка ацэньвае тых, хто прыняў гэтыя запрашэньні, надзвычай строга:

Уваход ў рэжымныя, так званыя "рады" прадстаўнікоў грамадзкай супольнасьці, ёсьць паляпшэньне іміджу рэжыму і здрада сваёй Бацькаўшчыне. Заўтра і Калякін з Лябедзькам пабягуць у нейкі камітэт, бліжэй да кармушкі

А як ацэньваеце гэта вы?

Максімюк: Мне тут прыгадваецца камэнтар, які адзін зь беларускіх інтэрнаўтаў прыслаў на паведамленьне, што ствараецца грамадзка-кансультацыйная рада па правах чалавека пры адміністрацыі прэзыдэнта, маўляў, яны там будуць гаварыць пра правы чалавека, і ўсе мы ведаем імя гэтага чалавека. Гэта дасьціпна і, як для мяне, вельмі аптымістычна. Беларусаў усё яшчэ не пакідае пачуцьцё палітычнага гумару, нават пасьля 14 гадоў, калі Беларусь была практычна пазбаўленая сапраўднай, так і хочацца сказаць, шматвэктарнай палітыкі.

Безумоўна, ад гэтых грамадзкіх камітэтаў і камісій пры чыноўніцкіх структурах толку можа быць мала, або і зусім нуль. Так бы мовіць, пагавораць і разыдуцца. Аднак сэнс у такіх камісіях усё ж ёсьць. Бо заўсёды застаецца шанец, нават адзін на сотню, што нехта да нечага разумнага прыслухаецца
Што я хачу гэтым сказаць? Безумоўна, ад гэтых грамадзкіх камітэтаў і камісій пры чыноўніцкіх структурах толку можа быць мала, або і зусім нуль. Так бы мовіць, пагавораць і разыдуцца. Аднак сэнс у такіх камісіях усё ж ёсьць. Бо заўсёды застаецца шанец, нават адзін на сотню, што нехта да нечага разумнага прыслухаецца. У кожным разе, для беларускай апазыцыі і, агулам незалежнай грамадзянскай супольнасьці, лепш ствараць такія дыскусійныя форумы з чыноўнікамі Лукашэнкі ў Менску, чым з чыноўнікамі Эўразьвязу у Брусэлі.

Дракахруст: Я лічу, што гэта ўсё станоўчая, хаця і не без пастак, зьява і што гэта новыя магчымасьці. Зразумела, ўлада тут датрымлівае свой інтарэс, і гэтая радабудоўля нагадвае будоўлю “пацёмкінскіх вёсак”. Зразумела, што ў значнай ступені гэта робіцца для таго, каб выканаць патрабаваньні Захаду, дакладней, каб зрабіць нешта бяскрыўднае і , можа, не рабіць нешта іншае, больш адказнае і рызыкоўнае. Магчыма, ёсьць і разьлік на тое, каб раскалоць незалежнае грамадзтва на больш памяркоўную і больш радыкальную (ці прынцыповую – тут ужо каму як) часткі.

Але ведаеце, вось у канцы 90-х гадоў шмат было размоваў пра дыялёг паміж уладай і апазыцыяй, паміж уладай і грамадзтвам. Ну дык вось гэтая цяперашняя радабудоўля і ёсьць у пэўным сэнсе такі дыялёг. Чым будзе кепска для Беларусі, калі ўлада паслухае сапраўдных прафэсіяналаў – такіх як, скажам, Багданкевіч, Заіка, Раманчук. Многія праблемы Беларусі зьвязаныя з тым, што ўлада нікога не хацела слухаць.

Тут што з чым параўноўваць. Калі з “каляровай” рэвалюцыяй – дык зразумела, што запрашэньні ў рады – гэта значна менш, чым перадача ўлады. Гэта значна менш, чым дыялёг як перамовы з апазыцыяй, як з палітычнай сілай, зараз улада сама выбірае сабе суразмоўцаў. Вінцук Вячорка ў інтэрвію нашаму радыё сказаў : “Гэта ня ёсьць паўнапраўны дыялёг, гэта ёсьць паказуха”. Гэта і сапраўды не раўнапраўны дыялёг, і гэта і насамрэч паказуха, але магчыма ня толькі яна. Праблема ў тым, ці мае апазыцыя тую самую сілу, каб прымусіць уладу зь ёй менавіта як з сілай размаўляць?

І мне знаецца, што калі параўноўваць цяперашнюю сытуацыю з ранейшай, то сядзеньне ў апазыцыйным гета, варэньне ва ўласным соку наўрад ці было справай больш прыемнай, больш спрыяльнай перамозе дэмакратыі і больш карыснай для Беларусі.

Лукашук: Практычнай ацэнкай, індыкатарам таго, як Эўразьвяз ацэніць вынікі “выпрабавальнага” тэрміну для афіцыйнага Менску, стане ня толькі рашэньне наконт візавых санкцый – скасоўваць іх, працягваць прыпыненьне ці аднаўляць іх дзеяньне, але і рашэньне, запрашаць ці не запрашаць Аляксандра Лукашэнку ў Прагу, на саміт кіраўнікоў Эўразьвязу і кіраўнікоў 6-ці краінаў, якім прапанаваная новая праграма супрацоўніцтва са Зьвязам -- Усходняе партнэрства. Дарэчы, пра гэтае партнэрства ішла размова і падчас перамоваў Мартынава з кіраўніцтвам Эўразьвязу.

У сваю чаргу лідэры апазыцыі, сустракаючыся на гэтым тыдні з амбасадарамі краінаў Эўразьвязу ў Менску, даводзілі , што "Лукашэнка не заслужыў запрашэньня ў Прагу". На Ваш погляд, ці прыслухаюцца кіраўнікі Зьвязу да гэтай парады? І шырэй – ці будзе Беларусі прапанавана далучыцца да партнэрства?

Максімюк: Шанцы Беларусі далучыцца да Ўсходняга партнэрства я ацэньваю даволі высока. Чаму? Па-першае, шмат сяброў Эўразьвязу бачыць улучэньне Беларусі ў гэтую праграму як свой палітычны прыярытэт. Па-другое, у гэтым годзе ў Эўразьвязе старшынююць Чэхія і Швэцыя — абедзьве краіны вельмі зацікаўленыя ў тым, каб далучыць Беларусь да Ўсходняга партнэрства. Калі ідэя не ажыцьцявіцца сёлета, дык яна можа не ажыцьцявіцца ўвогуле. Адчуваньне такое, што гэта разумеюць і ў Менску. Ёсьць шанец, які трэба лавіць.

Урэшце, у праграму прымаецца краіна, Беларусь, а не прэзыдэнт, як бы ён ні называўся. А Беларусь, як сказаў паэт, гэта вечна
Ёсьць і адна небясьпека для гэтага далучэньня. Гэта тое, што ў Беларусі пастановы прымае адзін чалавек, які зьяўляецца геніяльным палітычным тактыкам, але ніякім палітычным стратэгам. І ўсе мы ведаем імя гэтага чалавека. Калі ён надалей застанецца закладнікам сваёй палітычнае рыторыкі, дык нічога ня будзе. Колькі разоў мы ад яго чулі, што ў Эўропе ніхто Беларусі не чакае. Шмат разоў, можа з тузін. А тут на табе — чакаюць, і то яшчэ як, нават найдрабнейшыя каменьчыкі са сьцежкі прыбіраюць, каб выгадней было ў тую Эўропу крочыць. І прыплюшчваюць вочы на шмат што нягожае, што працягвае адбывацца ў Беларусі. Дык вось, калі Аляксандар Рыгоравіч знойдзе ў сабе сілу, каб перамагчы ўласную рыторыку, якой шмат каму ў Беларусі ён незваротна задурыў галаву, то ніякіх праблемаў у далучэньні да Ўсходняга партнэрства я ня бачу. Урэшце, у праграму прымаецца краіна, Беларусь, а не прэзыдэнт, як бы ён ні называўся. А Беларусь, як сказаў паэт, гэта вечна.

Дракахруст: Абмеркаваньне магчымасьцяў далучэньня Беларусі да партнэрства заняла значную частку часу брусэльскіх перамоваў кіраўніка беларускага МЗС. Мне здаецца, што Беларусь ўсе ж будзе запрошаная да ўдзелу ў гэтай праграме, і гэтак жа і Лукашэнка хутчэй за ўсё будзе запрошаны на саміт партнэрства ў Празе. Ідэя партнэрства нарадзілася не з таго, што дэмакратыя ў краінах, якім яно прапаноўваецца, дасягнула такой ужо высокай ступені сьпеласьці. Палітыка Расеі, эканамічны крызыс, меркаваньні эўрапейскай бясьпекі – вось матывы, паводле якіх супрацоўніцтва прапаноўваецца ня толькі Грузіі і Ўкраіне, але і Беларусі і Азэрбайджану. Запрашэньне на саміт партнэрства – гэта не ўзнагарода за посьпехі ў справе дэмакратызацыі, а вынік дзеяньня названых матываў.

Гэта ня значыць, што меркаваньні, якія тычацца ўзроўню дэмакратыі, ня маюць ніякага значэньня для Эўропы. Маюць, і зараз пэрспэктыва паездкі Лукашэнкі ў Прагу і скасаваньня санкцый выкарыстоўваецца як “пернік”, каб дамагчыся ад Менску саступак у гэтай сфэры. Але мяркую, што для далучэньня да партнэрства хопіць тых, у значнай ступені касмэтычных, саступак, якія Менск ужо зрабіў ці зьбіраецца зрабіць. Гэтага хопіць для нармалізацыі адносінаў. Але вось ужо для далейшага збліжэньня, для рэалізацыі ўсіх тых магчымасьцяў, якія прадугледжаныя партнэрствам, гэтага будзе відавочна недастаткова.

Лукашук: Працэсы, якія зараз адбываюцца ў грамадзкім жыцьці Беларусі, тояць новыя пасткі і адкрываюць новыя магчымасьці. Зьмены пакуль носяць з большага касмэтычны характар. Але так выглядае, што плён палітыка Эўропы, палітыка Захаду ўсё ж дае, “пернік” нармалізацыі адносінаў з Эўропай прымушае ўладу рабіць пэўныя крокі ці рабіць выгляд пэўных крокаў. Але ці прывядуць гэтыя крокі да сапраўдных зьменаў – залежыць ня толькі ад мастацтва заходняй дыпляматыі і гатовасьці беларускай улады, але найперш ад беларускага грамадзтва, гэта значыць, і ад паважаных слухачоў Белсату. Ці адбудзецца гэта – праз “Тыдзень з Радыё Свабода” на Белсаце вы даведаецеся пра гэта першымі.


Дзе сканчаецца вера і Бог і пачынаецца палітыка і дзяржава?



Свабода на Белсаце

У студыі наш калега, дасьледнік гісторыі царквы ў Беларусі Сяргей Абламейка, і аналітык цэнтральнай службы навінаў Браян Уітмар.
16-м патрыярхам Маскоўскім і Ўсяе Русі стаў мітрапаліт Смаленскі і Калінінградзкі Кірыл. На Памесным саборы ён набраў 508 галасоў, а кіраўнік справамі Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Калускі і Бароўскі Клімэнт – 169 галасоў. Яшчэ адзін прэтэндэнт – мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт зьняў сваю кандыдатуру да галасаваньня, заклікаўшы галасаваць за Кірыла. Сяргей, што можна сказаць пра асобу новага кіраўніка РПЦ?


Абламейка:
Гэта, безумоўна, выбітная асоба ў сучаснай расейскай царкве. Карыфэй. Я назаву толькі некалькі фактаў яго біяграфіі. Кандыдат багаслоўя ў 23 гады. У 24 гады – архімандрыт. У 28 гадоў – рэктар Ленінградзкіх духоўных акадэміі і сэмінарыі. У 29 гадоў – эпіскап. Тут нават быў парушаны канон, які дазваляе сьвяціць эпіскапаў толькі з 30 гадоў. У 25 гадоў, у пачатку 70-х, архімандрыт Кірыл ва ўсю езьдзіць па замежжы, прадстаўляючы РПЦ у экумэнічных структурах. Усе мы ведаем і разумеем, якая тады была плата за гэта – самы шчыльны кантроль з боку дзяржавы і спэцслужбаў. Руская царква стагодзьдзямі была падпарадкаваная дзяржаве.

У гэтай сувязі адзін незалежны расейскі камэнтатар днямі заўважыў, што калі Алексій ІІ быў разам з крамлёўскімі, дык Кірыл – адзін зь іх. Сапраўды, у Расеі шмат пішуць пра шматмільённы бізнэс Кірыла, сьцьвярджаюць, што ён ужо больш за 10 гадоў завязаны на імпарт тытуню, алькаголю, гандаль каштоўнымі мэталямі і аўтамабілямі, гульню на біржы і нават на незаконны промысел крабаў. Але ня маючы ў руках канкрэтных доказаў, мы ня будзем гаварыць аб гэтым.

адзін незалежны расейскі камэнтатар днямі заўважыў, што калі Алексій ІІ быў разам з крамлёўскімі, дык Кірыл – адзін зь іх
Затое мы можам сказаць, што яго абраньнем напэўна было выгадна Крамлю, Крэмль гэтага хацеў і дамагаўся. Аб гэтым сьведчаць шмат якія падзеі апошніх дзён. У прыватнасьці, былы міністар падаткаў і збораў Расеі Аляксандар Пачынок нядаўна заявіў, што да гандлю цыгарэтамі ў 90-я гады меў дачыненьне не Кірыл, а якраз яго супернік мітрапаліт Клімент. А падчас Памеснага сабору пракрамлёўскія моладзевыя рухі блякавалі подступы да сабору Хрыста Спаса, каб не дапусьціць туды праціўнікаў Кірыла.

Што да яго будучай палітыкі, то я б назваў яе цэнтрысцкай. Ад яго чакаюць рэформаў, асабліва на Захадзе, але той факт, як ён правёў сваю выбарчую кампанію, паказвае, што ён вельмі добры палітык. Ведаючы сытуацыю ў РПЦ, ён не налягаў на рэформы. Наадварот, ён выступіў з казаньнем у славутым Срэценскім манастыры, які ўзначальвае кансэрватыўны архімандрыт Ціхан Шэўкуноў, а таксама сустрэўся з двума старцамі з Троіцэ-Сергіевай Лаўры і Оптынай пустыні
.
Ну а ў казаньні на Каляды, замест духоўных разважаньняў, у прысутнасьці прэзыдэнта Мядзьведзева Кірыл “падставіў плячо” Крамлю, заявіўшы, што ў часы крызысу народ павінен падтрымаць уладу датрыманьнем спакою і цярплівасьцю.

Лукашук: Брайян, На Ваш погляд, на погляд заходніх дасьледчыкаў Расеі якіх зьменаў у палітыцы РПЦ можна чакаць у сувязі з гэтым абраньнем?


Уітмар:
На Захадзе няма асаблівых спадзяваньняў -- больш чаканьняў. Першае пытаньне -- якімі будуць стасункі новага патрыярха з Ватыканам. Гэта было праблемай, калі патрыярхам быў Алексій ІІ, а папам -- Ян Павал ІІ. Алексій быў рэзка супраць паляпшэньня адносінаў паміж РПЦ і Ватыканам. Многія аналітыкі лічыць, што з Кірылам і Бэнэдыктам збліжэньне больш рэальнае. Ня выключаная нават сустрэча паміж ім, паколькі абодва яны хочуць духоўнага адраджэньне -- і ў Расеі, і на Захадзе. Многія экспэрты лічаць, што яны могуць выступіць за гэтае адраджэньне разам.

Лукашук: Сяргей, а што думаеце вы наконт магчымых зьменаў у палітыцы РПЦ пры новым патрыярху?

Абламейка: Мірапаліт Кірыл 19 гадоў кіраваў аддзелам зьнешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага патрыярхату – фактычна, быў міністрам замежных спраў. Гэта значыць, што менавіта ён і вызначаў палітыку РПЦ у дачыненьнях з заходнімі цэрквамі, у тым ліку і з Каталіцкай. Так што, ня гледзячы на некаторыя аптымістычныя прагнозы на Захадзе – маўляў, новы патрыярх прынясе рэформы ў адносіны з Каталіцкай царквой і дасьць новы імпульс зьнешнім сувязям РПЦ – я б вялікіх пераменаў не чакаў. Цяпер шмат пішуць, што са сьмерцю папы-паляка адкрыліся новыя магчымасьці дачыненьняў РПЦ і Ватыкану. Сапраўды, РПЦ мае гістарычную алергію на палякаў.

А расейская тэлевізія будзе з захапленьнем паказваць рэпартажы з Італіі або Нямеччыны, расказваючы, як шмат італьянцаў і немцаў пачалі наведваць тамтэйшы новапабудаваны храм РПЦ
Але тут важна зразумець, што стварэньне нейкай малазначнай сумеснай камісіі з католікамі або абмен візытамі нават на самым высокі узроўні ня могуць зьмяніць нічога па-сутнасьці. Расея і яе царква заўсёды былі варожыя да Захаду. Такімі яны застануцца і пры новым патрыярху. Гэта значыць, што РПЦ будзе і далей пратэставаць супраць неіснуючага каталіцкага празелетызму ў Расеі, маючы на ўвазе факты, калі каталіцкія парафіі ў Сібіры прымаюць ў якасьці новых вернікаў і хрысьцяць няхрышчаных расейцаў. А расейская тэлевізія будзе з захапленьнем паказваць рэпартажы з Італіі або Нямеччыны, расказваючы, як шмат італьянцаў і немцаў пачалі наведваць тамтэйшы новапабудаваны храм РПЦ.

Лукашук: Сяргей, а зараз пытаньне да вас рубам. Што абраньне мітрапаліта Кірыла на патрыярха азначае для Беларусі?

Абламейка: Я мог бы адказаць на ваша пытаньне афарыстычна і вельмі коратка – нічога дрэннага і нічога добрага. Але ўсё ж фармат нашай перадачы і павага да гледачоў прымушаюць сваю думку патлумачыць.
Тут можна гаварыць пра дзьве Беларусі. Адна Беларусь – гэта дэнацыяналізаваны электарат прэзыдэнта Лукашэнкі. А другая, меншая частка – гэта нацыянальна сьвядомыя беларусы, у пэўнай ступені эліта народу і краіны. Для першай абраньне Кірыла нічога ня зьменіць. Ім нават лепш, што іх улюбёны мітрапаліт Філарэт застаўся ў Менску. Для нацыянальна сьвядомай Беларусі захаваньне статус-кво азначае далейшую страту часу, і страты культурныя. Для нацыянальнай Беларусі важна займець як мага большую аўтаномію і незалежнасьць праваслаўнай царквы ад Масквы. І тут самае дзіўнае, што Беларусь такую магчымасьць мела і не скарысталася ёй.

Для нацыянальнай Беларусі важна займець як мага большую аўтаномію і незалежнасьць праваслаўнай царквы ад Масквы. І тут самае дзіўнае, што Беларусь такую магчымасьць мела і не скарысталася ёй
Справа ў тым, што ў сёньняшніх умовах, як гэта не прагучыць дзіўна, рычаг кіраваньня Праваслаўнай царквой у Беларусі знаходзіцца ўжо не ў Маскве, але ў Менску. Іншая справа ў тым, ці хоча ім скарыстацца мясцовае царкоўнае кіраўніцтва. У сваёй прамове на Памесным саборы мітрапаліт Кірыл сказаў, што падчас распаду СССР, які ён назваў адзінай гістарычнай прасторай існаваньня РПЦ, пачаліся нацыяналістычныя хваляваньні і расколы. І вось каб адказаць на тыя выклікі, заявіў мітрапаліт Кірыл, РПЦ прыдумала інстытут самакіраваных цэркваў Маскоўскага патрыярхату ва Ўкраіне, у Малдове, Латвіі і Эстоніі. А Беларусь не назваў.

Дык вось, калісьці, у 90-я гады і беларускія праваслаўныя структуры разам з украінскімі атрымалі права называцца Беларускай Праваслаўнай царквой і займець свой Сынод. Так і ёсьць сёньня – і экзархат часам называюць царквой, і сынод ёсьць, а самакіраванай царквы няма. На Ўкраіне мітрапаліта абірае архірэйскі сабор УПЦ, а пасьля яго бласлаўляе патрыярх і зацьвярджае архірэйскі сабор РПЦ. А экзарха Беларусі выбірае ўсяго толькі Сынод РПЦ ў Маскве і зацьвярджае сваім указам патрыярх. І мітрапаліты ў тых краінах называюцца “Кіеўскі і Ўсяе Ўкраіны” або “Кішынёўскі і Ўсяе Малдовы”, а ў Беларусі – мітрапаліт Менскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. І прычына гэтага толькі адна – гэтага не захацеў сам мітрапаліт Філарэт. Будучы расейцам-патрыётам, сваю задачу ён бачыць якраз у захаваньні адзінства РПЦ і як мага больш шчыльнай прывязкі Беларусі да Расеі. Ну і ўлады Беларусі з 1994 году таксама большай незалежнасьці, як вядома, ня хочуць.

Так што, насамрэч мала значыць, хто патрыярхам у Маскве, значна больш важна, хто мітрапалітам у Менску. А тут, пры мітрапаліце Філарэце, якраз і захаваецца статус-кво. А гэта азначае, што Беларусь яшчэ доўга ня будзе мець сапраўды беларускай царквы.


Тыдзень вачыма вядучых Радыё Свабода



Тыдзень з Радыё Свабода

Лукашук:
Якія навіны, тэмы, асобы і праблемы мінулага тыдня падаліся найбольш важнымі журналістам Свабоды? Сёньня свае меркаваньні прадставяць Алена Радкевіч і Сяргей Шупа. Алена, Вашы галоўныя падзеі тыдня?

Радкевіч: Я б адзначыла на гэтым тыдні крэатыў сілавых структураў: "прызыў" маладых палітычных актывістаў у войска і таксама крэатыў віцебскай міліцыі, пра які я распавяду крыху пазьней.

Лукашук: Сяргей, а што прыцягнула Вашую ўвагу?

Шупа:
Калі адцягнуцца ад актуаліяў і зазірнуць у вечнасьць -- гэта 15-я гадавіна з дня сьмерці Алеся Адамовіча. Адамовіч быў асобай, якая нават не зьмяшчалася ў беларускі кантэкст, ён быў шырэй за Беларусь і ўсё ж заставаўся беларусам. Цікава, я бы ён зараз камэнтаваў новую беларускую рэчаіснасьць.

Лукашук:
Алена, давайце пачнём з Віцебску. Што там за цуды галоснасьці і празрыстасьці?

Радкевіч:
Віцебская міліцыя прыдумала спосаб зваротнай сувязі з грамадзянамі. Зараз у Віцебскай вобласьці на крамах, на паштовых аддзяленьнях вісяць скрыні, празь якія грамадзяне могуць паскардзіцца на правапарушальнікаў. Самае цікавае, што гэтыя скаргі могуць быць ананімнымі і міліцыя абавязаная правяраць іх усе. І ўжо ёсьць першы аналіз гэтых скаргаў: скардзіліся на тых, хто незаконна прадае алькаголь, на сямейных скандалістаў. Але, як высьветлілася, значная частка гэтых скаргаў -- гэта проста зьвядзеньне асабістых рахункаў.

Ананіма не прыцягнеш да адказнасьці за паклёп, і цалкам прыстойны чалавек, якога аблілі памыямі, будзе вымушаны апраўдвацца. Дарэчы, на гэтым жа тыдні ў Менску адбылася прэсавая канфэрэнцыя прадстаўніка падатковага міністэрства. Сярод іншага гутарка ішла пра тое, што цяпер у Менску людзі, якія здаюць кватэры на суткі, будуць плаціць падатак. І прадстаўнік міністэрства з гонарам гаварыў пра тое, што летась такіх вось кватэраздатчыкаў было выяўлена на 3 тысячы болей, чым пазалетась. І на пытаньне, адкуль была атрыманая інфармацыя пра іх, ня тоячыся адказаў, што гэта даносы суседзяў. Так што даносы ў якасьці апэратыўнай інфармацыі для дзяржаўных і сілавых структураў, робяцца ня толькі звыклай практыкай, але і ўсяляк стымулююцца.

Лукашук: Сяргей, Алесь Адамовіч -- што ў яго спадчыне і ў тым, як яго памятаюць, падаецца важным сёньня?

Шупа:
Самае важнае, пра што варта было б задумацца -- гэта ягонае маўчаньне апошнія 15 гадоў. Уяўляецца, што ён шмат што мог сказаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі і вакол яе. Ён ня быў бы староньнім назіральнікам, а актыўным удзельнікам працэсаў, што адбываюцца ў сьвеце. Ён мог бы стаць годным суразмоўцам у спрэчках Гантынгтана і Фукуямы пра лёс сьвету і пра чалавека. Цікава, як бы разьвівалася ягоная думка ва ўмовах інфармацыйнага грамадзтва. Ён пісаў пра "магнітафонную літаратуру", але тэхналёгія зрабіла некалькі велізарных крокаў за гэты час. Якія б думкі ў Адамовіча спараджала сёньняшняя сытуацыя, дзе тэхналёгія і грамадзкае жыцьцё перапляліся так шчыльна, што іх цяжка разьдзяліць.

Лукашук: Алена, напачатку праграмы мы сказалі, што галоўнай падзеяў унутранага жыцьця ў Беларусі стала дэманстратыўна-гвалтоўнае зьмяшчэньне моладзевых актывістаў на тэрыторыю, якая кругласутачна ахоўваецца часавымі з аўтаматамі і уваход выхад зь якой строга рэгулюецца і кантралюецца. Я маю на ўвазе гвалтоўны прызыў у войска. Вы назвалі гэта галоўнай падзеяй тыдня. Чаму?

ўсе яны -- не спадчынныя прынцы апазыцыйнай арыстакратыі, яны сталі лідэрамі моладзі з прычыны сваіх асабістых якасьцяў . Я думаю, што і ў войску яны будуць карыстацца ня меншым аўтарытэтам, чым карысталіся ў сваіх моладзевых асяродках
Радкевіч:
На гэтым тыдні сканчаецца прызыў у войска і зрэшты ў тым, што маладыя людзі прызываюцца ў войска, няма нічога надзвычайнага. Тысячы людзей паводле закону пайшлі служыць у войска, але ж і тысячы людзей паводле гэтага ж закону былы вызваленыя ад вайсковага абавязку ці атрымалі адтэрміноўку ад яго. Маладыя людзі, пра якіх мы вядзем гутарку -- гэта і Франак Вячорка, і Іван Шыла, і Зьміцер Федарук -- ня толькі былі пазбаўленыя магчымасьці скарыстацца другой часткай закону, якая дае магчымасьць адтэрміноўкі ці вызваленьня ад прызыву, але гэтая частка ў адносінах да іх была груба парушаная. Бо паводле закону яны мелі поўнае права не пайсьці ў войска.

Я асабіста ня вельмі хвалююся за лёс гэтых маладых людзей у войску. Бо ўсе яны -- не спадчынныя прынцы апазыцыйнай арыстакратыі, яны сталі лідэрамі моладзі з прычыны сваіх асабістых якасьцяў . Я думаю, што і ў войску яны будуць карыстацца ня меншым аўтарытэтам, чым карысталіся ў сваіх моладзевых асяродках. Справа з тым, што ў адносінах да іх быў беспрэцэдэнтна парушаны закон, бо да сёньняшняга дня ў кайданах ніколі ў войска нікога не дастаўлялі.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG