Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі сьвяткаваць дзень беларускага студэнцтва?


Агляд некаторых публікацыяў недзяржаўных газэтаў за панядзелак.

“Белорусы и рынок”. Айчынныя аўтагіганты – БелАЗ і МАЗ – знаходзяцца ў крытычнай залежнасьці ад замежных вытворцаў матораў. На мінулым тыдні Беларусь наведалі прадстаўнікі вядомай амэрыканскай кампаніі “Сaterpillar”, вытворцы дарожна-будаўнічай і горназдабываючай тэхнікі. Гэта кампанія атрымала запрашэньне прэм’ера Сідорскага аб супрацоўніцтве на Лёнданскім інвэстыцыйным форуме. У Менску спадар Сідорскі заявіў, што беларускае кіраўніцтва гатова абмеркаваць з амэрыканскай кампаніяй пытаньні фінансаваньня сумесных праектаў. Амэрыканцы пакуль не адказалі згодай. Артыкул называецца “А ў адказ – цішыня…” Віцэ-прэзыдэнт Майк Баўнтан пакуль толькі падзякаваў прэм’еру за запрашэньне наведаць Беларусь.

“Новы час” абмяркоўвае пытаньне “Калі варта адзначаць дзень беларускага студэнцтва?” Аўтар артыкулу Аляксей Хадыка прапануе падумаць аб даце заснаваньня Віленскага ўнівэрсытэту. Дарэчы, сёлета будзе адзначацца 430-годзьдзе Віленскага ўнівэрсытэту, кажа галоўны рэдактар “Новага часу” Аляксей Кароль:

“1 красавіка 1470 года вялікі князь Стэфан Баторы (ці Сьцяпан Батура) выдаў прывілею зацьвярджэньня за Езуіцкім калегіюмам статусу ўнівэрсытэту. Сярод выпускнікоў – Мялецій Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, і студэнты – заснавальнікі таварыства філяматаў і філярэтаў , паэты, пісьменьнікі , грамадзкія дзеячы – Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ходзька. У Віленскім унівэрсытэце ў працах Баброўскага і Даніловіча ў ХІХ стагодзьдзі нараджалася гістарычнае і тэарэтычнае разуменьне беларускай дзяржаўнасьці, актуальнае і па сёньня”.

“Вечерний Брест”. Рэзыдэнт Свабоднай эканамічнай зоны “Брэст”, сумеснае прадпрыемства “БелТрансОйл” праводзіць лякальны экспэрымэнт па выкарыстаньні энэргіі ветру. Паўтара гады таму на аўтазапраўцы побач з памежным пераходам “Казловічы” усталявалі сучасную паветраную турбіну, вятрак. Прынцып дзеяньня ўстаноўкі просты: кінэтычная энэргія ветру пераўтвараецца ў электрычную. У зьвязку з ростам кошту на энэрганосьбіты цікавасьць да ветрака надзвычай вялікая. Падобную турбіну плянуюць усталяваць ў паляўнічай гаспадарцы Івацэвіцкага раёна. Латвійская кампанія “Bio plast” рэалізуе ў Беларусі інвэстыцыйны праект па стварэньні ветрапарку – у пасёлку Волма плянуецца ўсталяваць 14 ветрагенэратараў агульнай магутнасьцю 14 мэгават.

“Вечерний Брест” публікуе таксама артыкул супрацоўніцы Генэральнага кансуляту Рэспублікі Польшча ў Берасьці Эльжбэты Ксёнжак “Трагедыя апошняга караля” – пра Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які родам зь вёскі Волчын Камянецкага раёну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG