Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька судовым выканаўцам: “Не чапайце ката Цішку”


Сёньня да лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі могуць прыйсьці судовыя выканаўцы, каб апісаць хатнюю маёмасьць палітыка.


Анатоль Лябезька жыве на вуліцы Лесі Ўкраінкі – гэта ў менскім мікрараёне “Вясьнянка”. Звычайная трохпакаёўка ў панэльным доме, звычайная карпусная мэбля, тэлевізар, лядоўня. Сёньня у кватэру Лябедзькаў могуць пазваніць старэйшы судовы выканаўца Яўфіменка і з ёй міліцыянты, якіх накіруе начальнік міліцыі Цэнтральнага раёну. Што такі візыт заплянаваны, вынікае зь ліста з пазнакай “тэрмінова”, які палітык атрымаў напярэдадні. “Суд Цэнтральнага раёну Менску паведамляе вам, што 02.02.2009 году адбудзецца вопіс і адабраньне маёмасьці, якая належыць Лябедзьку А.В”.

Паводле закону маёмасьць могуць апісаць, а потым і забраць для пакрыцьця запазычанасьці. За што і колькі вінны апазыцыянэр Анатоль Лябедзька беларускай дзяржаве?

Адказваючы “Свабодзе” на гэтае пытаньне, спадар Лябедзька папярэдзіў: апошнім часам кожны дзень атрымлівае пра свае нібыта даўгі новыя зьвесткі.

“Спачатку ў мяне было адчуваньне, што гэта зьвязана з Эўрапейскім маршам, бо гэта не першая падобная позва і ўсе яны былі зьвязаныя з маршам. Але зараз мне сказалі, што гэта зьвязана з аплатай майго харчаваньня ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна летась у верасьні. Але гэта не адпавядае рэчаіснасьці, бо ў верасьні я быў на волі, чым вельмі цешуся”.

Паводле Анатоля Лябедзькі, штраф у 2 мільёны рублёў, які накладзены на яго, а таксама на іншых палітыкаў разам за Эўрапейскі шлях кастрычніка 2007-га году даўно аплачаны. Што да турмы на Акрэсьціна, то спадар Лябедзька згадаў: ён адбыў 15 дзён ў ізалятары яшчэ ў студзені мінулага году. Паводле зьвестак, за харчаваньне яму выставілі рахунак у 60 тысяч рублёў. Гэта – менавіта тыя грошы, з-за якіх у яго зьбіраюцца апісаць маёмасьць, ці нейкія іншыя, палітык дагэтуль ня ведае.

Зьбіраюся зьвярнуцца да Генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча
“Зьбіраюся зьвярнуцца да Генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча, каб ён навёў парадак з гэтымі справамі аб спагнаньні. Бо мала таго, што я лічу рашэньні незаконнымі. Але нават у такім выпадку: у паперы мусілі пазначыць, якое рашэньне суду, колькі я вінны, каму. А то ж нічога няма – забярэм маёмасьць і ўсё”.

Старэйшая судовая выканаўца Цэнтральнага суду Менску Сьвятлана Яўфіменка на маю просьбу паведаміць, колькі грошай і за што вінны Анатоль Лябедзька, адказала наступнае.

“Ведаеце, гэтую інфармацыю мы даем толькі бакам. Калі вы зьяўляецеся ягоным прадстаўніком, пакажыце даверанасьць і тады можаце азнаёміцца са справай”.

Што ў хаце Анатоля Лябедзькі ёсьць такога, чаго ён сапраўды баіцца згубіць? Мэбля, тэлевізар, кампутар? Палітык сказаў, што найбольш даражыць катом Цішкам і вельмі спадзяецца – мурлыку ўсё ж не апішуць судовыя выканаўцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG