Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Новікава: “Ня бойся быць падманутым”


Марыя Новікава
Марыя Новікава
Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Марыя Новікава — адзін зь пераможцаў абвешчанага нашым Радыё конкурсу бардаўскай песьні, які толькі што завяршыўся. Намінацыя, дзе Марыі не было роўных, называлася “Свабода на барыкадах”.

Спадарыня Новікава закончыла музычную вучэльню ў Наваполацку, затым — сталічны пэдунівэрсытэт імя Максіма Танка, цяпер працуе ў школе мястэчка Самахвалавічы, што пад Менскам. Адначасова ўжо тры гады яна — арганістка вядомага на ўсю краіну Чырвонага касьцёлу.

Цягам тыдня Марыя Новікава разважала ў ранішнім эфіры пра тое, як няпроста, а часам пакутліва людзі — маладыя і старэйшыя — шукаюць сэнс жыцьця. А напрыканцы яна даручыла свабодаўцам дасьледаваць тэму, сфармуляваную вельмі лапідарна: “Талент жыць”.


Формула як надзвычай сьціслая, гэтак і складаная — пра тое казалі літаральна ўсе нашыя суразмоўцы. А першай сярод іх стала гарадзенская паэтэса Ала Петрушкевіч. Зь ёй гаварыў журналіст Сяргей Астраўцоў.

Паэтэса Ала Петрушкевіч: “Мы павінны выбраць — умець наладзіць жыцьцё самі з сабой, або жыць зь людзьмі і пастаянна мець небясьпеку, што хтосьці табе здрадзіць”

Петрушкевіч: “Талент жыць — гэта знайсьці нейкую пэўную гармонію, гэта ўмець маліцца за сваіх ворагаў… Я ўжо да гэтага дайшла — умець думаць, што ў цябе гэтых ворагаў няма. І, ведаеце, такое мяшчанскае, прымітыўнае — умець схавацца, умець падумаць, што героям — дарога герояў. Умець думаць, што тыя, хто на гэты шлях усталі, сапраўды героі, і за іх маліцца. І ведаць, што ў цябе нейкі іншы шлях”.

Міжволі ў размове ўзьнікае слова “сумленьне”: як жыць паводле яго?

Петрушкевіч: “Канечне, гэта такая катэгорыя, якая даўно маральна састарэла, кожны разумее яе па-свойму, і ў ніякім разе не скажу, што я ніколі не грашу. Але тое, што я лічу сумленьнем, — я імкнуся жыць зь ім у згодзе, і пасьля я думаю, што дажыўшы да такога веку, як мы з вамі, мы з вамі недзе з аднаго пакаленьня, трэба ўжо стварыць для сябе свой рай, свой нейкі куточак, лецішча, куды ты ўцякаеш: дамок драўляны, і сосны відаць. І вось трэба, каб у чалавека быў такі рай, дзе ніхто на тваю тэрыторыю ня зойдзе, дзе ты сам вольны. Вось для мяне гэта шчасьце, я навучылася жыць, я лічу”.

Шчасьце — гэта таксама стварыць свой сьвет.

Петрушкевіч: “І канечне нешта ўрываецца ў гэты сьвет, трэба нейк сябе так паставіць, каб абараніцца, каб не ўрываліся ў твой сьвет чужыя людзі. А гэта значыць — трэба навучыцца жыць з сабой. І я навучылася жыць сама з сабой, у мяне няма ніякіх сяброў, толькі калегі. З другога боку, да мяне ў хату ніхто ніколі ня прыйдзе і я ніколі ні да кога не прыйду. Гэта значыцца: мы павінны выбраць — быць шчасьлівымі самі з сабой, умець наладзіць жыцьцё самі з сабой або жыць зь людзьмі і пастаянна мець небясьпеку, што хтосьці табе здрадзіць, хтосьці цябе абразіць, што нехта расчаруе”.

Гарадзенскі гісторык Алесь Краўцэвіч працягвае тэму.

Алесь Краўцэвіч
Краўцэвіч: “Калі гаварыць пра тое, што такое быць чалавекам, натуральна, гэта жыць па законах боскім і чалавечым, па законах маралі. Самае галоўнае — мець сілы гэтыя законы выконваць. Я памятаю ўнівэрсытэцкія гады, хачу зьвярнуць увагу, што стукачамі ў нас былі людзі слабыя, якія дрэнна вучыліся, каторым трэба было выжываць ва ўнівэрсытэце: яны ішлі на пагадненьне з сумленьнем, і іх вэрбавалі. Жыць па сумленьні ад чалавека патрабуе шмат сілы. Быць чалавекам — гэта значыць мець сілу жыць па сумленьні, гэта самае галоўнае. Таму што ўсе мы ідзем на кампрамісы ў жыцьці, але ёсьць пэўная мяжа. І асабліва ў нашай краіне зараз жыць па сумленьні, каб рабіць так, як ты думаеш і гаварыць тое, што думаеш, трэба вельмі шмат сілы”.

А што такое, паводле Алеся Краўцэвіча, талент жыць?

Краўцэвіч: “Іншая справа — талент жыць. Я ня ўпэўнены, што гэтым талентам валодаю, але для мяне гэта — калі чалавек нешта стварае. Проста жыць фізыялягічна, блізка да жывёлы, шукаць ежу, цёплую адзежу, дбаць усё жыцьцё пра цёплае жыльлё — гэта ўсё-ткі ня талент жыць. Мне здаецца, што чалавек павінен нешта ствараць, і тады ён сваё жыцьцё рэалізоўвае. І калі ад гэтага ён адчувае яшчэ радасьць жыцьця, то натуральна, што гэта і ёсьць — талент жыць”.

Камэнтуе Марыя Новікава:

— Вір жыцьця зямнога тваё жыцьцё хавае з галавой.
Але з табой — сьвятло крыжа сьвятога
І рух далоні Божай над табой…
Крыжы і крыжаванкі — скрыжаваньне…
Ты зноў на ім разгублена стаіш.
Пытальнікі… Пакутнае пытаньне
Ды клічнікам над лёсам зьзяе крыж.
А дзён табе адмерана ня многа,
І ў неба ты з малітваю глядзіш.
Пасьпець бы да крыжа прыйсьці сьвятога
І пад сьвяты з надзеяй легчы крыж…
Шлях чалавечы — хутка завяршэньне.
Час выбіраць — даволі жыць паміж.
Ты выракся зямнога ўзвышэньня
І вось цяпер — узьнесены. На крыж…

Быць чалавекам — значыць пачуць голас Бога. Адкрыць сваё сумленьне. Знайсьці сябе і быць верным сваёй веры.

Быць чалавекам — значыць бараніць сваю годнасьць.

Быць чалавекам — пакліканьне і дар.

Выбірай: кім будзеш?


Музыка Алег Хаменка: “Што тычыцца чалавечнасьці, то, безумоўна, гэта пачуцьце прыходзіць толькі да людзей, калі яны самі адчуюць якое-небудзь гора”

Нагадаю: грамадзкі рэдактар тыдня пэдагог зь мястэчка Самахвалавічы, што пад Менскам, Марыя Новікава замовіла нашым журналістам падрыхтаваць перадачу на тэму “Талент жыць”. І, у прыватнасьці, разабрацца ў тым, дзе палягае мяжа паміж чалавечнасьцю і стратай чалавечага аблічча.

Гэтае філязофскае пытаньне я задавала сьвятарам, музыкам і філёзафу. Пытаньне падалося літаральна ўсім надзвычай складаным — усе мае суразмоўцы не адразу пагаджаліся нават паразважаць, прасілі час для роздуму…

Філёзаф Валянцін Акудовіч зьвярнуўся да Старога запавету. Бо для шчырых вернікаў, на ягоную думку, мяжа паміж чалавечнасьцю і стратай чалавечнасьці палягае там, дзе Бог:

Валянцін Акудовіч
“Я хацеў бы запытацца ў спадарыні Марыі, як яна, вызначыўшы праблему гэтай мяжы, ставіцца да таго, што Бог усясьветным патопам зьнішчыў усё чалавецтва, пакінуўшы толькі Ноя? І яшчэ: калі Бог з усімі — і дарослымі грэшнікамі, і немаўлятамі, зьнішчыў два гарады — Садом і Гамору, ці быў ён чалавечным? Яшчэ адзін прыклад зь Бібліі, які мяне ўся жыцьцё найбольш уражвае, гэта сытуацыя з Аўраамам. Бог наўпрост сказаў Аўрааму, каб той узяў нож і забіў свайго адзінага любімага сына. Аўраам бярэ нож і ідзе рэзаць, як авечку, свайго ўлюбёнца. І толькі ў самы апошні момант Бог стрымлівае руку Аўраама… Нават калі Бог толькі хацеў праверыць, наколькі моцная вера Аўраама, ці па-чалавечы ён паступіў, аддаўшы яму такі загад?

Усё ж такі мяжу паміж чалавечнасьцю і стратай чалавечнасьці паклаў калі ня сам стары Бог, дык ягоны сын Ісус. Сфармуляваў ён гэта ў слыннай Нагорнай казані ў тых дзесяці запаветах. Для мяне гэта мяжа праходзіць праз галоўны запавет Ісуса: не забі. Тут мяжа. Усё астатняе размыта, а тут гэта адзіная выразная абсалютна канкрэтная мяжа: не забі“.

Музыка, лідэр фольк-рок-гурту “Палац” Алег Хаменка выказаў такое меркаваньне:

“Што тычыцца чалавечнасьці, то, безумоўна, гэта пачуцьце прыходзіць толькі да людзей, калі яны самі адчуюць якое-небудзь гора. І вось тады наступае момант, калі чалавек гэтак жа перажывае ня толькі за сваё, але і за тое, што адбываецца ў кагосьці. Гэта такая зьява, што ці яна ёсьць у чалавека, ці яе няма”.

А вось мяжа паміж чалавечнасьцю і стратай чалавечнасьці — дзе яна палягае?

“Там няма мяжы. Дык яе і ня можа быць, як мне падаецца. Ці яна ёсьць, ці яе няма. То бок няма мяжы. Дрэва ёсьць, ці дрэва няма. Мяжа, можа быць, пень?

Можа быць… Але дрэва ёсьць ці яго няма. Сонца ёсьць ці яго няма. Ну можа быць вечар, але, мне здаецца, гэта тут і не разглядаецца”.

На думку праваслаўнага сьвятара айца Сергія Гардуна, мяжы паміж чалавечнасьцю і стратай чалавечнасьці няма. Няма таму, што, на шчасьце, зусім страціць чалавечнасьць немагчыма. Цалкам страціць, да канца, беззваротна…

“Чалавек створаны па падабенству Божаму. І чалавечнасьць — гэта адбітак, адлюстраваньне ў чалавечай прыродзе Божых уласьцівасьцяў, такіх, як любоў, міласэрнасьць, розум, творчыя здольнасьці, бесьсьмяротнасьць. Але, з другога боку, чалавечая прырода пашкоджаная грахом. Грэх пранік у яе праз д’ябла, праз сатану. І таму чалавек падпадае пад спакусы граху і пастаянна стаіць перад выбарам: жыць яму паводле запаведзяў Божых альбо, як кажа апостал Павал, паводле стыхій сьвету гэтага, князем якога зьяўляецца д’ябал. Каб былі мы больш чалавечнымі, для гэтага Бог і даў нам свой закон, свае запаведзі. І чалавек, які ў кожнай сытуацыі робіць свой выбар на карысьць Бога — ён узрастае ў чалавечнасьці. І наадварот. Мне здаецца, што з хрысьціянскага пункту гледжаньня, там, дзе ёсьць вера ў Бога, там няма роспачы, няма адчаю, там чалавек ня можа да канца згубіць сваёй чалавечнасьці.

Камэнтуе Марыя Новікава:

Няпроста заставацца чалавекам. Лёгка чытаць дэклярацыі. Яшчэ лягчэй з разумным выглядам абвяшчаць з трыбуны: “Будзь такім, не рабі таго…”

Але вось ты сам стаіш перад выбарам. Раптам трапляеш у сытуацыю, калі ты здаеш іспыт. Экзамэн чалавечнасьці. Часам мы баімся выказаць сваю думку, паказаць сваю нязгоду. Баімся быць вельмі нязручнымі, закрануць нечыя ўладныя інтарэсы.

Падаецца: змаўчу ціхенька, а з сумленьнем неяк дамоўлюся…

Нельга маўчаць! Чалавек ня мае права згадзіцца на подласьць. І не паддавайцеся на правакацыі, калі гавораць: “Усё вырашана, ты нічога ня зьменіш…”

Бог даў нам свабодную волю. Даў нам шанец свабодна выбраць чалавечнасьць.

…Мы трубы ў жыцьцёвым аргане.

Наш голас — Пан Бог настроіў.
Мы кропкі на нотным стане.
Мы ноты. Мы — не героі.
Прадвызначаныя вышыні.
Мы партыі ведаем цьвёрда.
Слухмяна ў жыцьцёвай плыні
Чарговым гучым акордам.
Усё вырашана да веку?
Ды там, на мяжы апошняй,
Пачуюся чалавекам
І раптам адчую: можна…
І грымне мой гук — дыезам,
І зьменіць танальнасьць п’еса…


Сьпявачка Руся: “Чалавек нараджаецца з шанцам. Толькі добры той шанец ці ня вельмі? Пытаньне! Бо ты даеш жыцьцё — а жыць, ведаеце, складаная праца…”

Шмат хто сьцьвярджае, што прагрэс і дынаміка сучаснага жыцьця ідуць не на карысьць духоўным каштоўнасьцям, — наадварот, робяць нашае існаваньне больш камфортным у сэнсе побыту, і адначасова больш аморфным у сэнсе чалавечнасьці. У чым паратунак ад чэрствасьці, раўнадушша і абыякавасьці?

На думку мастака Аляксея Марачкіна, кіраўніка Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, ратуе ў жыцьці, дапамагае адчуваць сябе гарманічна мудрае стаўленьне да благога і добрага:

Аляксей Марачкін
“Прытча не прытча, нейкі гэткі мудры абразок. Да старца падышоў малады чалавек і запытаўся: „Скажы мне, старац, чым ёсьць жыцьцё, які яго сэнс?“ Старац папрасіў, каб той сарваў ружу. Удыхнуў арамат зь відавочнай асалодай. І малады чалавек таксама. А потым старац паказаў юнаку сваю нагу — усю ў рубцах і язвах, страшную і нямоглую. І сказаў: „Вось гэта і ёсьць жыцьцё“. То бок, жыцьцё складаецца з рознага: і са станоўчых нейкіх, радасных пазытыўных эмоцый, але гэта побач знаходзіцца і нечым страшным. І гэта страшнае, на жаль, заўсёды недзе побач можа падсьцерагаць чалавека. Таму не забываць трэба ўдыхаць гэтай ружы, арамат квецені, заўважаць тое, што цябе натхняе”.

І фізычна, і псыхалягічна найбольш багатай і шчодрай на станоўчыя эмоцыя ёсьць наш родны кут. Чым далей ад шуму, тлуму, мітусьні мэгаполісаў удаецца адпачываць чалавеку, тым болей у яго шансаў падтрымліваць свой настрой і душэўны стан у цудоўнай форме, кажа Аляксей Марачкін:

“Лес, рэчка, трава, сьпевы птушак і шум ветру ў галінах соснаў, бяроз. Калі я слухаю гэтую музыку, то ў мяне такое адчуваньне, што і мільёны-мільёны гадоў назад музыка была такая самая і людзі нават тым самым апаратам гэта ўспрымаюць. І гэта нас ачышчае”.

А вось мастак Уладзімер Басалыга лічыць: для творцы важнае значэньне ў сэнсе адчуваньня сябе важнай адзінкай сусьвету адыгрывае дыялёг, узаемаразуменьне з гледачом:

“Каб было ШТО сказаць і каб было яшчэ жаданьне выказаць гэта, падзяліцца з людзьмі”.

“А калі не сакрэт, для Вас асабіста крыніца натхненьня — гэта што”?

“Ведаеце, можна, я занадта патасна выкажуся, але мая крыніца — гэта мая зямля. Зямля, на якой я нарадзіўся і на якой я жыву. Творчасьць цалкам зьвязаная з гэтай зямлёй. Мяне цікавіць мая зямля, неба над маёй зямлёй, я цікаўлюся і гісторыяй, і даўніной, і фальклёрам — усё гэта разам дае сілы, натхняе ў творчасьці” …

Апроч таго, уласна творчасьць таксама можа стаць для мастака прытулкам у нейкія цяжкія часы ці хвіліны:

“Калі я трапляю ў сваю майстэрню ўвечары, я абстрагуюся вельмі хутка ад шуму ды тлуму будзённага, побытавага. І пачынаю размову… Са сваімі вобразамі, са сваімі колерамі, са сваёй рытмікай… Малюю партрэт Радзівіла, углядаюся ў ягоныя вочы, тут жа перакідаюцца думкі далёка ў тыя далёкія часы… Як бы ён зразумеў сёньняшні час, як бы ён сябе паставіў… І ідзе вось такі своеасаблівы дыялёг. Творчасьць нам дапамагае, творчасьць”…

Руся
Вакалістка гурту “Індыга” Руся кажа, што зусім нядаўна абмяркоўвала з сябрам, у чым сэнс сучаснага жыцьця і ці вартае яно таго, каб імкнуцца некуды і разьвівацца. Яе ўласная выснова — што ратуе ў сучасным даволі жорсткім сьвеце творчасьць, у якую можна паглыбіцца , а яшчэ ратуюць дзеці:

“Трэба нараджаць дзяцей. Нараджаючы новага чалавека, ты даеш яму шанец. Толькі я пакуль што не магу ўпэўнена сказаць, — гэта добры шанец ці ня вельмі. Бо ты даеш жыцьцё — а жыць, ведаеце, — гэта складаная праца”…

Камэнтуе Марыя Новікава:

Сакрэты просты.

Слухай сумленьне. Давярай людзям. І ня бойся быць падманутым. Бо давер патрэбен найперш табе самому.

Не насі ў сабе зла. Калі ўспыхнуў — няхай сабе, дай волю пачуцьцям. Толькі калі няправым быў, тут жа і прызнавайся. Не цягні. Ня дай пакрыўджанаму зло затаіць.

І галоўнае — не крыўдуй сам. Цяжка жыць з крыўдай на сэрцы. Глядзі зь любоўю на сьвет і не дазволь зьнішчыць любоў у сабе. Будзь мужным.

Праўдзівым будзь перад сабой і перад Богам.
Да канца — Чалавекам. Да скону.
Не прадацца за суп ці за грош. Быць сабой.
Выбіраць — дык свабоду.
А што нехта сьмяецца, дык што ж…
Кожны сам выбірае, у што верыць.
У давер, ці ў нялюдзкасьць і страх.
У крывадушша. У глупства бязь меры,
Ці ў любові агонь у вачах.
Выбірае карону ці церні…
Я таксама — на гэтай мяжы.
Выбар — страта сябе. Тлум — ці вернасьць.
Божа, праўду абраць памажы!

Талент жыць… Як проста і няпроста: глядзець з надзеяй, насіць у сабе любоў… Іншым разам здаецца: эх, каб толькі можна было пачаць спачатку! Але жывем адзін раз. Для хрысьціяніна гэта не мэтафара. Ня маюць сэнсу розныя інтэрпрэтацыі: Бог любіць нас такіх, якіх стварыў адразу.

Жыві тут і зараз. Жыві, давяраючы сумленьню. Жыві так, нібы сёньня пакінеш сьвет.

Мне здаецца, што найлепшы талент жыць, гэта значыць — не баяцца сьмерці. Не баяцца будучай сустрэчы з Богам.

…Заціхне зямное скерца,
І такт застанецца адзін.
Пачую я голас твой сэрцам:
“Ня бойся і лёгка ідзі…”
У сетцы лінеек нотных
Між моцных і слабых доляў
Павісьне акорд самотны -
Я лёгка пайду на волю…
Пайду я ў краіну тую,
Куды не патрэбна віз.
Я голас твой ветлы чую,
Я больш не хачу рэпрыз…



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG