Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар эталёну гербу “Пагоня” ўпэўнены — яна хутка вернецца


Уладзімер Крукоўскі

Уладзімер Крукоўскі

Выйшаў з друку альбом Уладзімера Крукоўскага “Кола часу”. У ім сабраныя рэпрадукцыі найлепшых працаў за 35 гадоў творчасьці гэтага знакамітага плякатыста, аднаго з аўтараў (разам зь Яўгенам Куліком) эталёну дзяржаўнага гербу “Пагоня”.

У альбоме прадстаўлена больш за дзьвесьце твораў. За кожным зь іх свой час, свая гісторыя. Уладзімер Крукоўскі быў у цэнтры ўсіх падзеяў краіны ад канца шасьцідзесятых гадоў мінулага стагодзьдзя, і ня толькі таму, што гэтага вымагае мастацтва плякату. Сваімі творамі ён не абыякава адгукаўся на ўсе болевыя кропкі грамадзтва. Гэта асабліва імпануе ў прадстаўленых у альбоме працах Уладзімера Крукоўскага, кажа старшыня творчай суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін.

“Тут якраз такія творы, якія кранаюць душу. І ўчарашнія, і сёньняшнія. Асабліва мяне кранаюць плякаты, прысьвечаныя нашай мове, нашай сымболіцы. Ён задае пытаньні, ён б’е ў званы, ён будзіць людзей, і я думаю, што і будзе будзіць і абуджаць”.

Якраз гэтыя рысы твораў Уладзімера Крукоўскага раздражнялі савецкіх чыноўнікаў. Ён не забыўся, хто, што і за што здымаў з выставаў яго найбольш беларускія па зьмесьце, мове і форме аркушы.

“Здымалі Гілеп, Гардзеенка, Грамыка. Ужо з экспазыцыі здымалі і выкідвалі. Выкідвалі „Мужыцкую праўду“ Кастуся Каліноўскага” за тое, што на плякаце быў аўтэнтычны тэкст першага нумару газэты “Мужыцкая праўда” і ў гэтым тэксьце Каліноўскага — не маім, а Каліноўскага — тройчы згадваецца слова “маскалі”. Далей выкідваўся з выставы плякат пад назвай “Шануйма родную мову!”

Цяперашнія чыноўнікі таксама не абышлі ўвагай творы Ўладзімера Крукоўскага ў калектыўных экспазыцыях, зь якіх выкідвалі ў ліку іншых плякат “Беларуская мадэль”, на якім намаляваны пусты рондаль, а побач накрыўка з афіцыйным гербам.

Але найбольшы вандалізм у дачыненьні да яго твораў адбыўся ў 1995 годзе, калі зь дзяржаўных установаў быў зрынуты нацыянальны герб “Пагоня”, эталён якога Ўладзімер Крукоўскі стварыў у сааўтарстве зь Яўгенам Куліком. Аднак якраз у гэтым выпадку мастак ня мае ні пачуцьця крыўды, ні пачуцьця катастрофы.

“Я абсалютна ўпэўнены, што герб „Пагоня“ вернецца. Гэта — эпізод, эпізод у гісторыі герба „Пагоня“, эпізод у гісторыі Беларусі, эпізод у маім асабістым мастакоўскім лёсе. Гэта ўсё вернецца. Жалезна веру, што ўсё вернецца на шляхі свае”.

Ілюстрацыі — з сайту Ўладзімера Крукоўскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG