Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінансавай пірамідзе дзяржавы патрабуюцца навукоўцы


Будынак Акадэміі навук у Менску

Будынак Акадэміі навук у Менску

Некалькі дзён галоўнай тэмай афіцыйных электронных і друкаваных СМІ былі ўрачыстасьці з нагоды 80-годзьдзя Нацыянальнай акадэміі навук. Навукоўцы рапартавалі пра дасягненьні, рэвэрансы беларускай навуцы адвешвалі замежныя госьці, запрошаныя на юбілейныя мерапрыемствы. Аднак вышэйшае кіраўніцтва краіны не падзяліла аптымізм навукоўцаў. Аляксандар Лукашэнка наўпрост заявіў, што чакае ад навукі нашмат большай аддачы, асабліва на тле сусьветнага фінансавага крызісу.

У навуковым асяродку першы месяц 2009 году прайшоў пад знакам юбілею НАН — афіцыйнай датай заснаваньня галоўнай акадэмічнай установы краіны лічыцца 1 студзеня 1929-га.

На тле шматлікіх сьвяточных мерапрыемстваў прыцягнула ўвагу сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з замежнымі “сьвяціламі” і выбранымі прадстаўнікамі беларускай навукі. У вітальным слове кіраўнік Беларусі падкрэсьліў: айчынная навука ўсебакова падтрымліваецца дзяржавай. Па яго словах, за апошнія шэсьць гадоў фінансавыя ўкладаньні ў навуковую сфэру патроіліся, дзейнічае сыстэма ільготаў для высокатэхналягічных і інавацыйных вытворчасьцяў. Аднак асаблівай аддачы за такі клопат дзяржава ад навукоўцаў ня мае. У прыватнасьці, Лукашэнка абурыўся: чаму беларуская навука не прадбачыла сусьветнага фінансавага крызісу?

Лукашэнка абурыўся: чаму беларуская навука не прадбачыла сусьветнага фінансавага крызісу?
“Калі б у мяне запыталі, ці абсалютна я задаволены вынікамі дзейнасьці нашых навукоўцаў — скажу проста: не. Мне хацелася б большага. Хацелася б большай дынамікі, своечасовых адказаў на выклікі сучаснасьці. Давайце шчыра будзем казаць — фінансавы і наступны пасьля яго эканамічны крызіс: што могуць сёньня сказаць пра яго навукоўцы? Глыбіня крызісу, наступствы крызісу… Адпаведнага слова навукоўцы так і не сказалі. Усе разводзяць рукамі — так, прыкладна ад сярэдзіны гэтага году пачнецца ўздым, а цяпер ужо загаварылі — ад студзеня наступнага году будзе ўздым. Ніхто ня ведае глыбіні і г.д. Чаму мы гэтага не прадбачылі? Чаму эканамісты, навукоўцы асабліва, у тым ліку і сыстэмы Акадэміі навук, гэтага не прадугледзелі, не папярэдзілі? І галоўнае, што зараз жа няма ніякіх рэкамэндацый. І мы вымушаныя ісьці па тонкім лёдзе”.

Колішні віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук, акадэмік Радзім Гарэцкі кажа, што ў словах кіраўніка краіны ёсьць рацыянальнае зерне. Аднак абвінавачаньні на адрас калегаў не прымае — на думку спадара Гарэцкага, Лукашэнка сам вінаваты, што ўсе ініцыятывы затухаюць на пачатковай стадыі:

Радзім Гарэцкі
“На жаль, у нас людзі і навукі, і не навукі (ёсьць жа і міністэрствы, і г.д.) — з-за таго, што сытуацыя таталітарнага тыпу, то і навукоўцы таксама такога ж напрамку. Чакаюць, пакуль што скажуць з гары, а не наадварот, зьнізу. Так што, можа, ён і правільна кажа. Але вінаваты ў гэтым ён сам, што такая сытуацыя. Бо ледзь што — будзеш вінаваты, хоць правільна скажаш, хоць няправільна. Гэта з-за нашай сыстэмы такой, рэжыму. А наконт таго, што павялічылася фінансаваньне… Ня ведаю, можа, дзе і павялічыліся, але мы гэтага не адчуваем. Наадварот, грошай на навуку даецца вельмі мала. Магчыма, павялічылася штосьці на прыкладныя навукі, на якія ўвесь час ідзе зараз акцэнт. А вось фундамэнтальныя ў кепскім стане, зусім не заахвочваюцца, робяцца непрыярытэтнымі. Нават дайшло да таго, што навуку, якой я займаюся — геалёгію — наагул выкінулі з Акадэміі навук. Закрылі Інстытут геахіміі і геафізыкі, што лічу вельмі вялікай памылкай”.

Колішні кіраўнік Інстытуту эканомікі Нацыянальнай Акадэміі навук, акадэмік Генадзь Лыч — пасьлядоўны крытык эканамічнага курсу цяперашняга кіраўніцтва Беларусі. Ён лічыць абсалютна непрафэсійнай сыравінную, гандлёвую прывязку Беларусі цалкам да адной краіны — Расеі. На тле фінансавага крызісу татальная залежнасьць ад усходняга “донара” ўжо дае свой нэгатыўны плён. Як лічыць спадар Лыч, трапляньне ў такую кабалу цягне перадусім страту эканамічнага сувэрэнітэту, пасьля якога ў фармальнасьць пераўтвараецца і сувэрэнітэт палітычны. Таму і прэтэнзіі Аляксандра Лукашэнкі ён лічыць крыху запозьненымі:

Зрэшты, прэзыдэнт усё правільна сказаў — заўсёды ж у моцнага слабейшы вінаваты.
“Гэта, безумоўна, пытаньне сусьветных эканамістаў. Мы ўсё ж на пэрыфэрыі, не ад нас гэты крызіс пачаўся, але мы да яго прычэпленыя, і вельмі моцна. І ў сувязі з тым, што мы на пэрыфэрыі, а робіцца ўсё ў цэнтры, ня мы першымі павінны былі гэты крызіс прадбачыць і ня мы першыя павінны сказаць, калі будзем з гэтага крызісу выходзіць і як канкрэтна. Існуюць краіны, якія прадвызначаюць усе правілы гульні на гэтым самым рынку, у тым ліку фінансавым. І ім, канечне, лепш усё бачна. Зрэшты, прэзыдэнт усё правільна сказаў — заўсёды ж у моцнага слабейшы вінаваты. Калі ў яго ўся ўлада, ён можа абвінавачваць сваіх эканамістаў — маўляў, не сказалі, што будзе крызіс, цяпер ня кажуць, калі ён скончыцца, як будзем зь яго выходзіць. Але я так разумею, што пачынае яго вельмі моцна хваляваць гэты крызіс. Крэдыты бяром, вяртаць няма чым, апрача новых крэдытаў. Ствараем фінансавую піраміду, толькі ўжо не МММ Маўродзі, а са сваім калярытам”.

Як удакладняе спадар Лыч, сёлета базавае фінансаваньне на навуку ў структуры Акадэміі навук будзе скарочанае на 10%. Пры тым, што многія навуковыя ўстановы працавалі ў шчыльнай каапэрацыі з прамысловымі прадпрыемствамі, якія цяпер ня маюць вольных сродкаў на ўдасканаленьне матэрыяльна-тэхнічнай базы, пэрспэктывы навуковай сфэры падаюцца досыць цьмянымі.

На тое, што крызіс можа абмінуць краіну, спадзяюцца навукоўцы, далучаныя да праекту будаўніцтва першай беларускай атамнай электрастанцыі. Пры агульным безграшоўі, якое пагражае ўсім галінам жыцьця, прасоўваньне ідэі АЭС як “безальтэрнатыўнага” фактару энэргетычнай бясьпекі мае лабістаў на ўсіх узроўнях. Супраціўнікі перакананыя: і тут не абышлося без зацікаўленасьці Расеі — абвешчана, што будаваць станцыю будуць расейскія падрадчыкі, прычым безь ніякага тэндэру. Нягледзячы на пратэсты, прыхільнікаў атамнай энэргетыкі не засмучае нават месца — у густа заселеным рэгіёне Гарадзеншчыны, у непасрэднай блізіні ад экасыстэмы Нарачанскага краю. Аргумэнтацыю “за” агучвае дырэктар Навукова-дасьледчага інстытуту ядзерных праблемаў, прафэсар Уладзімер Барышэўскі:

Калі людзі лятаюць самалётамі, яны атрымліваюць дозу такую, якую не атрымаеш ад атамнай станцыі за год.
“Калі вырашаныя пытаньні бясьпекі станцыі (каб не адбылося тое, што ў Чарнобылі — знакаміты чалавечы фактар), то сама па сабе станцыя — нашмат менш небясьпечны экалягічны аб’ект, чым, прыкладам, цепластанцыя, якая працуе на вугалі. І гэта добра вядомы факт. Больш за тое, калі людзі лятаюць самалётамі, яны атрымліваюць дозу такую, якую не атрымаеш ад атамнай станцыі за год. Вось у чым справа. Таму гэтай праблемы папросту няма. Дый увогуле тут павінна вырашаць пытаньне толькі эканоміка і разуменьне, як правільна разьмяшчаць аб’ект. Памятаеце вядомае раней выказваньне — „разьмяшчэньне вытворчых сілаў па краіне“?”

Як і ў іншых галінах народнай гаспадаркі, бальшыня прадстаўнікоў навуковых колаў з пэсымізмам глядзіць на бягучы год. Шмат хто прагназуе, што ва ўмовах няпэўнасьці зноў востра паўстане пытаньне “ўцечкі мазгоў” — у заходніх цэнтрах беларускія спэцыялісты цэняцца досыць высока.

Пакуль што па інэрцыі пералічваюцца дасягненьні году мінулага. Безумоўна, на першым месцы застаецца “беларускі сьлед” у звышдарагім праекце запуску Вялікага адроннага каляйдэра. Адмысловая падземная ўстаноўка ў Альпах мае ў мініятуры паўтарыць Вялікі выбух, які прывёў да зьяўленьня Сусьвету. Праўда, трыюмфу яшчэ трэба дачакацца — каляйдэр упарта ня хоча працаваць бяз збояў.

А вось некаторыя навуковыя вынаходкі зрабіліся тэмаю анэкдотаў. У Інстытуце гароднінагадоўлі НАН два гады выношвалі ідэю новага агрэгата, які будзе дапамагаць у зборы агуркоў. Летам 2008-га ручную працу нібыта замяніла тэхніка. Сюжэт БТ на гэтую тэму выйшаў у лідэры праглядаў на відэапартале YouTube — на вялізнай плятформе, якую цягне трактар, на жываце ляжаць дзесяць далёка не маладога ўзросту жанчын. Працаўніцы ледзьве пасьпяваюць корпацца ў бацьвіньні, скідаючы пузатыя агуркі на транспартэр. У арыгінале апарат канструяваўся для збору карнішонаў.
XS
SM
MD
LG