Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё і сьмерць мітаў: Машэраў


Удзельнічае гісторык Алесь Краўцэвіч. Эфір 29 студзеня 2009 году.

Пётр Машэраў — савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч, герой Савецкага Саюзу. Зь ягоным імем зьвязваюцца эканамічныя дасягненьні БССР, якія зрабілі яе адной з найбольш разьвітых рэспублік СССР.

Пасьля загадкавай сьмерці ў аўтамабільнай катастрофе ў пахаваньні першага сакратара ЦК КПБ на сваё жаданьне ўзялі ўдзел дзесяткі тысяч чалавек. Імем Машэрава названыя вуліцы ў шэрагу гарадоў краіны.


Вячаслаў Ракіцкі
Ракіцкі: Пётр Машэраў — асоба легендарная ці міталягічная для беларускай гісторыі і для разуменьня прыроды беларускай мэнтальнасьці?

Краўцэвіч: З Машэравым зьвязаныя і элемэнты легенды, і элемэнты міту. Можна ўспомніць, напрыклад, як ён без аховы ці з адным ахоўнікам далёка збоку прагульваўся між месцам працы — будынкам ЦК і сваім жыльлём, віляй на вуліцы Чырвонаармейскай. Уявіць такое адносна сучаснага кіраўніка немагчыма. Гэтаксама як і ягоныя размовы з простымі людзьмі. Падобныя прыклады можна працягваць.

Ракіцкі: Як бы вы вызначылі сутнасьць міту пра Машэрава?

Краўцэвіч: Найперш, гэта нефармальны міт. Ён узьнік з усьведамленьняў розных слаёў савецкага грамадзтва. Міт пра Машэрава ня быў штучна створаным камуністычнай ці лукашэнкавай прапагандай. Ён падтрыманы людзьмі старэйшага веку, псыхалягічна глыбока закаранёнымі ў мінуўшчыне БССР. Калі ж коратка сфармуляваць сутнасьць, дык гэта — міт пра сумленнага, таленавітага, пасьпяховага кіраўніка, пры якім краіна дасягнула найвышэйшага за сваю гісторыю ўзроўню разьвіцьця.

Ракіцкі: Якія рэальныя падставы паўстаньня гэтага міту?

Алесь Краўцэвіч
Краўцэвіч: Я лічу, што ёсьць дзьве асноўныя падставы. Па-першае, на час дзейнасьці Машэрава (другая палова 1960 — 1970-х гадоў), прыпала адноснае паляпшэньне ўмоваў жыцьця ў Савецкім Саюзе: індустрыялізацыя, стабільнасьць, рост дабрабыту. У масавай сьвядомасьці гэта можа асацыявацца з асобай Машэрава. Па-другое, асабістыя якасьці гэтага чалавека, індывідуальнасьць асобы: зьнешні дэмакратызм у паводзінах, лагодная ўсьмешка, нестандартнае захаваньне (напрыклад, палёт на гелікоптэры, пасадка на лузе, размова з пастухом і таму падобнае). Пётр Машэраў меў чалавечае аблічча, не выглядаў недасяжным правадыром, жыхаром партыйных нябёсаў.

Ракіцкі: Што ў асобе Машэрава і ягонай дзейнасьці было рэальнасьцю? А што мітам?

Краўцэвіч: Падобна, што ў побыце Машэраў быў сапраўды неблагім чалавекам. Рэальнасьць — ягоны ўдзел у найбуйнейшым пераломе беларускай гісторыі: пераходзе ад традыцыйнага да індустрыяльнага грамадзтва, пераломе, які адбіўся на лёсе мільёнаў беларусаў. Міт — менавіта ён падымаў Беларусь, бо індустрыялізацыя не зьяўлялася выключна беларускай зьявай, а праводзілася па ўсім Савецкім Саюзе. Хоць адбывалася гэта зь істотным адставаньнем і паводле зусім іншай мадэлі. І гэта не была зьява выключна беларуская. Кіраваць Беларусьсю ў гэты пэрыяд мог і нехта іншы ў гэты пэрыяд.

Ракіцкі: Для таго, каб стаць мітам, ці пры жыцьці, ці пасьля сьмерці, трэба мець нейкую харызму. На прыкладзе асобы Машэрава, патлумачце, калі ласка, якія рысы, якія факты біяграфіі трэба мець, каб стаць легендай і нават мітам?

Краўцэвіч: У расейскай традыцыі, і ў савецкай гісторыі таксама, высокія кіраўнікі недасяжныя. У машэраўскія часы для партыйнага боса дастаткова было выявіць трохі чалавечнасьці. Не надзімацца ўсьведамленьнем сваёй моцы і ўлады, а ветліва ўсьміхнуцца з тэлеэкрана, ласкава памахаць рукой з трыбуны. Карацей — паказаць сябе жывым чалавекам. У Машэрава гэта атрымлівалася.

Ракіцкі: Я памятаю пахаваньне Машэрава — усенародная жалоба, нават сьлёзы. Тады мне ўзгадалася яшчэ адно гістарычнае пахаваньне ў СССР, напэўна ж, больш маштабнае. Сотні тысячаў людзей плакалі па Сталіну ў 1953-м. З чым зьвязаны ўвогуле плач па палітыку? Не па памерлых бацьках, дзецях, сябрах, а па чужому чалавеку? Няўжо беларусы думалі, што з гэтым сканчваецца і іхняе жыцьцё?

Краўцэвіч: Жалоба па Машэраву мае некалькі іншае вымярэньне, чым па Сталіну. Сталін быў цэнтрам рэлігіі, цэнтрам пэўнага культу. І міт у цэлым, і жалоба па Машэраву, у прыватнасьці, больш чалавечныя зьявы. Сотні тысяч вясковых беларусаў выехалі з калгасаў, знайшлі працу ў горадзе, за якую атрымлівалі рэальныя грошы, а ня палачкі “трудаднёў”, палепшылі свае жыцьцёвыя ўмовы, Натуральна, яны зьвязвалі гэта з асобай, якая ў той час стаяла на чале краіны.

Ракіцкі: Такая псыхалёгія людзей: нябожчыку многае даруецца, шмат зь ягонага зямнога жыцьця ідэалізуецца. А пры жыцьці Машэрава такое ж аднадушнае стаўленьне да гэтай асобы было?

Краўцэвіч: Не магу сказаць пра шырокія масы, таму што тады рэйтынгу палітыкаў не праводзілася, ніхто ня ведаў нават, што такое можна рабіць. Пра нас, студэнтаў унівэрсытэту, магу сказаць: ніякага захапленьня ад асобы Машэрава мы не адчувалі. Мы мелі ўжо досыць камуністычнай, наскрозь фальшывай прапаганды, ненавідзелі і паціху зьдзекаваліся зь яе. Прывяду такі прыклад: у нашым інтэрнаце быў звычай вывешваць у прыбіральні на дзьвярах кабінак выразкі газэтных загалоўкаў з “Правды” і “Советской Белоруссіі”. Кожны загаловак выдатна пасаваў да месца і дзеі, якая адбывалася ў кабінцы. Напрыклад, “Пятілетку за четыре года”, “Ударный труд советскіх горняков”, “Партійная організація впереді” …“

Ракіцкі: Такое стаўленьне да камунізму, да тагачаснага рэжыму вы пераносілі і на людзей, якія былі на чале таго рэжыму? А ці не былі яны самі закладнікамі, а мо нават і ахвярамі таго рэжыму?

Краўцэвіч: Тады мы не аддзялялі кіраўнікоў рэжыму ад самога рэжыму. І сярод тых шэрых партыйных босаў асоба Машэрава намі, студэнтамі, не вылучалася.

Ракіцкі: Першыя гады свайго кіраваньня Аляксандар Лукашэнка часта зьвяртаўся да імя Машэрава, карыстаўся гэтым мітам. І вось ужо пра Машэрава маўчыць. Чаму ўжо больш не патрэбны гэты міт сучаснай беларускай уладзе?

Міт пра Машэрава стварае канкурэнцыю культу сёньняшнягша правадыра.
Краўцэвіч
: Тут спрацоўвае звычайная лёгіка аўтарытарнага рэжыму, які хоча стаць таталітарным. У цэнтры рэжыму павінен стаяць культ правадыра, які не памыляецца, які лепшы за ўсіх, папярэдніх і наступных, які перамагае ўсіх ворагаў, які абраны народам, лёсам, Богам. У нашай сытуацыі міт пра Машэрава стварае канкурэнцыю культу сёньняшнягша правадыра, які павінен быць найлепшым з усіх папярэдніх і наступных. Таму міт пра Машэрава ўжо не эксплуатуецца.

Ракіцкі: Улады адмаўляюцца ад міту пра Машэрава, пакарысталіся і кінулі. І тым ня меней, міт, хоць і ня вельмі актыўна, усё ж працягвае існаваць. Якія грамадзкія слаі яго падтрымліваюць? Навошта ён ім?

Краўцэвіч: Падтрымліваюць сталыя і сярэдняга ўзросту людзі, маладосьць якіх прыпала на канец 1960 — 1970-х гадоў, якія маюць настальгію па савецкай стабільнасьці, ды ўвогуле па шчасьлівай маладосьці. А маладосьць — заўсёды прыемны ўспамін.

Ракіцкі: Я ўжо сутыкнуўся з тым, што маладыя людзі амаль нічога канкрэтнага ня ведаюць пра Леніна. А ці ведаюць яны хоць нешта пра Машэрава?

Краўцэвіч: Мне цяжка сказаць, бо ў беларускіх унівэрсытэтах я ўжо даўно не выкладаю. Я думаю, што яны больш таго, што ад іх вымагаюць праграмы па гісторыі Беларусі, ня ведаюць. Калі выкладчыкі паходзяць з той эпохі і маюць настальгію па ёй, дык нейкім чынам могуць перадаваць гэта студэнтам. Але ня думаю, што гэта можа быць масавай зьявай і адбудзецца нейкае ўкараненьне тых поглядаў у сьвядомасьці студэнтаў.

Ракіцкі: Што станоўчага і што адмоўнага нясе міт пра Машэрава сучаснай Беларусі? Ці патрэбны ён увогуле Беларусі ХХІ стагодзьдзя?

Міт пра Машэрава шкодны, бо ён стварае ілюзію чалавечнасьці камунізму.
Краўцэвіч
: Я лічу, што міт пра Машэрава шкодны, бо ён стварае ілюзію чалавечнасьці камунізму. Камуністычны рэжым ахоўвалі розныя людзі. Адны ахоўнікі былі лепшымі, іншыя — горшымі. Машэраў быў з тых, дабрэйшых, але ўсё ж адным зь іх. Паўстае пытаньне: ці можна падтрымліваць міт таталітарнага рэжыму? Пры Машэраве пазачыняліся беларускія школы ва ўсіх гарадох краіны, а беларусы сталі ў масе сваёй “homo soveticus”. І ў гэтай масе маршыраваў тады яшчэ малады Аляксандар Лукашэнка — будучы першы прэзыдэнт Беларусі. Мы можам успомніць таксама, што ў гэтыя гады індустрыялізацыі было найвялікшае ўзмацненьне асіміляцыі беларускага народу. Беларусы зь вёсак прыходзілі ў гэтыя асіміляцыйныя катлы — буйныя гарады, збудаваныя за часы Машэрава, і пераварваліся там у расейскамоўнае насельніцтва. Акрамя таго, пры Машэраве распачалася страшная экалягічная зьява ці нават катастрофа — меліярацыя. Пры ім бяздушна асушылі балоты. У Беларусі ў многіх мясьцінах зьявілася мёртвая зямля. Шмат чаго можна яшчэ прыпомніць. Але самае галоўнае — беларусы пры Машэраве зрабілі істотны крок да зьнікненьня з этнічнай мапы сьвету, каб растварыцца ў Расеі.

Ракіцкі: Ці сьвядома Пётр Машэраў усё гэта рабіў? І ці мог ён быць самастойным у сваіх рашэньнях?

Беларусы пры Машэраве зрабілі істотны крок да зьнікненьня з этнічнай мапы сьвету.
Краўцэвіч
: Цяжка сказаць. Магчыма, ён быў беларускім патрыётам. І ў пэўным сэнсе Машэраў ім быў, але ў разуменьні камуністаў. Беларускія камуністы разумеюць патрыятызм, каб быць наперадзе Расеі, як гэта і выяўлялася, калі кіраваў Машэраў. Але ці быў ён закладнікам гэтай сыстэмы? Кожны чалавек меў выбар. Эўрапейцы робяць выбар паводле сваёй традыцыі: калі я не магу зьмяніць нядобрую сыстэму, дык я прынамсі ў ёй ня ўдзельнічаю. Машэраў, да прыкладу, мог быць настаўнікам. Гэта таксама быў бы ўдзел у сыстэме, але нашмат меншым.

Ракіцкі: Як доўга будзе існаваць гэты міт?

Краўцэвіч: Я думаю, датуль, пакуль у Беларусі будуць жыць савецкія людзі, якія каранямі сядзяць у той эпосе.

Ракіцкі: Хто стане магільшчыкам міту пра Машэрава?

Краўцэвіч: Рэальнасьць жыцьця краіны, якая ўжо ніколі не вернецца ў савецкую мінуўшчыну, як бы ні стараўся яе туды павярнуць з эпохі Машэрава сёньняшні першы прэзыдэнт Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG