Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вершы для Васіля Быкава


Зборнік паэтычных прысьвячэньняў Васілю Быкаву

Зборнік паэтычных прысьвячэньняў Васілю Быкаву

“Пасланец мужнасьці” — так называецца кніга “паэтычных прысьвячэньняў Васілю Быкаву”, што выйшла днямі ў выдавецтве “Кнігазбор”. У ёй вершы каля шасьцідзесяці аўтараў.

Каардынатар праекту гарадзенец Мікалай Мельнікаў, які толькі што атрымаў зборнік зь Менску.

Мікалаю Мельнікаву 84 гады, ён кіраўнік грамадзкага музэю пісьменьніка Васіля Быкава, які быў створаны амаль шэсьць гадоў таму. Укладальнікам зборніка стаў гарадзенскі паэт Юрка Голуб. У прадмове ён зазначае, што “пэўная частка вершаў з прыжыцьцёвымі прысьвячэньнямі сусьветна вядомаму пісьменьніку ўзятая з кніжнага скарбу музэя Васіля Быкава Гарадзенскага грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў”. Як узьнікла задума выдаць такую кніжку? Гаворыць Мікалай Мельнікаў:

“Мае сябры з музэю Быкава падтрымалі гэтую ідэю і пачалася праца па зборы вершаў. Калі вершы былі падабраныя, мы паслалі матэрыял у выдавецтва „Кнігазбор“, сустрэліся з Алесем Пашкевічам, з Ірынай Міхайлаўнай Быкавай і дапоўнілі зборнік некалькімі вершамі. Ідэя зборніка паказаць веліч Быкава, яго значнасьць і — як ён успрымаецца беларускім народам, у асаблівасьці інтэлігенцыяй”.

Мікалай Мельнікаў гаворыць, што пытаньні выклікаў толькі паэтычны водгук на сьмерць Васіля Быкава. Напісаны ў 2003 годзе на чачэнскай мове, аўтар якога Зелімха Яндарбі. Але спадар Мельнікаў настаяў, каб гэты твор застаўся ў зборніку. А зараз ён гаворыць пра іншы верш:

“Нас усхвалявалі радкі аднаго зь вершаў Барадуліна, які можа паслужыць эпіграфам да гэтай кнігі: „Беларусы ёсьць, Беларусь жыве, пакуль жыве ў кожным сэрцы Быкаў“. Гэта праўда, выказаная таксама геніяльным паэтам аб значнай ролі, якую Быкаў адыгрывае ў нашым жыцьці”.

Мікалай Мельнікаў зазначае, што зборнік паэтычных прысьвячэньняў Васілю Быкаву каштаваў васямсот тысяч рублёў, але гэтыя грошы стваральнікам музэю ўдалося знайсьці.
XS
SM
MD
LG