Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Саюзны саўмін: ні слова пра новы крэдыт


Сяргей Сідорскі і Ўладзімер Пуцін

Сяргей Сідорскі і Ўладзімер Пуцін

Сёньня ў Маскве прайшло паседжаньне Саўміна так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Сяргей Сідорскі і Ўладзімер Пуцін абмеркавалі і падпісалі плян сумесных дзеяньняў дзьвюх дзяржаваў па пераадоленьні фінансавага і эканамічнага крызісу. Замест беларускай просьбы да Масквы аб крэдыце ў памеры 100 мільярдаў расейскіх рублёў бакі абмеркавалі застарэлае пытаньне аб пераходзе дзьвюх краін на адзіную валюту.

У часе паседжаньня кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі падпісалі плян сумесных дзеяньняў па пераадоленьні наступстваў фінансавага крызісу. Паводле старшыні беларускага ўраду Сяргея Сідорскага, гэты плян “дазволіць захаваць рынкі абедзьвюх краін” і супакоіць “нашых гаспадарнікаў ва ўмовах крызысу”.

Кіраўнік расейскага ўраду Ўладзімер Пуцін заявіў у часе паседжаньня, што для мінімізацыі наступстваў сусьветнага фінансавага крызісу Расеі і Беларусі трэба выкарыстоўваць перавагі двухбаковай інтэграцыі. І, у прыватнасьці, “разьвіваць узаемны гандаль, вытворчую каапэрацыю, фармаваць рэальны мытны саюз і адзіную эканамічную прастору”.

Гэты плян пачалі распрацоўваць яшчэ ў лістападзе мінулага году. Ён прадугледжвае шэраг кароткатэрміновых і доўгатэрміновых захадаў, скіраваных на паляпшэньне плацёжнага балянсу, захаваньне высокіх аб’ёмаў двухбаковага таваразвароту і паляпшэньне ўмоваў працы прадпрымальнікаў у дзьвюх краінах.

Паводле міністра эканомікі Беларусі Мікалая Зайчанкі, Беларусь і Расея ў рамках гэтага пляну бяруць на сябе абавязак не пагаршаць умоваў прысутнасьці тавараў адзін аднаго на сваіх рынках. Але ўжо сёньня прыйшла навіна, што Расея забараніла імпарт да сябе прадукцыі зь Белавескага мясакамбінату.

Галоўная інтрыга ў беларуска-расейскіх кантактах апошніх дзён — жаданьне Менску атрымаць ад Масквы крэдыт у памеры 100 мільярдаў расейскіх рублёў. Гэтыя грошы патрэбныя для пераходу на разьлікі ў расейскіх рублях ва ўзаемным гандлі і наданьня расейскаму рублю статусу рэгіянальнай валюты. Крэдыт папрасілі яшчэ ў сьнежні. Але расейскі бок усяляк ухіляецца ад просьбы беларусаў. На гэтым тыдні намесьнік міністра фінансаў Расеі Дзьмітры Панкін заявіў, што Масква ўвогуле не разглядае просьбу Менску аб крэдыце ў памеры 100 мільярдаў расейскіх рублёў.

Сёньня на паседжаньні так званага саюзнага Саўміну і на папярэдніх сустрэчах Сяргея Сідорскага зь міністрам фінансаў Расеі Аляксеем Кудрыным і першым віцэ-прэм’ерам Віктарам Зубковым публічна было сказана шмат агульных словаў. Але пра беларускую заяўку на 100-мільярдны крэдыт бакі пакуль прамаўчалі.

Беларускі бок зьбіраецца зноў абмеркаваць гэтае пытаньне ў часе сустрэчы прэзыдэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Дзьмітрыя Мядзьведзева, якая заплянаваная на 3 лютага ў рамках так званага Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы.

А пасьля сёньняшняга паседжаньня расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін заявіў, што Расея мае намер паскорыць выдачу Беларусі другой траншы ранейшага крэдыту памерам у 1 мільярдам даляраў. Апрача таго, паводле спадара Пуціна, сёньня ён гаварыў зь беларускімі ўрадоўцамі пра далейшыя крокі па стварэньні адзінай валюты так званай саюзнай дзяржавы. Гэта можна лічыць ускосным адказам Масквы на просьбу беларусаў пра новы крэдыт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG