Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Склады перапоўнены, грошай у пакупнікоў няма


Эканамічны крызіс ахоплівае ўсё больш прадпрыемстваў у рэгіёнах Беларусі. Праблемы, зь якімі сутыкаецца вытворчасьць, адразу адбіваюцца і на становішчы людзей.


ДОБРУШ

У Добрушы без гаспадара застаўся мэдычны прафілякторый папяровай фабрыкі “Герой працы”. У выніку 1200 працаўнікоў прадпрыемства пазбавіліся магчымасьці папраўляць тут здароўе.

Замест прафілякторыя — установа закрытага тыпу

Паведамляе жыхар Добруша Мікалай Разановіч:

“Мы ў шоку ад такога рашэньня — перадаць прафілякторый для разьмяшчэньня хворых на СНІД і адкрытую форму сухотаў. Гэта абсурд. Прафілякторый знаходзіцца ад жылога сэктару на адлегласьці нейкіх пяці соцень мэтраў. Суседзтва з такім прафілякторыем для хворых, былых ці цяперашніх асуджаных, — гэта патэнцыйная пагроза здароўю мясцовых жыхароў”.

Адказны чыноўнік Ігар Дзехцяроў тлумачыць, што менавіта фінансавы крызіс змушае фабрыку “Герой працы” адмаўляцца ад свайго сацыяльнага аб’екта:

“Больш як у 100 мільёнаў рублёў на год абыходзілася нам утрыманьне гэтага аб’екта. Прычым за кошт прыбытку, які застаецца ў распараджэньні прадпрыемства”.

Са словаў суразмоўцы, напачатку прафілякторый хацелі набыць памежнікі, каб стварыць там сваю базу адпачынку. Але іх не задаволіў кошт — каля 1 мільярда рублёў. Таму цяпер яго пераробяць ва ўстанову закрытага тыпу:

“Цалкам перададзены на балянс установы “Гомельская абласная клінічная лякарня”. Яны плянуюць зрабіць рамонт пад лячэньне сухотнікаў”.


МАГІЛЁЎ

Прадпрыемствы Магілёўшчыны павялічылі запасы гатовай прадукцыі на 89 мільярдаў рублёў. Пра прычыны гэтага — журналіст Андрэй Белагубаў.

Паводле старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Віктара Рудніка, найгоршая сытуацыя з продажам прадукцыі на замежныя рынкі склалася на прадпрыемствах Магілёва й Бабруйска:

“Два нашыя гарады ня толькі не змаглі перакрыць адставаньне іншых раёнаў, але і істотна “паспрыялі” невыкананьню паказьнікаў імпарту й сальда замежнага гандлю па вобласьці ў цэлым”, — канстатаваў Віктар Руднік.

На складах прадпрыемстваў Магілёўшчыны не запатрабавана прадукцыі на 556 мільярдаў рублёў.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, больш за 94 працэнты гатовай прадукцыі знаходзіцца на складах абласнога цэнтру, амаль 78 працэнтаў не прадалі прадпрыемствы Бабруйшчыны і 85 — Шклоўшчыны.

Усяго ж на складах рэгіёну застаецца незапатрабаванай прадукцыі на суму 556 мільярдаў рублёў.

Як прыклад нездавальняючай працы па збыце прадукцыі афіцыйныя крыніцы называюць Магілёўскі аўтамабільны завод. Тут ня здолелі прадаць палову вырабленага. На самім заводзе з такой ацэнкай працы не згаджаюцца:

“У нас катастрофы няма. Завод працуе ў дзьвюхзьменным рэжыме. Хто яшчэ працуе так?” — паведаміў супрацоўнік адміністрацыі завода.

Прычынамі зьніжэньня попыту на тэхніку магілёўскіх машынабудаўнікоў іх расейскі дылер, маскоўскае акцыянэрнае таварыстве “Аўтамаш”, называе яе дарагоўлю, адсутнасьць гнуткага падыходу да фармаваньня цэнаў, а таксама нізкую канкурэнтаздольнасьць у параўнаньні з кітайскімі аналягамі.

Напярэдадні Новага году чыноўнікі абяцалі, што ў студзені аб’ёмы складзкіх запасаў скароцяцца да 60%. Аднак цяпер яны зноў вырасьлі да 73%.


XS
SM
MD
LG