Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэры прапануюць уладам супрацоўнічаць


Старшыня гарадзенскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ прапанаваў старшыню гарвыканкаму супольна стварыць грамадзка-кансультацыйную раду. А мастоўскі дэпутат унёс прапанову стварыць камісію для супрацоўніцтва з Эўразьвязам.

Лідэр фронтаўцаў Вадзім Саранчукоў пісьмова зьвярнуўся да старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму з прапановай супольна стварыць грамадзка-кансультацыйную раду з удзелам прадстаўнікоў улады, палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і прафсаюзаў.

Свае прапановы спадар Саранчукоў патлумачыў нашаму радыё:

“Мы як палітычная арганізацыя маем плян для разьвіцьця гораду й вобласьці у крызісных умовах і гатовыя прапанаваць перш за ўсё грамадзтву новую канцэпцыю для працы дзяржаўных органаў у крызіснай сытуацыі”.

Вадзім Саранчукоў лічыць, што удзел у такой радзе, якая павінна мець пэўныя паўнамоцтвы, можа стаць шляхам да пэўнай рэструктурызацыі і зьменаў у дзяржаве.

Я запытаўся ў спадара Саранчукова, як ён ставіцца да крытыкі Зянонам Пазьняком і іншымі палітыкамі ідэі супрацоўніцтва апазыцыі з уладай.

Вадзім Саранчукоў у нейкай ступені згодзен зь меркаваньнем, што ўлада можа выкарыстаць раду, каб зваліць на яе ўсе хібы і пралікі, але, з другога боку, нехта, зь яго слоў, павінен падумаць і пра людзей:

“На сёньняшнім этапе ва ўлады нічога не атрымліваецца, і краіна знаходзіцца на парозе вялікіх праблемаў – гэта факт. І ў гэтай сытуацыі трэба нешта рабіць. Мы гатовыя браць на сябе адказнасьць і за лёс краіны, і за лёс рэгіёну”.

Мастоўскі актывіст руху “За Свабоду”, дэпутат мясцовага савету Зьміцер Кухлей прапанаваў уладам стварыць камісію па эўрапейскай інтэграцыі.

Са слоў дэпутата, Эўрапейская камісія абвясьціла конкурс праектных прапановаў у рамках праграмы “Аб'яднаньні грамадзянаў і органы мясцовай улады: праграмы для Беларусі”. Агульны бюджэт праграмы 1 000 000 эўра.

Дэпутат кажа, што яе мэтай зьяўляецца паляпшэньне доступу насельніцтва да сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня, распрацоўка стратэгіяў зьніжэньня ўзроўню галечы і стратэгіяў устойлівага разьвіцьця.

Напярэдадні Зьміцер Кухлей хадзіў да старшыні райсавету, каб атрымаць адказ на свае прапановы:

“Ой, ён нават не разглядаў гэтай прапановы. Я спрабаваў зь ім размаўляць, але ніяк, цягне ён. Калі я згадаў заканадаўства, што прапанова павінна быць разгледжаная на працягу 10 дзён, то ён увогуле ўзьеўся”.
XS
SM
MD
LG