Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лібэралізацыя лібэралізацыяй, але кайданкі не адмяняюцца


Чаму ўлады адной рукой запрашаюць апазыцыйных палітыкаў у розныя Каардынацыйныя рады, а іншай — чапляюць кайданкі на моладзевых актывістаў і гвалтоўна цягнуць іх у войска? Што хоча сказаць улада грамадзтву, палюючы на маладых апазыцыянэраў? Ці можна назваць гвалтоўны прызыў у войска сьвядомай прапагандысцкай апэрацыяй, якую ўлады спадзяюцца выйграць?

На гэтыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць лідэр моладзевай арганізацыі Партыі АГП “Маладыя дэмакраты” Міхал Пашкевіч і аглядальнік газэты “Белорусы і рынок” Паўлюк Быкоўскі.


Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Гвалтоўныя прыводы ў войска маладых апазыцыянэраў прымушаюць зноў пагаварыць пра тое, чым на самой справе ёсьць курс на „лібэралізацыю“, абвешчаны кіраўніцтвам краіны. Чаму адных, „дарослых“ апазыцыйных палітыкаў запрашаюць у розныя Каардынацыйныя рады, а на маладых — адзяваюць кайданкі? Які мэсыдж дасылае тым самым улада грамадзтву? Ці проста наверсе няма адзінай пазыцыі і там канчаткова не разабраліся, якія мэтады — старыя ці новыя — ужываць да апазыцыі?”

“Гэта ўсё часова, для Эўропы. А для нас усё будзе па-ранейшаму”

Міхась Пашкевіч
Пашкевіч: “Як на мой розум, то ў дзяржаўным кіраўніцтве зараз — “хто ў плот, хто ў гарод”. Бо стварэньне лібэралізацыйнага выгляду для Эўропы і адначасова гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да Франка Вячоркі, Івана Шылы, Зьмітра Хведарука — супярэчаць адно аднаму.

Але я прывяду іншы прыклад, Яраслава Раманчука. З аднаго боку, дзяржава запрашае яго ў “Групу краінавага маркетынгу”, а зь іншага — “Маладыя дэмакраты” ўжо 2 месяцы ня могуць арганізаваць ніводнага публічнага выступу Яраслава ва ўнівэрсытэтах. Ніводная ВНУ краіны не пайшла нам насустрач у просьбе арганізаваць публічную лекцыю Раманчука. У адным зь берасьцейскіх унівэрсытэтаў дэкан і прарэктар сказалі: “А гэта яшчэ нічога ня значыць, што ён запрошаны ў Раду.
Як на мяне, дык гэта дыскрэдытацыя і Лукашэнкі, і захадаў ягонай адміністрацыі на чале з Макеем.
Гэта ўсё часова, для Эўропы. А для нас усё будзе па-ранейшаму”.

Цыганкоў: “Аднак вэрсія пра тое, што ўся гісторыя з Франкам Вячоркам ды іншымі — гэта самадурства ваенных чыноў, не вытрымлівае праверкі рэальнасьцю. Бо ўсім там кіруюць людзі са спэцслужбаў, і на ваенкамаў гэта немагчыма сьпісаць…”

Пашкевіч: “Безумоўна, што гэтым кіруюць спэцслужбы. Іншая рэч, я не разумею, навошта гэта спэцслужбам. Як на мяне, дык гэта дыскрэдытацыя і Лукашэнкі, і захадаў ягонай адміністрацыі на чале з Макеем. Большай дыскрэдытацыі ў вачох Эўропы і беларускай грамадзкасьці, як мне здаецца, і зрабіць нельга”.

Лібэралізацыя лібэралізацыяй, але кайданкі не адмяняюцца

Цыганкоў: “Паўлюк, а якая вэрсія вам бліжэйшая? Ці „правая рука ня ведае, што робіць левая“ (да адной з рук загад пра лібэралізацыю яшчэ не дайшоў)? Ці ўлада кажа грамадзтву, каб ня надта разганяліся? Маўляў, лібэралізацыя лібэралізацыяй, але кайданкі не адмяняюцца…”

Паўлюк Быкоўскі
Быкоўскі: “Больш верагодна тое, што гэта робіцца сьвядома. Улады зразумелі розьніцу паміж прызнанымі Захадам палітзьняволенымі і палітычнымі рэпрэсіямі наагул. Бо ёсьць шмат розных мэханізмаў, каб паказаць людзям, чаго рабіць ня варта, якія могуць быць адмоўныя наступствы.

І разам з тым гэтыя прыклады ня так лёгка даказваць для сусьветнай супольнасьці. Так, праваабаронцы могуць лічыць, што гэта палітычныя рэпрэсіі. Але эўрапейскім чыноўнікам, якія будуць прымаць рашэньне, ці працягваць санкцыі супраць Беларусі, сытуацыя будзе не настолькі зразумелая. Бо людзі не знаходзяцца за кратамі, у
Такая праца рэпрэсіўнай машыны, праца “па-новаму” — гэта прыклад той лібэралізацыі, якую мы сёньня назіраем.
Беларусі існуе абавязковы прызыў у войска, і ў дадзеным выпадку будзе вельмі шмат дэталяў, заглыбляцца ў якія замежным чыноўнікам будзе даволі складана.

Дарэчы, гэта складана ацаніць і простым беларусам, таму мэханізм з пункту гледжаньня рэпрэсіўнай машыны працуе вельмі добра. Ён дасягае сваёй мэты, абрастае нейкімі нэгатыўнымі плёткамі і чуткамі для той аўдыторыі, якой гэты мэсыдж і быў накіраваны. А для ўсіх астатніх сытуацыя застаецца малазразумелай. Бо ў кожным канкрэтным выпадку ўзьнікае шэраг пытаньняў — ці слушна сказала мэдкамісія, ці сапраўды чалавек мае права на адтэрміноўку і гэтак далей. Такая праца рэпрэсіўнай машыны, праца “па-новаму” — гэта прыклад той лібэралізацыі, якую мы сёньня назіраем”.

“Яны самі раскручваюць брэнд Вячоркі”

Цыганкоў: “Выглядае, што ўлады абралі тэму прызыву ў войска невыпадкова, бо на гэтым разьлічваюць зрабіць свой піяр. Гуляць на “патрыятызьме”, на тым, што “кожны мужчына можа служыць у войску” і да таго падобных фармулёўках. Гэта робіцца, каб лішні раз прынізіць апазыцыянэраў, якія, “у адрозьненьне ад астатніх, ня хочуць служыць у войску”?

Пашкевіч: “Пытаньне складанае і неадназначнае. Бо, напрыклад, па БТ ужо ня раз ішлі гэтыя „вайсковыя“ фільмы, у якіх „здымаліся“ і Зьміцер Жалезьнічэнка, і Алесь Каліта, якія якраз служаць у войску. Выбачайце, калі чалавеку ўручаюць позву ў турме на Акрэсьціна, калі прыяжджаюць супрацоўнікі КДБ, Міністэрства абароны, БТ і здымаюць пра яго фільм — то я ня думаю, што гэта клопат пра нацыянальную бясьпеку, што гэты прызыўнік так важны для абароназдольнасьці краіны, што дзеля яго кідаецца столькі сродкаў”.

Цыганкоў: “Ясна, што гэта робіцца для піяру, але вы ацаніце, наколькі ён можа быць эфэктыўны? Ці набярэ тут дзяржаўная прапаганда ачкі?”

Пашкевіч: “Магчыма, зараз паўтараецца сытуацыя 20-гадовай даўніны, калі ішло цкаваньне „Талакі“ і Тутэйшых”, калі прозьвішчы некаторых людзей сталі вядомыя абывацелям дзякуючы дзяржаўным СМІ.
На Захадзе і ў Расеі за такі піяр, можа, нават грошы плацілі б…
Цяпер, хоча ўлада ці не, але прозьвішча Вячоркі ўжо вядомае ўсім, хто глядзіць дзяржаўную тэлевізію. Яны самі раскручваюць гэты “брэнд”, і наўрад ці ён будзе аднабаковым для ўлады — яны самі раскручваюць сабе ворага. На Захадзе і ў Расеі за такі піяр, можа, нават грошы плацілі б — каб так часта узгадвалі імя чалавека ў прэсе.

Яны ў чымсьці Франку дапамагаюць на будучыню — ствараюць яму імідж чалавека, які пакутуе ад дзяржавы за праўду. Бо 20-гадовы хлапец, пра якога часта распавядаюць па дзяржаўнай тэлевізіі — у звычайнага абывацеля могуць узьнікнуць пытаньні, і ён можа пачаць думаць наадварот ад таго, што паказвае БТ. Так што я на іхнім месцы тут не перабольшваў бы“.

“Прапагандысцкая машына звычайна ў такіх выпадках выйграе”

Цыганкоў: “Паўлюк, а вы як лічыце, ці пераможа дзяржава ў гэтай прапагандысцкай апэрацыі, ці гэтая зброя “вострая на два бакі”?

Быкоўскі: “Зброя, сапраўды, двухбаковая, але вельмі розная вагавая катэгорыя, таму прапаганда мае шанцы выйграць. Мала каму вядома, якія канкрэтна хваробы ёсьць, напрыклад, у Франка Вячоркі. Калі замаўчаць пытаньні, што ў яго праблемы з вачыма і што ў яго адтэрміноўка, і сказаць, што ён проста быў адлічаны з унівэрсытэту і валындаўся недзе па Беларусі — то адразу атрымліваецца вобраз чалавека, які ня хоча ісьці ў войска. Чаму ён стаў “хуліганам” — абываталю ведаць зусім не абавязкова. “Не ідзе ў войска!” — і ўсё. І гэта можа спрацаваць.

Бо большасьць сем’яў абмяркоўвае тое, ці ідуць дзеці ў войска. І большасьць вырашае, што трэба ісьці, што нічога страшнага ў гэтым няма. Таму, найхутчэй, прапаганда спрацуе. Тым больш што гэта сапраўды прапаганда, а не піяр. Бо піяр не выдумляе тое, чаго няма, ён проста завастрае на нечым увагу. У дадзеным выпадку ёсьць хлусьлівая інфармацыя, замоўчваньне праўды, і масіраваны распаўсюд гэтай інфармацыі. Прапагандысцкая машына звычайна ў такіх выпадках выйграе“.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG