Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевых актывістаў гвалтоўна вязуць у казармы


Івана Шылу, Франка Вячорку і Зьмітра Хведарука супрацоўнікі спэцслужбаў не адпусьцілі пасьля затрыманьня. Івана Шылу гвалтоўна прывезьлі ў 29-ю ракетна-зэнітную брыгаду, што пад Лепелем.

У сераду ў Баранавічы ў кайданках прывезьлі Франка Вячорку. Зьмітра Хведарука ноч з серады на чацьвер трымалі ў турме на вуліцы Акрэсьціна, а потым прывезьлі ў паліклініку для мэдычнага абсьледаваньня.

Іван Шыла знаходзіцца на тэрыторыі 29-й ракетна-зэнітнай брыгады, што ў вёсцы Межыцы пад Лепелем. Там жа служыць моладзевы актывіст Алесь Каліта.

Івана забралі 28 студзеня ўвечары з кватэры ў Салігорску. Спачатку адвезьлі ў ваенкамат. Пасьля таго як мэдыкі напісалі заключэньне, што ён прыдатны для службы ў войску, яго адвезьлі ў Менск.

Усю ноч Івана трымалі ў ваенкамаце Заводзкага раёну. Хлопец казаў, што падаў скаргу на дзеяньні вайскоўцаў і мэдыкаў у пракуратуру і суд. Ён спасылаўся на Крымінальны кодэкс і патрабаваў, каб яго прыцягнулі да адказнасьці за ўхіленьне ад службы ў войску.

Паплечнікі Івана пасьпелі перадаць яму некаторыя рэчы, калі хлопец быў яшчэ ў Заводзкім ваенкамаце. Потым яны яго ўжо ня бачылі.

Гаворыць Наста Палажанка:

“У апошні раз нам сказалі, што яго вывезьлі з Заводзкага ваенкамату ў абласны, каб паразмаўляць зь юрыстам, бо Іван пісаў шмат скаргаў. Іван патрабуе, каб супраць яго завялі крымінальную справу. Але пры гэтым бачна, што ў ваенкамата іншы загад”.

Зьмітра Хведарука таксама завезьлі ў ваенкамат. У 14-й гарадзкой паліклініцы мэдыкі, якімі камандавалі людзі ў цывільным, далі Зьмітру заключэньне, што ён прыдатны для службы ў войску.

Яго, як і Івана, затрымалі ў сераду ўвечары на кватэры і адвезьлі ў ваенкамат. Там Зьміцер паведаміў, што вучыцца на дзённым аддзяленьні. Пра гэта сьведчыла і даведка з багаслоўскага каледжу. Тады яго адвезьлі спачатку ў міліцыю, а потым у турму на Акрэсьціна. Міліцыянты сказалі Зьмітру Хведаруку, што ён “вінны” 10 сутак за ўдзел у сьвяткаваньні 1 траўня.

Вайскоўцы праігнаравалі даведкі з каледжу пра навучаньне Зьмітра, якія ім паказваў ягоны бацька Аляксандар Хведарук. Бацька апазыцыянэра лічыць, што ўладам не даспадобы профіль навучальнай установы.

“Калі б гэта яшчэ быў праваслаўны, то пытаньне было б вырашана станоўча. А тут іншая рэлігія, пратэстанцкая. Калі дзядзькі ў чыне маёраў прыехалі, каб адвезьці хлопца ў ваенкамат, то гэта ўжо пра нешта сьведчыць, напэўна”.

Франак Вячорка знаходзіцца другія суткі ў 8-й радыётэхнічнай брыгадзе ў Баранавічах. 28 студзеня яго затрымалі людзі ў цывільным, зьбілі і адвезьлі ў войска ў кайданках.

Франкаў бацька Вінцук Вячорка зьвярнуўся да генэральнага і вайсковага пракурораў з заявамі, у якіх патрабуе даць ацэнку парушэньняў, зьдзейсьненых падчас гвалтоўнага прызыву Франка:

“Сьцьвярджаю, што ён меў абсалютна ўзаконеную судом адтэрміноўку ажыцьцяўленьня любых прызыўных мерапрыемстваў сама меней на 7, а то й 10 дзён. Гэта ня ўлічваючы таго, што яму перапісалі і сфальсыфікавалі мэдычны дыягназ. Гэта ня ўлічваючы таго, што яго як мінімум тройчы невядомыя людзі ў цывільным хапалі на вуліцы, зьбівалі, надзявалі кайданкі. Пры гэтым яны камандавалі і міліцыянтамі, і вайскоўцамі, і дактарамі”.

Летась у войска забралі больш за два дзясяткі моладзевых актывістаў, сярод якіх Зьміцер Жалезьнічэнка, Алесь Каліта, Зьміцер Бялеў, Віталь Каратыш, Юры Дзяшук, Ігар Салавей і Сяржук Чайка.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі зьвярнуліся да беларускіх уладаў з заклікам спыніць гвалтоўны прызыў апазыцыянэраў у войска і прытрымлівацца заканадаўчых нормаў.

Гл. кроніку падзеяў: Вячорка і Шыла ў казармах, Хведарук -- на Акрэсьціна

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG