Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часта тое, што ты задумаў і рабіў, дзеля чаго траціў час і сілы, абяртаецца зусім іншым вынікам. Калі ня заўтра, дык праз сто гадоў.

Гісторыя, якую я сабраўся вам распавесьці, -- акурат пра такія мэтамарфозы. Cёньня яе галоўнаму герою спаўняецца 125 гадоў. Гэта Антон Луцкевіч, выдатны чалавек, літаратар і пэдагог, айцец-заснавальнік сучаснай беларускай дзяржаўнасьці.

А ўчора ўвечары, напярэдадні юбілею, пра гэты сюжэт нагадала і польская тэлевізія TV Polonia, якую глядзяць па ўсім сьвеце. Праўда, Луцкевіч там зусім не юбіляр і не герой, а -- хутчэй адмоўны пэрсанаж.

Сьвятыня і прыбіральня

Аднак пачнём спачатку. З пачатку 1920-х гадоў, калі радныя места Вільні (улада ў горадзе была польская) заявілі, што ў Базыльянскіх мурах, дзе працуюць беларускія ўстановы, у мэмарыяльнай вязьніцы Адама Міцкевіча зробленая прыбіральня! (З чаго яны гэта ўзялі – невядома.) Абурэньню грамадзкасьці няма канца... Выселіць беларусаў са сьвятых месцаў!

Гаворка ідзе пра “цэлю (кельлю) Конрада” -- памяшканьне ў былым базыльянскім манастыры, дзе за сто гадоў перад тым царскія ўлады зрабілі турму для сяброў таемных студэнцкіх таварыстваў філяматаў і філярэтаў і дзе паміж іншых быў зьняволены Адам Міцкевіч. Што рабіў малады паэт у турме? Вядома ж, пісаў вершы. Прычым так натхнёна, што крытыкі ахрысьцілі вязьніцу “месцам, дзе нарадзіўся польскі рамантызм”...

І раптам нейкія беларусы зрабілі ў гэтым месцы клязэт!

У адказ на гэта Антон Луцкевіч дамагаецца стварэньня двухбаковай беларуска-польскай камісіі й дэтальнага дасьледаваньня справы. У камісіі – славутыя гісторыкі, мастакі Ян Клос, Фэрдынанд Рушчыц ды іншыя, у тым ліку й тыя радныя, што прыдумалі гэты скандал. Па выніках працы камісіі Луцкевіч выпускае брашуру па-польску “Праўда пра “цэлю Конрада”, дзе даказвае, што насамрэч “цэля” знаходзілася ў будынку, якога даўно ўжо не існуе, а прыбіральня абсталяваная ў прыбудове, якой у часы Міцкевіча яшчэ не існавала. Брашура становіцца галоўнай крыніцай па тэме. Беларускія ўстановы – “апраўданыя”.

Паколькі будынку сапраўднай “цэлі” няма ў прыродзе, для месца паломніцтва турыстаў і літаратурных спатканьняў вылучаецца пакой на другім паверсе ў тым самым манастырскім корпусе, дзе месьцяцца беларускія гімназія й музэй.

Пачынаючы з 1927 году ў “цэлі Конрада” было праведзена ажно 400 літаратурных вечарын. Пасьля была вайна і доўгі савецкі пэрыяд, а ў 1992-м у адраджэньні традыцыі “літаратурных серадаў” браў удзел нобэлеўскі ляўрэат Чэслаў Мілаш. І адразу ж пачала зноў не зарастаць “народная трапа”...

Мэтамарфоза

Усё скончылася раптоўна, хутка й амаль незаўважна.

Сёньня ў старажытных Базыльянскіх мурах пануюць украінцы. Ім належыць царква, у якой па-украінску адбываюцца грэка-каталіцкія службы. А нядаўна ўжо знаёмы нам манастырскі корпус з “цэляй Конрада” стаў чатырохзоркавым гатэлем. Яго кіраўнік -- украінскі актывіст і бізнэсовец Віктар Чарнышук. І ўсе паперы ў яго ў парадку.

Колькі дзідаў было зламана культуролягамі! А бізнэс усе пытаньні вырашыў бяз шуму і спрэчак. Ня месца для турмы, хай сабе й мэмарыяльнай, у гатэлі. Новыя гаспадары “вынесьлі” Міцкевічаву вязьніцу з будынку на двор, дзе пабудавалі для яе адмысловы дамок-муляж, на якім напісалі “Цэля Конрада”.

Публіка зноў абураная такой прафанацыяй. І мае рацыю. У векавечных мурах гэты навабуд больш нагадвае цяперашнія прыбіральні ў цэнтры Ашмян ці Астраўца, чым нешта, зьвязанае зь Міцкевічам.

І вось у сваё апраўданьне бізнэсоўцы дастаюць брашуру Антона Луцкевіча – чытайце! Усё дасьледавана й даказана, не было ніякай вязьніцы ў гатэлі. А “цэля” была акурат на месцы, на якім мы яе адбудавалі.

Атрымліваецца, што Луцкевіч сваімі высілкамі гэтую цёмную справу – прыкрыў? Ці мог ён і падумаць пра такое? Пра тое, што некалі “цэлю” зьнішчаць, апраўдваючыся ягонай брашурай, гісторыка-культурная каштоўнасьць якой ужо сёньня непараўнальна большая за новы муляж?

Няма таго, што раньш было...

Праводзячы дасьледаваньне, Луцкевіч шматразова падкрэсьлівае, што “цэля” такая ж каштоўнасьць для беларусаў, як і для палякаў, бо гэта помнік агульнае спадчыны. За што ён змагаўся? За тое, каб усё было па-справядліваму і каб з-за нечых домыслаў у беларусаў не адымалі Базыльянскія муры, не выганялі адтуль Беларускую гімназію, Беларускі музэй, Беларускае навуковае таварыства і беларускіх дзеячоў, якія мелі ў мурах кватэры.

Ён перамог.

Але сёньня ў мурах нічога беларускага жывога – няма. Ані мілімэтра квадратнага!

Колькі спатрэбілася Луцкевічу аддаць часу, сіл, сродкаў, нэрваў, жыцьця, каб у пачатку 1920-х сьцьвердзіць і пераканаць усіх, што не было “цэлі” там, дзе цяпер прыбіральня, што прысутнасьць адной культуры зусім не абавязкова павінна азначаць, што другой тут не павінна быць, што, урэшце, беларусы – не дзікуны й выдатна разумеюць, хто такі Міцкевіч і наколькі важнае месца ягонага зьняволеньня, бо там, дзе так хораша пішуцца вершы, яны будуць пісацца заўсёды... Сьвердзіў, пераканаў, даказаў. І што ў “сухім выніку”?

Рукатворнае прадбачаньне

Ніколі б не падумаў, што Польшча так проста “аддасьць” “цэлю”. Аддала. Затое, зусім прадказальна, што юбілей айца-заснавальніка сучаснай беларускай дзяржаўнасьці адзначаецца сёньня “на ўправе БНФ” і толькі. У Вільні пра яго й ня ўспомняць. Дзякуй, што ўспомнілі хоць на TV Polonia, хоць у такім кантэксьце – як міжвольнага адваката вось гэтага муляжа і таму, натуральна, “пэрсанажа хутчэй адмоўнага”.

Ці мог Луцкевіч прадбачыць?.. Ня ведаю. Прадбачыць – значыць, мець плян ці хоць бы візію будучыні. А тут на ўласнае жыцьцё абернесься і здаецца, таго, што адбылося з табой праз трыццаць гадоў, ня мог уявіць у самых сьмелых фантазіях. Ці мог ён прадбачыць, што Вільня надоўга стане савецкай ды яшчэ й літоўскай сталіцай? Тады яна здавалася яму больш беларускім горадам, хоць і пад польскай уладай. Ці мог прадбачыць, што ўсё беларускае будзе сіламоц выкарчавана зь Вільні? Што яго самога ў 1942-м расстраляюць і пастараюцца забыць?..

Варта заўважыць, што ўсё гэта, чаго ён прадбачыць, прынамсі, не хацеў, рабілася навечна. Нават калі ў 1939-м Вільня была на месяц абвешчаная сталіцай Заходняй Беларусі, гэта таксама абвяшчалася навечна...

А што мы сёньня можам сказаць пра Беларусь у будучыні -- праз 50 ці 30 ці нават 10 гадоў?

Падобна на тое, што людзі ў прынцыпе страчваюць здольнасьць прадбачыць, неяк плянаваць жыцьцё, рабіць будучыню сваімі рукамі.

Нішто ня вечнае

Але так не павінна быць, бо неразумна. Страчваючы сілу прадбачаньня, мы самі ўтвараем наперадзе свайго шляху хаос. У нас няма агульных інструмэнтаў рабленьня будучыні сваімі рукамі, але ёсьць уласныя лёсы – у кожнага свой. І тут сапраўды шмат чаго можна прадбачыць. Тады з прыватнасьцяў складзецца агульнае.

Толькі ці хочам мы гэтага? Многім хацелася б “проста плысьці”...

Думаючы пра гісторыю Луцкевіча й “цэлі Конрада”, мушу канстатаваць, што ня маю рацыянальнае высновы з гэтай мэтамарфозы. А зь іншага боку, гэта ж мы з вамі, каму зразумелы й блізкі ягоны клопат, мы і ўвасабляем сабою ягонае прадбачаньне й надзею?

Так ці інакш, а гэтая даўняя гісторыя, чарговы раз вынырнуўшы, зноў схаваецца ў хвалі часу. Прадбачу, што гэта не канец. Бо не на сваім месцы пакуль у сьвядомасьці беларусаў Луцкевіч. І не на сваім месцы Міцкевіч. І нішто ня вечнае ў вечнай Вільні.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG