Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ад Леніна-Сталіна ў нас заўсёды парушаліся правы чалавека"


Гвалтоўн прызыў на тэрміновую вайсковую службу моладзевых палітычных актывістаў, лібэралізацыя эканомікі ды іншых галінаў жыцьця ў Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Супрацоўнікі спэцслужбаў зьбілі лідэра моладзі БНФ Франка Вячорку і ў кайданках адвезьлі ў вайсковую частку ў Баранавічах. Актывістаў “Маладога фронту” Зьмітра Хведарука і Івана Шылу з Салігорска таксама гвалтам даставілі ў ваенкаматы. Камэнтары слухачоў:

Спадар з Барысава:
“Ад злосьці Шылу, Вячорку, іншых маладых улада паймела,
іх злавіла, у ваеннае абмундзіраваньне адзела
і кажа ім у войску служыць.
У іншых краінах такога ня мае быць.
Каб быць у войску, патрэбны ўзаемны кантракт.
Пачынаючы ад Леніна-Сталіна, у нас заўсёды парушаліся правы чалавека, гэта факт”.

Cпадарыня: “Калі ўжо скончыцца лукашэнкаўскае безуладзьдзе? Што мы трымаем такую міліцыю за свае грошы, кормім, поім, адзяваем, а яны так сябе паводзяць?”

Пра лібэралізацыю эканомікі і грамадзкага жыцьця, якую абвясьціў кіраўнік краіны — у наступным тэлефанаваньні:

Cпадарыня: “Калі лібэралізацыю ацаніць у 5 балаў, то варта было Лукашэнку зрабіць крок на 1, як многія палітыкі, аналітыкі сталі пакрываць яго пушком і гатовыя сьпяваць у ягоны гонар гімны. З апошняга дыктатара Эўропы чалавек з выкшталцонай хітрасьцю літаральна пачаў ператварацца ў пушыстае кураня. Дзьве незалежныя газэты ў продажы, рэгістрацыя руху Мілінкевіча — Лукашэнка кінуў апазыцыю ў ціхую завадзь балота. Крызіс Лукашэнку загнаў у кут, але Эўразьвяз вырашыў яго выратаваць. Праз 2 месяцы ён прызнае сэпаратыстаў Грузіі, і яшчэ нямала сюрпрызаў ад Лукашэнкі чакае Эўразьвяз”.

Далей слухач выказваецца з нагоды абраньня новага маскоўскага патрыярха Кірыла:

Cпадар: “Паважаныя суайчыньнікі! Днямі ўся праваслаўная эліта выбрала новага патрыярха ўсяе Русі, які, у прыватнасьці, заявіў, што Расея, Украіна і Беларусь — і ёсьць Сьвятая Русь. А ці праўда гэта? Можа, некага гэтыя словы і ўзрадуюць. А мяне асабіста засмуцілі, бо ад гэтай патрыяршай прамовы патыхае імпэрскім захопніцкім духам, які вось ужо 400 год лунае над цывільным сьветам. У першую чаргу трэба адзначыць, што сьвятая Русь — гэта не Расея і не Беларусь, сьвятая Русь — гэта Кіеўская Русь. Расея сьвятой ніколі не была, бо яе імпэрскі захопніцкі дух ня можа быць сьвятым, паколькі ён пярэчыць сьвятым хрысьціянскім асновам”.

У наступным тэлефанаваньні слухач задае пытаньне:

Cпадар: “Адкажыце на пытаньне. Сёньня пачуў, што ўкраінская служба бясьпекі раскрые ўсе архівы КДБ, стукачоў усіх, здраднікаў, злачынцаў. У нас гэта дзяржаўная таямніца. Можа, мы пайшлі не па тым шляху, што не прынялі закон аб люстрацыі, каб адсунуць усіх былых КДБэшнікаў, партыйных функцыянэраў, камсамольцаў, адхіліць ад усіх пасад. І, можа, пайшлі б па нармальным шляху, па якім пайшлі прыбалтыйскія краіны”.

На пытаньне адказвае палітоляг Валеры Булгакаў:

“Я, канечне, падтрымліваю люстрацыю. І сэнс яе ня ў тым, каб учыніць расправу над людзьмі, якія працавалі на сыстэму. А менавіта каб выявіць і выкрыць тыя злачынствы, якія неаддзельныя ад аўтарытарнай ці таталітарнай дзяржаўнай машыны. Гэта значыць — як у цяперашняй Беларусі. Каб людзі ведалі, што злачынствы супраць чалавечнасьці ня маюць тэрміну даўніны”.

Працягваем праграму:

Яцкевіч: “Я пачуў, як адчытваў наш прэзыдэнт навукоўцаў — а чаму ж не? Ён жа ўсё ведае. Але ня ведае, што інтэлектуальная ўласнасьць у нас настолькі крадзецца, волі няма. Творчасьць — гэта свабода. Патрэбна, каб была свабодная душа, каб ня трэба было зьбіраць сто даведак у адно вакно, каб нейкую рацыяналізатарскую прапанову давесьці. У нас жа немагчыма нічога зрабіць. Ён ня бачыць, хоць і прэзыдэнт”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 293 912 224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG