Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячорка і Шыла ў казармах, Хведарук — на Акрэсьціна


Івана Шылу прывезлі ў вайсковую ракетна-зенітную частку №29 пад Лепелем у вёсцы Межыцы, дзе ўжо праходзіць службу Алесь Каліта.

20:20 Зьмітра Хведарука з ваенкамату Першамайскага раёну адвезьлі ў спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна.

18:00 Зьмітра Хведарука прывезьлі ў ваенкамат Першамайскага раёну. Вайсковы камісар, ягоны намесьнік і начальнік прызыўной камісіі — усе цяпер афармляюць адпраўку Хведарука ў войска. Пакуль невядома, ці накіруюць яго ў вайсковую частку сёньня, ці пакінуць да раніцы ў ваенкамаце.

16:00. Зьмітра Хведарука вывелі пад канвоем з 14 паліклінікі, ён пасьпеў паведаміць, што яго вязуць у ваенкамат.

12:20. Актывіста “Маладога фронту” Зьмітра Хведарука забралі з турмы на Акрэсьціна і павезьлі на мэдычнае абсьледаваньне ў 14-ю паліклініку Менску.

Бацькі хлопца лічаць, што хутчэй за ўсё адтуль яго адвязуць на прызыўны пункт.

Зімовы прызыў у войска сканчаецца 31-га студзеня.


***

Іван Шыла
16:00 Івана Шылу прывезлі ў вайсковую ракетна-зенітную частку №29 пад Лепелем у вёсцы Межыцы, дзе ўжо праходзіць службу Алесь Каліта.

11:20. Пра месцазнаходжаньне Шылы паведамілі супрацоўнікі Завадзкога ваенкамату.

Кіраўнік Салігорскай філіі “Маладога фронту” Іван Шыла ноч правёў у ваенкамаце Завадзкога раёну Менску. Яго прывезьлі туды з Салігорску позьнім вечарам 28 студзеня.

Фотарэпартаж на сайце saligorsk.org.

Шыла патрабуе, каб яму дазволілі падаць скаргу на дзеяньні вайскоўцаў і мэдыкаў.

Дагэтуль суд не разгледзеў папярэднюю скаргу хлопца на прымусовае мэдычнае абсьледаваньне. У той скарзе ён напісаў, што мэдыкамі і вайскоўцамі кіравалі невядомыя людзі ў цывільным.

Вайскоўцы паведамілі, што для Шылы ў абласны прызыўны пункт запрасілі юрыста.

Зьміцер Хведарук у судзе
Затрыманы 29 студзеня актывіст “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук знаходзіцца ў турме на вуліцы Акрэсьціна.

Міліцыянты прыгадалі, што моладзевы актывіст павінен адседзець 10 сутак за ўдзел у акцыі сьвяткаваньня 1 траўня 2008 году.

Ад бацькоў хлопца стала вядома, што вайскоўцы праверылі інфармацыю пра тое, што Зьміцер вучыцца на дзённым аддзяленьні Багаслоўскага каледжу. Але яны кажуць, што ў каледжа скончылася ліцэнзія. Пытаньне, ці прызываць Хведарука ў войска, вырашаецца.

Праваабаронцы абскарджваюць завочнае рашэньне суду арыштаваць Зьмітра Хведарука на 10 сутак за ўдзел у акцыі 1 траўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG