Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэцэдэнт у Сеньненскім раёне: штраф за фальсыфікацыю


У часе апошняй выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў на 36-м участку Сеньненскай выбарчай акругі ў вёсцы Ходцы быў устаноўлены і запратакаляваны факт фальсыфікацыі. На мясцовай жывёлагадоўчай фэрме за амаль два дзясяткі выбарцаў датэрмінова прагаласавала брыгадзірка Фаіна Ананенка. Выдала бюлетэні сябра выбаркаму, настаўніца пачатковых клясаў Натальля Нікіціна. За гэта нядаўна яна была асуджаная і аштрафаваная на 20 базавых велічыняў. Але ці стаў прэцэдэнт у Ходцах навукай – як для ўладаў, так і для апазыцыйных актывістаў?

Настаўніца Нікіціна з журналістамі пасьля суду сустракацца катэгарычна адмаўляецца. Прынцыповую пазыцыю на ўсіх стадыях справы займаў адзіны сябра Ходцаўскага выбаркаму ад апазыцыі, экс-старшыня калгасу Ўладзімер Галубцоў. Ён расказвае:

Уладзімер Галубцоў
“Вазьняк з сакратаром за тры дні да выбараў пайшлі ў Горныя Ходцы, Перакопава. А там фэрма. Зь людзьмі сталі гаварыць: за каго будзеце галасаваць? “За нас жа ўжо Фаіна прагаласавала, брыгадзір! Расьпісалася за ўсіх”. Варочаемся, напісалі пратаколы...”

Працягвае экс-кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, рэдактар апазыцыйнай газэты “Товарищ” Сяргей Вазьняк:

“Я патэлефанаваў у ЦВК, акруговую камісію, міліцыю, пракуратуру Сеньненскага раёну. Праз гадзіну ў Ходцах быў маёр міліцыі, склаў пратакол. Далей суд. Натальля Нікіціна атрымала штраф – 700 тысяч рублёў. За ўсю гісторыю лукашэнкаўскай Беларусі гэта першы выпадак, калі сябра выбаркаму, які рабіў фальсыфікацыі, атрымаў судовае пакараньне. Калі быў суд, Натальля Аркадзеўна прызнала, што яна дала бюлетэні і дазволіла расьпісацца брыгадзірцы...”

На судзе прысутнічаў Мікалай Петрушэнка, сябра ЦК ПКБ, які браў удзел у выбарчай кампаніі Вазьняка. Ён непрыемна ўражаны пачутым:

Мікалай Петрушэнка
“Судзьдзя павінна была вынесьці прыватнае азначэньне на адрас уладаў, яны ж яе зацьвярджалі. Ізноў усё паўторыцца на новых выбарах. Тая ж Нікіціна заяўляла: “Я з году ў год зьяўляюся сябрам выбаркаму”. Яна думала – пажыцьцёва. А далей пачынаецца цікавае. Раённая газэта “Наша Сенненшчына” таксама дала інфармацыю пра гэта. Але ж у бібліятэцы мы нумару не знайшлі”.

Ларыса Уладзімераўна, жонка спадара Галубцова, таксама засьведчыла:

“Я не атрымала гэтага нумару газэты...”

У Ходцаўскай бібліятэцы пытаюся, ці ёсьць Выбарчы кодэкс? Загадчыца Ларыса Паражынская, якая працуе тут 30 год, зьдзіўляецца:

“Канстытуцыя ж у нас ёсьць. Ну неяк не падумалі яны. Мой бацька таксама кажа: дзеткі, прагаласуйце за мяне...”

Надзея Шабусава
Днямі ў Ходцах гутарыў са старшынёй сельсавету Надзеяй Шабусавай, таксама сябрам выбаркаму. Вось як, па яе словах, тутэйшыя ўладныя людзі “падтрымалі” Нікіціну:

“Вядома, была вельмі разгубленая. Уся камісія дапамагла і “скінулася” на гэты штраф. Такое магло здарыцца з кожным. Яна апынулася крайняй...”

Камэнтар рэдактара газэты “Товарищ” Сяргея Вазьняка:

“Тое, што ўся камісія “скінулася” на штраф, толькі пацьвярджае: у сыстэму фальсыфікацыяў былі ўцягнутыя дзясяткі тысяч людзей. Няхай яны ня думаюць, што гісторыя скончылася і ўсё далей будзе ім сыходзіць з рук! Калі будуць прэзыдэнцкія выбары, Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы павінны перавесьці такія прэцэдэнты ў пастаянную выбарчую практыку...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG