Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі палітык, актывіст руху “За свабоду” й намесьнік старшыні абласной арганізацыі АГП Уладзімер Кацора, а таксама кіраўнік гарадзкога аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня “Прававая ініцыятыва” Леанід Судаленка атрымалі прапанову забраць у мясцовай управе КДБ кампутары, якія ім належаць.

Старшы памочнік абласнога пракурора Іван Булановіч паведаміў, што згаданыя кампутары выключаныя са сьпісу рэчавых доказаў у крымінальнай справе, распачатай супраць мясцовых маладафронтаўцаў за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Кампутары знаходзяцца ў сьледчага УКДБ Дзьмітрыя Седлярова.

У гэтай сувязі яшчэ чатыры грамадзкія актывісты — Васіль Палякоў, Галіна Скараход, Яўген Казлоў і Андрэй Толчын — накіравалі заявы ў абласную пракуратуру з патрабаваньнем вярнуць і ім адабраныя кампутары.

Пры канцы 2007 году супрацоўнікі УКДБ пад маркай крымінальнай справы, распачатай супраць “Маладога Фронту”, правялі маштабныя ператрусы ў гомельскім офісе АГП, а таксама ў актывістаў і іх сваякоў. Падчас ператрусаў чэкісты й забралі аргтэхніку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG