Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ "абрынуў" беларускі рубель


Пётар Пракаповіч
Пётар Пракаповіч
Аднаразовая дэвальвацыя беларускага рубля адразу на 20,5% была справай вымушанай. На ёй настаяў Міжнародны валютны фонд. Пра гэта сёньня заявіў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч.

Пётар Пракаповіч сказаў, што аднаразовая дэвальвацыя была зроблена асэнсавана. Маўляў, у нас, як у дактароў, не было іншага выйсьця:

“Мы тры месяцы даказвалі, што ў нашых варунках лепш праводзіць паступовую дэвальвацыю. Мы дасягнулі поўнай згоды, на колькі працэнтаў трэба дэвальвацыя. На жаль, мы не змаглі даказаць, што наш папярэдні досьвед 5-6 гадоў сьведчыць пра карысьць менавіта паступовай дэвальвацыі.

Але ў гэтых варунках мы не маглі рызыкаваць і не дасягнуць пагадненьня з МВФ. Таму што вельмі шмат чаго было пакладзена на шалі. Дасягненьне пагадненьня з МВФ азначае дасягненьне пагадненьня з усімі найбуйнейшымі краінамі сьвету, з усімі фінансавымі арганізацыямі. Гэта адкрыцьцё магчымасьцяў атрымліваць крэдытныя рэсурсы і падтрымку“.

Між тым Уладзімер Пуцін у інтэрвію амэрыканскаму інфармацыйнаму агенцтву Блумбэрг супрацьпаставіў расейскія падыходы беларускім. Спадар Пуцін, праўда, не ўжываў слова “Беларусь”. Але зь ягонай цытаты ясна вынікае, каго ён меў на ўвазе:

“Мы ж не зрабілі тое ж самае, як у некаторых краінах зрабілі. Мы ня „грохнулі“ нацыянальную валюту зь сёньня на заўтра. Мы ўсё гэта рабілі плаўна і акуратна. Асэнсавана пайшлі на тое, каб траціць золатавалютныя рэзэрвы, даць магчымасьць удзельнікам эканамічнай дзейнасьці, уключаючы і грамадзянаў, асэнсаваць працэсы, якія адбываюцца, і прыняць адпаведныя рашэньні: каму куды ісьці, у якую валюту, у рублях застацца, пайсьці ў даляры, у эўра, яшчэ штосьці зрабіць, пайсьці ў нерухомасьць і так далей”.

Былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку прафэсар Станіслаў Багданкевіч кажа, што ён цалкам падзяляе выказваньне Ўладзімера Пуціна:

“Я лічу, што мы мусілі арыентавацца на попыт і прапанову валюты. І калі попыт узрос і трэба было выдаткоўваць рэзэрвы, то быў самы зручны момант для павольнай, плаўнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Ніякага шоку не было б, і гэта выглядала б нармальным.

Мы ж нават у студзені яшчэ патрацілі 100 мільёнаў даляраў з рэзэрвовага фонду на падтрымку курсу. То бок ён і цяпер яшчэ працягвае падаць“.

Пётар Пракаповіч сёньня сказаў: Беларусь спадзяецца атрымаць яшчэ крэдыты ад Усясьветнага банку, Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, ад урадаў некаторых эўрапейскіх краінаў. У Менску, паводле ягонай інфармацыі, чакаюць пазыкі ў памеры аднаго мільярда даляраў ад Усясьветнага банку ўжо ў красавіку-траўні.

Прафэсар Багданкевіч лічыць: цяперашні курс беларускага рубля ўтрымаць у зададзеных межах — немагчыма. Не дапаможа тут і крэдытаваньне з-за мяжы:

“Любыя зьнешнія крэдыты, на жаль, ідуць на спажываньне, а не на мадэрнізацыю, абнаўленьне вытворчасьці. Мы праядаем іх, і ўсё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG