Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Грошы буду трымаць у шкляным слоіку ў склепе”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 28 студзеня 2009 году


Асноўны настрой аўтараў большасьці лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя студзеньскія дні, — трывога і няпэўнасьць, выкліканыя эканамічнымі праблемамі. За апошнія месяцы жыцьцё значна ўскладнілася амаль для кожнай беларускай сям’і.

На тэму эканамічнага крызысу пішуць, разважаюць, задаюць пытаньні многія слухачы “Свабоды”.

Нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну гвалтоўная дэвальвацыя нацыянальнай валюты зачапіла гэтак жа балюча, як і сотні тысяч іншых беларускіх грамадзянаў, якія верылі запэўніваньням улады наконт стабільнасьці. Вось як піша пра гэта сам слухач:

“Вось так: прачнуўся 2-га студзеня — а мае грошыкі, якія зьбіраў на падвядзеньне газу да дома, плянаваў ды разьлічваў — ляснулі. Мара лопнула, як мыльная бурбалка.

Людзі цяпер імкнуцца пазбавіцца ад рублёў. З нашай мясцовасьці ўсе едуць ва Ўкраіну, там тавары таньнейшыя. Вязуць усё — што трэба, а часам што і ня трэба. Абы ўкласьці ў што-небудзь кроўныя рублі.

Цяпер ужо мы, навучаныя горкім досьведам, будзем трымаць зьберажэньні ў цьвёрдай валюце. І ня ў банках, а ў шкляных слоіках у склепе...

Дзяржава хітруе, уводзіць людзей у зман. Лукашэнка, напэўна, усё гэта ведаў, безь яго такое рашэньне не прынялі б. Але ж у нас закон як дышла...

Народ пакуль цярпіць, але і ў нас настроі мяняюцца. Думаю, хутка могуць быць такія ж хваляваньні, як і ў Літве ды Латвіі.

Вельмі шмат цяпер гавораць пра магчымае падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Зусім магчыма, што так і зробяць у сувязі з крызісам. Старыя чакаюць абяцанага падвышэньня пэнсій на 14 працэнтаў. А адкуль на гэта ўзяць грошы? Толькі за кошт тых пэнсіянэраў, якія працуюць. Увогуле, гэта лягічна. Працоўныя месцы патрэбныя моладзі. А то ў нас ёсьць і такія, што пасьля службы ў міліцыі выходзяць на пэнсію ў 40 гадоў і пасьля гэтага ўладкоўваюцца на новую працу, каб мець фактычна два заробкі. А маладым у выніку няма дзе працаваць”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Бадай, больш, чым праблема пэнсійнага ўзросту, беларускіх дзядуль і бабуль хвалюе пытаньне справядлівасьці пры налічэньні пэнсіяў. Чаму сьлесар ці токар, які 40 год прастаяў ля заводзкага станка, атрымлівае 400 тысяч рублёў пэнсіі, а адстаўны вайсковы маёр, які два дзясяткі год дурыў салдатам галовы палітзаняткамі, — больш як мільён? Магчыма, у Савецкай арміі, калі таго маёра маглі паслаць служыць на Чукотку ці ў Аўганістан, такія прывілеі і былі апраўданыя. Але цяпер, калі беларускія вайскоўцы далей, чым у Берасьці і Гомелі, ня служаць і ні ў якіх войнах ня ўдзельнічаюць — чаму іх пэнсія павінна так адрозьнівацца ад працоўных пэнсіяў рабочых і калгасьнікаў?

Наш даўні аўтар Валеры Грыцук зь Менску, падсумоўваючы вынікі мінулага году і разважаючы пра маральны стан цяперашняга беларускага грамадзтва, прыйшоў да наступнай высновы (цытую ліст):

“Дэмаралізацыя, татальная адмова ад агульначалавечых каштоўнасьцяў — гэта стан нашага грамадзтва, а таму і дэмакратычныя ідэалы ня вабяць насельнікаў Беларусі. Але, як кажуць, “рыба гніе ад галавы”. Улада шмат разоў паказала, што яна — гаспадыня свайго слова: хоча — дае, хоча — забірае назад. Дзеяньні самых высокіх урадоўцаў прадэманстравалі, што закон у нас ёсьць толькі на паперы і выкарыстоўваецца ўладамі для пакараньня апазыцыянэраў ды іншых няўгодных асобаў. Больш за тое, галоўны змагар з карупцыяй абвясьціў пра сваё бясьсільле, здаўся ёй. Але карупцыя — віна ня толькі ўлады, грамадзяне таксама адказныя за гэты маральны бруд.

Прыклад — Баўгарыя. Там ледзь ня кожны грамадзянін адкрыта даваў хабар: да кожнай заявы ў адміністрацыю прышпільвалі па 10—20 леваў”, — піша ў сваім лісьце на “Свабоду” Валеры Грыцук зь Менску і працягвае:

“Лічу, што гэта ўлада ў Беларусі маральна разбэсьціла людзей. Прыклад. Адзін мой знаёмы робіць печкі — ужо 10 гадоў. У 2008-м ён заўважыў, што яго сталі масава падманваць — многія заказчыкі не плацілі за работу. То бок у грамадзтве стала НАРМАЛЬНЫМ ашукаць іншага чалавека!

І адносна карупцыі ў мясцовай “вэртыкалі”. Я ўжо 18 гадоў кажу: без улады дэмакратычных дэпутатаў карупцыю не перамагчы!

Можа, у рамках лібэралізацыі Лукашэнка на датэрміновых выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў прапусьціць дэмакратаў?

Зьвярнуў увагу на афіцыйныя паведамленьні пра адну з апошніх нарадаў з удзелам Лукашэнкі: “Коррупция в Беларуси, по оценке главы государства, из хронического заболевания переросла в раковую опухоль”. Але, калі далей рабіць параўнаньне з гэтай хваробай, то што чакае наш дзяржаўны арганізм у блізкай будучыні? Атрымліваецца, што Беларусі пагражае сьмерць па віне Лукашэнкі, які абяцаў у 1994 годзе перамагчы карупцыю? Ён, калі памятаеце, абяцаў нават першых выкрытых карупцыянэраў “выправіць у Гімалаі”. Але ж тых урадоўцаў-карупцыянэраў урэшце пакінуў працаваць ва ўрадзе. А далей ужо пайшло-паехала…”
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Валеры Грыцук зь Менску.

Ня думаю, спадар Грыцук, што толькі дэмакратычна абраныя дэпутаты здольныя эфэктыўна супрацьстаяць карупцыі. Увогуле, той сьвет, які прынята называць цывілізаваным, даўно выпрацаваў сыстэму, у якой рознага кшталту хабарнікі ды ліхаімцы адчуваюць сябе ў заўсёднай небясьпецы. Чыноўнік, які прымае рашэньні, зьвязаныя з разьмеркаваньнем дзяржаўных грошай альбо ўласнасьці, павінен адчуваць, што любое з гэтых рашэньняў — навідавоку. І што ў любы час яго можа пракантраляваць ня толькі ягоны непасрэдны начальнік, але і не залежныя ад яго пракуратура, дэпутацкая камісія, журналіст незалежнай газэты. І ўсё гэта імгненна можа стаць здабыткам галоснасьці і прадметам разгляду ў незалежным судзе.

А якая сыстэма створана ў Беларусі? Любы старшыня райвыканкаму можа, зьняўшы тэлефонную трубку, цыкнуць на старшыню райсавету і любога дэпутата, прымусіць маўчаць мясцовую пракуратуру, загадаць рэдактару мясцовай газэты адмовіцца ад публікацыі і даць параду мясцоваму судзьдзі, ад якой той ня зможа адмовіцца. І што ў выніку? Так, такая “вэртыкаль” вельмі зручная для аднаасобнага кіраваньня з цэнтру. Але адначасова яна ў такім выглядзе гніе, распадаецца знутры.

У Юры Чарнова зь вёскі Янавічы Клецкага раёну ўласны пункт гледжаньня на тое, каму можна, а каму нельга даваць слова ў эфіры Радыё Свабода. Слухач піша:

“Выдатна разумею, што на Радыё Свабода павінны быць свабода слова і перакананьняў, асьвятленьне розных падыходаў да актуальных праблем. Але, тым ня менш, лічу, нельга даваць слова розным камуністам (і апазыцыйнай ПКБ у тым ліку). Бо, як паказала гісторыя, усе камуністы нашай часткі Эўропы былі народжаныя ў Маскве — то бок служылі волі Масквы, а не сваім народам. А камуністы беларускія нават больш рэакцыйныя, чым іхныя расейскія калегі.

Таксама трэба адкінуць усю псэўдадэмакратычную лібэральную мішуру і пачаць рэальна адраджаць беларускае грамадзтва. Удакладню: нельга дапускаць у эфір на радыё людзей, якія займаюцца палітыкай прафэсійна, якія адпрацоўваюць чужыя грошы дзеля чужых інтарэсаў. Гэтая псэўдадэмакратычная публіка душыць, замінае разьвівацца беларускаму вызвольнаму руху. Тыя дзялкі, якія за грошы служаць Расеі ды эўрабюракратыі, адурманьваюць беларускі народ і дапамагаюць акупацыйнаму рэжыму, праводзячы любыя выбары ды адмаўляючыся ад актыўнага байкоту. Іхная дзейнасьць, як сказаў спадар Зянон Станіслававіч Пазьняк, шкодная і супярэчыць інтарэсам беларускай нацыі. Беларусь — гэта асобная краіна з асобнай гісторыяй, і нам ня месца ў лібэральным Эўразьвязе, які неўзабаве стане бязбожным”, —
гэтак лічыць Юры Чарноў зь вёскі Янавічы Клецкага раёну.

Калі наладзіць такі адбор, як прапануеце вы, спадар Чарноў, то ці не атрымаем мы ў выніку партыйнае ідэалягізаванае радыё, без дыскусіяў і сутыкненьня думак, дзе ўвесь эфір будзе аддадзены прапагандзе адных і крытыцы, а то і шальмаваньню другіх? Вам не здаецца, нешта гэта нагадвае — штосьці такое да болю знаёмае?.. Там, дзе зьяўляюцца такія ідэалягічныя фільтры, дзе нейкая палітычная сіла абвяшчае, што толькі яна валодае манаполіяй на ісьціну — зьнікаюць і дыскусія, і незалежная думка, а ўрэшце — і цікавасьць людзей да такіх мэдыяў.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Ніны Ярмалінскай з Салігорску — пра тое, што значыць для яе Радыё Свабода. Слухачка піша:

“Думаю, зусім не выпадкова ў некаторыя дні замест перадач “Свабоды” з прыймача чуюцца толькі шум і трэск. Мяркую, што “Свабоду” глушаць спэцслужбы — каб людзі не маглі даведацца, што ў нас у гэтыя дні на самой справе адбываецца. І каб ня ведалі, што ў краіне сёньня ня толькі фінансава-эканамічны, але і палітычны крызіс.

Але ж будзем спадзявацца, што ў бліжэйшы час з Божай дапамогай усё наладзіцца. Мы — нацыянальныя патрыёты, рэалісты і аптымісты. Таму будзем жыць і змагацца за нашу Бацькаўшчыну і яе дабрабыт”.


Дзякуй, спадарыня Ніна, вам і ўсім, хто, нягледзячы на ўсе перашкоды, на эфірны шум і трэск, знаходзіць нашу хвалю і слухае “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG