Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ хоча, каб тэлебачаньне гучала па-беларуску

  • БелаПАН

Cтаршыня "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алег Трусаў дамовіўся зь кіраўніком Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандрам Зімоўскім аб пашырэньні ўжытку беларускай мовы на тэлебачаньні.


Падчас сустрэчы, якая адбылася па ініцыятыве старшыні ТБМ, былі разгледжаны сем прапаноў кіраўніцтву дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.

Паводле А.Трусава, дасягнутая дамоўленасьць заснаваць 10—15-хвілінную перадачу "Гаворым па-беларуску", стварыць цыкл перадач на беларускай мове на гістарычную тэматыку, прычым першы зь іх прысьвяціць 600-годзьдзю перамогі беларусаў у складзе войскаў Вялікага княства Літоўскага ў Грунвальдзкай бітве. Таксама сумесна з Інстытутам мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Акадэміі навук будзе падрыхтавана перадача да 10-х угодкаў Міжнароднага дня роднай мовы. Штомесяц плянуецца ладзіць тэматычныя тэледыскусіі па пытаньнях беларускай мовы і культуры з удзелам грамадзкіх арганізацый, у тым ліку ТБМ, Таварыства беларускай школы і Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына". Дамоўлена аднавіць дубляж замежных фільмаў на беларускую мову з паказам на айчынных тэлеканалах.

Аднак дзьве прапановы ТБМ зрабіць у пэрспэктыве цалкам беларускамоўным Першы нацыянальны канал Беларускага тэлебачаньня, а беларускамоўную рэкляму даваць па крыху меншым кошце, чым расейскамоўную, паводле А.Зімоўскага, патрабуюць асобнага разгляду.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG