Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачынаецца Ўсясьветны эканамічны форум у швайцарскім Давосе. Ён праходзіць пад дэвізам “Фармуючы посткрызісны сьвет”. Напярэдадні яго заснавальнік, прафэсар Кляўс Шваб заявіў, што сёлета сустрэча будзе гістарычнай як тэмаю, якую абмяркуюць, так і колькасьцю ўдзельнікаў. Ці паедуць на форум прадстаўнікі Беларусі?

Паводле арганізатараў, у Давос зьбяруцца больш за дзьве з паловай тысячы прадстаўнікоў уладных структураў, бізнэс-элітаў і грамадзкіх арганізацыяў амаль са ста краінаў сьвету. Чакаецца прыезд 43 кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў. Сярод іх прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Гордан Браўн, фэдэральны канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў і прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка. Расейскую дэлегацыю ачоліць прэм’ер-міністар Уладзімір Пуцін. Паводле Кляўса Шваба, форум павінен стаць своеасаблівай “санаторыяй” для агульнага аздараўленьня хворай сусьветнай фінансавай і эканамічнай сыстэмы.

У прэсавых службах прэзыдэнта, беларускага Міністэрства замежных справаў і ўраду паведамілі, што ня маюць інфармацыі пра ўдзел прадстаўнікоў зь Беларусі ў давоскім форуме. Хаця туды можна трапіць і без запрашэньня. Дырэктар аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка адзначыў:

“На такім эканоміць нельга. Можна зэканоміць на нейкіх велатрэках. Гэта ж эканамічная выведка, ацэнка сытуацыі. Дрэнна, калі гэтага ў нас не атрымалася. Важна зьвяраць гадзіньнікі, увесь час быць у рытме ўсясьветнай эканомікі. Бо адна з нашых хваробаў – правінцыйнасьць. Правінцыйныя міністры, правінцыйныя чыноўнікі. Іх трэба ўстрэсваць”.

Дарэчы, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў 1998 годзе пабываў на бізнэс-форуме ў Кран-Мантана, які меншы па маштабах у параўнаньні з давоскім. Але тая паездка згадваецца ў сувязі са скандалам. Калі падчас выступу кіраўніка Беларусі ўзьнікла перапалка і адзін з удзельнікаў форуму публічна назваў А.Лукашэнку дыктатарам і прадказаў, што ён скончыць свае дні, як усе дыктатары, Лукашэнка пакрыўдаваў – і дэманстрацыйна пакінуў залю паседжаньня.

Аднак, нягледзячы на гэты няўдалы вопыт, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук таксама лічыць неабходным удзел прадстаўнікоў Беларусі ва Ўсясьветным эканамічным форуме ў Давосе, бо гэта добрая пляцоўка для сустрэчаў на розным узроўні:

“Калі мы кажам пра неабходнасьць маркетынгу краіны, безумоўна, у такіх мерапрыемствах трэба ўдзельнічаць, трэба прадстаўляць краіну, трэба гаварыць пра рэформы. Трэба сябе паказаць, людзей пачуць. Паглядзець, які наагул парадак дня ў сьвеце. Пратэставаць тыя ідэі, якія мае ўрад. Безумоўна, трэба было ехаць. Але хто ж паедзе? Трэба ж, каб чалавек валодаў мовай, ведаў і макраэканоміку, і мікраэканоміку. І каб мог адчуваць сябе свабодна сярод людзей, якія ня толькі варочаюць мільярдамі даляраў, але таксама добра ведаюць эканамічную тэорыю”.

Усясьветны эканамічны форум праводзіць штогадовыя сустрэчы на вядомым гарналыжным курорце Давос. Выняткам быў 2002 год, калі сэсія адбылася ў Нью-Ёрку на знак салідарнасьці з ЗША пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году. Давос знакаміты тым, што зьбірае найбольш уплывовых людзей сьвету і дае магчымасьць палітычным апанэнтам сустрэцца ў неафіцыйных абставінах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG