Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежным прафсаюзам паабяцалі, што іх зарэгіструюць


Магілёўскі аблвыканкам, Асацыяцыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў разам з абласным аб’яднаньнем афіцыйных прафсаюзаў абяцаюць абараніць рабочых рэгіёну ад наступстваў ўсясьветнага фінансавага крызісу. Днямі яны заключылі трохбаковае пагадненьне.

Незалежныя прафсаюзныя аб’яднаньні ў абмеркаваньні пагадненьня ўдзелу ня бралі, бо ня маюць дзяржаўнай рэгістрацыі, хоць працуюць актыўна. Напрыклад, прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці ў 2008 годзе здолеў у судовым парадку спагнаць з адміністрацыяў прадпрыемстваў каля дванаццаці мільёнаў рублёў работнікам, якіх незаконна звольнілі.

Падпісанае трохбаковае пагадненьне – аснова для складаньня дамоваў між наймальнікамі і працоўнымі калектывамі. Удзельнікі пагадненьня абяцаюць абараніць працоўных ад наступстваў крызісу.

“Вызначаны рэкамэндацыі для ўключэньня ў калектыўныя дамовы дадатковых гарантыяў работнікам пры выкарыстаньні кантрактнай формы найму. А таксама меры для павышэньня сацыяльнай абароненасьці работнікаў, арганізацыі іх навучаньня і ўмацаваньня эканамічнага стымуляваньня”, – паведаміў начальнік управы эканомікі аблвыканкаму Мікалай Дудзінскі.

Дзяржаўныя прафсаюзы, паводле афіцыйнай інфармацыі, будуць асабліва дбайна высочваць факты незаконнага скарачэньня работнікаў з прадпрыемстваў.

“Сюды трапілі пункты, абавязковыя для выкананьня ўсімі сацыяльнымі партнэрамі: што да заробкаў, тэмпаў росту вытворчасьці, вырабу тавараў народнага спажываньня, беспрацоўя, занятасьці таксама”, – запэўнівае прадстаўнік абласнога аб’яднаньня прафсаюзаў.

Юрыст незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Каралёў лічыць: чакаць выкананьня дзяржаўнымі прафсаюзамі абяцанага не выпадае. Паводле спадара Каралёва, найчасьцей функцыянэры бароняць пазыцыю кіраўніцтва прадпрыемстваў:
Людзі не зьвяртаюцца да дзяржаўных прафсаюзаў...


“Людзі проста не зьвяртаюцца да дзяржаўных прафсаюзаў, бо ня вераць, што яны будуць бараніць іх у судах. Да нас прыходзяць людзі, якія хочуць звольніцца праз тое, што наймальнік парушае ўмовы кантракту. За 2008 год было дваццаць два суды. У гэтых судах я бараніў каля сарака пяці чалавек. Ім мы вярнулі каля дванаццаці мільёнаў рублёў”.

Незалежныя прафсаюзныя аб’янаньні адхіленыя ад удзелу ў абмеркаваньні працоўных дамоваў між наймальнікамі й працоўнымі. Прычына – у іх няма дзяржаўнай рэгістрацыі.

У панядзелак восьмы раз кіраўніцтва гарадзкой арганізацыі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці падало ў гарвыканкам дакумэнты на рэгістрацыю.

“Некалькі дзён таму была сустрэча прадстаўнікоў Савету міністраў, прафсаюзных фэдэрацыяў і незалежных прафсаюзаў, а таксама Міжнароднай арганізацыі працы. На ёй разглядаліся пытаньні парушэньня правоў незалежных прафсаюзаў. І ўлады нібыта гарантавалі, што правы больш парушацца ня будуць і пытаньні з рэгістрацыяй будуць вырашацца. Таму мы спадзяемся, што нас усё ж зарэгіструюць”, – кажа Аляксандар Каралёў.
Мы спадзяемся, што нас зарэгіструюць...


Афіцыйнай падставай для адмовы ў рэгістрацыі магілёўская выканаўчая ўлада называе адсутнасьць юрыдычных адрасоў. Сытуацыя разьвіваецца паводле звыклай за шмат гадоў схемы. Спачатку ўладальнік нібыта пагаджаецца аформіць усе неабходныя дакумэнты, але потым у гарвыканкаме высьвятляецца – ён ад свайго намеру ўжо адмовіўся. Актывісты прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці лічаць: на арандадаўцу проста чынілі ціск. Апошні раз спрабавалі зарэгістраваць прафсаюзную арганізацыю летась у лістападзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG