Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскі мастак-графік Юры Якавенка ажыцьцявіў выданьне ў Італіі твору Міколы Гусоўскага “Песьня пра зубра”. Гэта кніга ручной работы, кожны зь яе 150-ці асобнікаў каштуе сёньня 1000 эўра. Тры калекцыянэры – у Вене, Горадні і Кіеве – ужо набылі новае выданьне паэмы. Для яго Юры Якавенка зрабіў 11 ілюстрацыяў. Мастака наведаў наш карэспандэнт, якому Юры Якавенка паказаў сыгнальны асобнік.

Карэспандэнт: “Юры Якавенка разарваў стужку шырокую, і гэта сыгнальны экзэмпляр. Чым ён адрозьніваецца? Літары на вокладцы будуць залатыя?”

Якавенка: “Так, залатымі літарамі будзе “Мікола Гусоўскі”, а ўсё астатняе – чорнымі, а вокладка белая. Я вельмі хацеў, каб была белая, і выкарысталі казіны пэргамэнт нефарбаваны, з часам яна пажаўцее. Выкарыстана тут папера ручной работы, фірма вядомая – “Firmi”, ёй чатырыста гадоў”.

Юры Якавенка гартае новае выданьне "Песьні пра зубра"

Карэспандэнт: “Гэта італьянская фірма, якая вырабляе паперу, так?”

Якавенка: “Так. А кніжка пачынаецца з партрэта Гусоўскага. У нас многа яго выяваў: і Басалыгі, і Куліка, і Басалыгі малодшага. Мне хацелася зрабіць яго па-свойму, і каб ён рэнэсансавы быў, і каб, з другога боку, улічыць біяграфію паэта: апошнія гады жыцьця ён моцна хварэў. Таму мне хацелася ў партрэце і паэтычны настрой для кніжкі задаць, і біяграфічную ноту: таму я й вочы яму заплюшчыў, каб быў выгляд хваравіты”.

Карэспандэнт: “Ён такі бляклы, нібыта пры сьвятле Месяца, сапраўды такі нечаканы і адрозьніваецца ад усіх іншых партрэтаў”.

Якавенка: “Я ўзяў форму круга для ілюстрацыяў, яна даволі традыцыйная для італьянскага мастацтва эпохі Адраджэньня”.

Партрэт Міколы Гусоўскага

Карэспандэнт: “Я бачу, што папера адмысловая, зь няроўнымі краямі, неабрэзаная – так, як гэта калісьці рабілі?”

Якавенка: “Так, гэта з той прычыны, што рабілі яе рамесьнікі. Былі формы, папера туды залівалася, яна адлежвалася, і краі, натуральна, былі рваныя. І мы вырашылі так пакінуць, бо гэта надае ёй выгляд нефабрычнай, а ручной работы, гэта адразу відаць. Магчыма, у Беларусі гэта першая кніжка на такім узроўні зробленая”.

Ваяры Вялікага Княства Літоўскага

Карэспандэнт: “Як узьнікла гэтая задума – выдаць на мове арыгіналу, на лаціне, паэму Міколы Гусоўскага “Песьня пра зубра”, прычым выдаць у Італіі?”

Якавенка: “У Італіі яна ніколі не выдавалася. Яна была напісаная там і прызначаная, паводле легенды, для папы рымскага, але выдадзена там ніколі не была. Таму ідэя ўзьнікла выдаць яе менавіта ў Італіі і падарыць папу. Я хацеў гэтае кола замкнуць: паэт пачаў, але справа не дайшла да заканчэньня лягічнага. Хтосьці павінен быў гэта зрабіць: выдаць яе ў Італіі і перадаць у дар Ватыкану... Італьянцы падтрымалі гэтую ідэю”.

Карэспандэнт: “А дзе канкрэтна яна была выдадзеная, у якім горадзе?”

Якавенка: “У горадзе Сан-Бэнэдэта дэль Тронта, правінцыя Аскалі на Адрыятыцы”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG