Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Новікава: “Усе мае вучні – спрэс сябры БРСМу. Але…”


Грамадзкая рэдактарка гэтага тыдня на радыё “Свабода” Марыя Новікава – адна зь пераможцаў праведзенага нашым радыё конкурсу бардаўскай песьні. Намінацыя, дзе Марыі не было роўных, называлася “Свабода на барыкадах”.

Марыя Новікава закончыла музычную вучэльню ў Наваполацку, затым – сталічны пэдунівэрсытэт імя Максіма Танка, цяпер працуе ў школе мястэчка Самахвалавічы, што пад Менскам. Адначасова ўжо тры гады яна – арганістка вядомага на ўсю краіну касьцёлу сьвятых Сымона і Алены.

Сёньня Марыя Новікава расказвае пра сваіх выхаванцаў – школьнікаў.

– Я ўжо больш за шэсьць гадоў працую ў школе, а да таго шмат часу правяла ў дзіцячай бібліятэцы – там шчыруе мая мама. Можна сказаць, варылася і варуся ў дзяцінстве. І вырастаць зь яго не зьбіраюся – надта ўжо ня хочацца быць гэтакай грознай вучылкай, з прынцыпам “бяз дулі не да носу”...

Асноўныя мае сябры – гэта шостая кляса. Музыканты мае. Бо школа з музычным ухілам і саліднай музычнай катэдрай. І таму ўжо музыкі яны на ўсе застаўкі!

А гэтым летам вылятае ў вялікі сьвет мой першы выпуск, мае крылатыя жэўжыкі... Люблю іх страшэнна, да адзінаццатай вяла іх зь пятай клясы.

Яны цяпер вялікія – большыя за мяне на тры галавы і ўсе спрэс сябры БРСМу...

Гляджу і адчуваю, што гэта – нібы іншаплянэтнікі. Ці, можа, я такая іншаплянэтніца?

Што іх цікавіць, турбуе? Асноўная праблема – куды падацца? Бо ў цэнтры Самахвалавічаў школа, а за ёй – плошча, а там піва зь нечым мацнейшым – мне страшна робіцца...

Ведаеце, адзін у сшытак запісвае песьні пра сьмерць і самагубства. Другі рот адкрые – цэнзурныя толькі злучнікі ў той гаворцы. А трэці папросту жыве ў навушніках: здаецца, яны ўжо прырасьлі да яго. І ўся школа дыміць...

Але... Але вочы блакітненькія, даверлівыя, шчырыя – такі сабе дракончык!

І яшчэ шчасьце – на творчыя прапановы адгукаюцца.

Праўда, зь беларускай мовай у нас труба... Хоць, здараецца, і тут удаецца падмануць іхнюю “пільнасьць”.

Быў у нас сэмінар настаўнікаў беларускай мовы, і калі яны звычайна любяць казаць “говорите нормально!”, дык тут ужо трэба было згадаць родную лексыку. І прыдумалі такую авантуру. Нібыта з парогу нашыя сэмінарысты трапляюць у рэдакцыю газэты “Наша ніва”, а да галоўнага рэдактара паэт нейкі з опусамі пра хлебаробаў ломіцца.

У выніку і на беларускай мове выйшла на ўра. Можа, і ня зьнікне мова, як думаеце?

І яшчэ, шчыра прызнаюся, у нас у школе з БРСМам неяк сьмешна атрымліваецца: сяброўства ў ім татальнае, а дружбы з ідэалёгіяй няма... Нават яе на спэцыяльнай карце так абазначылі: пасярэдзіне напісалі-намалявалі тэра-інкогніта, а ўсе ходзяць наўкола, сьцежкамі, каб не перасякацца з той “ідэйна-правільнай” тэрыторыяй. А пад шумок творчымі справамі займаюцца.

Дык чаму гэтыя добрыя па сутнасьці дзеці так укляпаліся ў розныя згубнасьці? Можа таму, што няма ў каго дарогі папытацца?

Бацькі зь імі амаль не размаўляюць. А калі і наважваюцца пагаварыць, дык у найлепшым выпадку хіба пра адзнакі пытаюцца. Толькі хіба тое найважнае? То ці ня варта якую школу для бацькоў адкрыць, каб не баяліся перад дзецьмі проста людзьмі быць... Ня ведаю.

І таму гэтым маім мілым і шчырым хочацца прысьвяціць вершаванае:

Мой суразмоўца з чыстаю душой,
Пад промнямі сямнаццатага лета
Хай бласлаўлёны будзе позірк твой,
Сьвятлом любові Госпада сагрэты.
Хай блаславёны будзе кожны ўздых,
І твой парыў, і кожнае пытаньне,
І смутак твой, і твой шчасьлівы міг,
І кожны выбар блаславёным стане!
Табе ісьці ў такі няпросты шлях –
Ідзі з натхненьнем, шчырасьцю, з даверам.
Хай зьзяе дабрыня ў тваіх вачах,
Мой суразмоўца, дарагі бязь меры...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG