Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску паміналі ахвяраў галакосту


У менскім габрэйскім доме адбылася вечарына, прысьвечаная памяці ахвяраў галакосту. У ёй бралі ўдзел прадстаўнікі ААН, амбасады Ізраілю, міжнародных грамадзкіх і адукацыйных арганізацый, а таксама прадстаўнікі Менгарвыканкаму і Міністэрства адукацыі.

Вялікая заля габрэйскага дому была цалкам запоўненая людзьмі, сярод якіх былі студэнты, ляўрэаты конкурсу малюнкаў пра галакост. Былі людзі сталага веку, якія знаходзіліся ў Менскім гета й згубілі там сваякоў.

На сцэне ўсталявалі шэсьць сьвечак. Кожны з выступоўцаў запальваў сьвечку памяці. Першым выступаў сталы прадстаўнік ААН у Беларусі Антоніюс Брук. Ён расказаў “Свабодзе”:

Эдвард Шапіра
і Антоніюс Брук (справа)
“Я лічу, што даніна памяці ахвярам галакосту — важная падзея. Таму прадстаўнікі ААН прысутнічаюць тут у Беларусі. Ужо другі год запар сумесна з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, габрэйскімі арганізацыямі і прадстаўнікамі кіраўніцтва краіны мы адзначаем гэты дзень памяці.

Гэты дзень яднае нацыі розных краінаў. Гэты дзень асаблівы для Беларусі, таму што менавіта тут жыла бальшыня габрэйскіх суполак і таксама самыя буйныя гета ў Эўропе знаходзіліся тут.

Сапраўды, нягледзячы на ўсе намаганьні, назіраецца ў розных частках сьвету зьяўленьне груповак нэанацыстаў. Мне падаецца, што вырашаць гэтую праблему трэба праз інфармацыйныя кампаніі, абмен інфармацыі, з дапамогай якіх мы можам забясьпечыць нераспаўсюджваньне такіх думак і ідэй“.

Эдвард Шапіра
Пасол Ізраілю ў Беларусі Эдвард Шапіра запаліў другую сьвечку:

“Для мяне гэта асаблівы дзень. Я прыехаў у Беларусь два тыдні таму. Гэта мая першая сустрэча з габрэйскай грамадзкасьцю. У Беларусі загінула траціна народу, які жыў на гэтай тэрыторыі. У часы вайны загінула каля 90% габрэйскага насельніцтва. Сымбалічна, што загінула траціна габрэяў і траціна беларусаў. Аднолькавыя суадносіны.

Міжнародная супольнасьць вывучыла ўрокі галакосту. Але ёсьць людзі, ёсьць краіны, лідэры якіх адмаўляюць галакост. Я маю на ўвазе лідэраў Ірана. Ёсьць яшчэ праявы нэафашызму, антысэмітызму. Нам здавалася, што пасьля другой сусьветнай вайны ня будзе дыскрымінацыі людзей толькі за іншую веру. Тыя, якія сумняваюцца, няхай прыедуць сюды і паглядзяць у твары вязьняў менскага гета, канцлягераў, убачаць помнікі. А потым няхай адкажуць была, ці не катастрофа“.

Асаблівыя пачуцьці, бо ў гэты дзень мы ня толькі памінаем ахвяраў, але й падсумоўваем.

Ахвяраў галакосту памянулі хвілінай маўчаньня. Пасьля гэтага прагучала памінальная малітва “Кадыш”.

Студэнтаў розных навучальных установаў з Менску і рэгіёнаў узнагародзілі дыплёмамі за перамогу ў конкурсе малюнку, прысьвечаную тэме галакосту.


Уладзімер Рубежын
Уручылі таксама мэдалі людзям, якія змагаліся ў менскім падпольлі. Узнагароды прымалі іх дзеці. Мэдалі ўручаў Уладзімер Рубежын. Калі пачалася вайна яму было 12 гадоў. Паўтара года Ўладзімер правёў у Менскім гета. У студзені 1943 года трапіў у партызанскі атрад. У 14 гадоў яго ўзнагародзілі ордэнам Славы і ордэнам Чырвонай зоркі.

“Маці зь меншым братам эвакуявалася, бацька быў у войску. Вось я і бадзяўся тут, пакуль не далучыўся да падпольнай групы. Мяне выкарыстоўвалі як зьвязнога, як падпольшчыка. Быў у падпольлі разам з Гебелевым, Смолерам, Садоўскай… У партызанах удзельнічаў ва ўсіх баявых апэрацыях”.

Прыканцы вечарыны адбыўся прагляд дакумэнтальнага фільму пра ізраільскі музэй галакосту. На экране дэманстраваліся дакумэнтальныя кадры і фотаздымкі расстрэлаў габрэяў, жудаснай трагедыі габрэйскага народу.






Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG