Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Патрыярхам Маскоўскім і Ўсяе Русі абраны мітрапаліт Кірыл


На Памесным саборы Расейскай праваслаўнай царквы ў Маскве абраны новы патрыярх. Ім стаў 62-гадовы мітрапаліт Смаленскі і Калінінградзкі Кірыл.

Памесны сабор 27 студзеня абраў 16-га патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Вынікі галасаваньня былі абвешчаныя а 9-й гадзіне вечара. За трымальніка пасаду патрыярха мітрапаліта Кірыла аддалі свае галасы 508 дэлегатаў. За мітрапаліта Калускага і Бораўскага Клімэнта — 169 дэлегатаў.

Мітрапаліт Кірыл (Уладзімір Міхайлавіч Гундзяеў) нарадзіўся 20 лістапада 1946 году ў Ленінградзе ў сям'і сьвятара. Скончыў Ленінградзкую духоўную сэмінарыю, потым – Ленінградзкую духоўную Акадэмію. У 1969 годзе пастрыгся ў манахі.

У 1971 – 1988 гадах служыў на пасадах прадстаўніка Маскоўскага патрыярха пры Ўсясьветнай радзе цэркваў, намесьнікам патрыяршага экзарха Заходняй Эўропы, намесьнікам кіраўніка адзьдзелу вонкавых царкоўных стасункаў, кіраваў патрыяршымі прыходамі ў Фіндляндыі.

Эпіскап Рускай праваслаўнай царквы, мітрапаліт Смаленскі і Калініградзкі (на Смаленскай катэдры ад 1984 году); ад 1989 – старшыня сынадальнага аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў і пастаянны член Сьвяшчэнага Сыноду.

6 сьнежня 2008 году, пасьля сьмерці Патрыярха Аляксія Другога, абраны трымальнікам пасаду партыярха.

У канцы 1990-х – пачатку 2000-х гадоў мітрапаліт Кірыл фігураваў у шматлікіх публікацыях расейскіх СМІ, якія абвінавачвалі яго ў выкарыстаньні падаткавых льгот царкве на імпарт алькаголю і тытуню для асабістага ўзбагачэньня.

Мітрапаліт, прызнаючы факт гандлю ад імя царквы, абвяргаў абвінавачваньні і называў публікацыі «палітычным заказам». Дасьледчык Мікалай Мітрохін (Інстытут вывучэньня рэлігіі ў краінах СНД і Балтыі) ў 2004 годзе ацэньваў ягонае багацьце ў 1.5 мільярдаў даляраў.

З другой паловы 1990-ых мітрапаліт Кірыл пазыцыянуе сябе як патрыёта і прыхільніка традыцыйных каштоўнасьцяў. Сьвецкія СМІ ў 2000-е гады пачынаюць называць яго «лідэрам расейскай нэакансэрватызнай думкі» і рэстаўратарам ідэі «Масква – трэці Рым». Пачынае разглядацца грамадзтвам як палітык і адзін з асноўных прэтэндэнтаў на замяшчэньне Патрыяршага прастолу.

Інтэрнізацыя новага Патрыярха адбудзецца 1 лютага.




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG