Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў за кароткі час другі раз наведвае Брусэль. Ці ёсьць практычныя вынікі дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем? Якія матывацыі абодвух бакоў? Чаго можна чакаць ад візыту Мартынава ў Брусэль?

Удзельнікі: кіраўнік Офісу “За дэмакратычную Беларусь” Вольга Стужынская з Брусэлю і рэдактар аналітычнага бюлетэня “Беларускі тыдзень” Аляксандар Класкоўскі зь Менску.

Вынікі дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем

Валер Карбалевіч: “Дыялёг паміж Беларусьсю і Эўразьвязам (ЭЗ), які пачаўся некалькі месяцаў таму, пасьпяхова працягваецца. Адна за адной у Менск прыяжджаюць эўрапейскія дэлегацыі. Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў за кароткі час другі раз наведвае Брусэль. Абодва бакі выказваюць аптымізм наконт таго, як разьвіваецца дыялёг. Здаецца, мы назіраем пэрыяд нейкага “мядовага месяца” ў беларуска-эўрапейскіх дачыненьнях. А ці ёсьць практычныя вынікі гэтага дыялёгу?”
Вольга Стужынская

Вольга Стужынская: “Ёсьць пазытыўныя вынікі. Гэта крокі беларускага кіраўніцтва ў тых пяці кірунках, якія названыя ЭЗ. Можна таксама адзначыць зьніжэньне рэпрэсіяў у цэлым. Прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва запрашаюць у розныя камісіі, створаныя ўладамі.

Таксама адбываецца пашырэньне кантактаў паміж Беларусьсю і ЭЗ як на палітычным, так і на грамадзкім узроўні. Беларусь названая як удзельнік праграмы ЭЗ “Усходняе партнэрства”, хоць і ў дужках. Можна адзначыць крэдыт МВФ Беларусі.

Жывучы тут, за мяжой, асабліва адчуваеш зьмены ў інфармацыйным полі. Беларусь вяртаецца на мапу Эўропы, узрасла цікавасьць да краіны. Напрыклад, калі перадаюць інфармацыю пра надвор’е ў Эўропе, то ўзгадваюць Беларусь. Значна павялічылася колькасьць людзей, якія прыходзіць у наш офіс на культурніцкія мерапрыемствы, прысьвечаныя Беларусі”.

Крокі не сыстэмныя

Аляксандар Класкоўскі: “Першы практычны вынік палягае ў тым, што гэты дыялёг не прыпыніўся, а працягваецца. Бо мы маем досьвед, як год таму дыялёг сарваўся.
Аляксандар Класкоўскі

Беларусі бок зрабіў канкрэтныя крокі, хоць і невялікія. Гэта вяртаньне дзьвюх незалежных газэт у сыстэму дзяржаўнага распаўсюджваньня, рэгістрацыя руху “За свабоду”, улучэньне прадстаўнікоў незалежнай супольнасьці ў шэраг кансультацыйных структур пры дзяржаўных органах. Плюс шэраг абяцаньняў. Напрыклад, паабяцалі ўлічыць парады АБСЭ па ўдасканаленьні выбарчага заканадаўства.

Пытаньне, як ацэньваць гэтыя дзеяньні. Ці можна назваць вяртаньне дзьвюх незалежных газэт у сыстэму дзяржаўнага распаўсюджваньня — пашырэньнем свабоды мэдыяў? Гэта ж проста рэабілітацыя газэт, рэпрэсаваных тры гады таму.

Гэтыя крокі не сыстэмныя, не інстытуцыйныя. Таму можна газэты зноў выкінуць з шапікаў. Рух “За свабоду” зарэгістравалі, а колькі партыяў і арганізацыяў не зарэгістравана! Ня могуць атрымаць памяшканьне ініцыятары збору подпісаў за зьмену выбарчага заканадаўства. У любы момант можа зьявіцца пастанова Саўміну аб рэгістрацыі інтэрнэт-выданьняў.

Таму, натуральна, адбываецца зьніжэньне патрабаваньняў да Беларусі з боку ЭЗ. Брусэль пакуль што паказвае пернікі. Заяўляе пра магчымасьць улучыць Беларусь у праграму “Ўсходняе партнэрства”, запрасіць Лукашэнку на саміт у Прагу. То бок ЭЗ яўна зацікаўлены ў працягу гэтага дыялёгу”.

Стужынская: “Так, гэтыя крокі не інстытуцыйныя. Але ў Брусэлі гэта добра разумеюць. Сапраўды, плянка патрабаваньняў зьнізілася, з 12 патрабаваньняў засталіся толькі 5. У красавіку ЭЗ разгледзіць пытаньне наконт візавых санкцый у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў.

Працэс ці вынік?
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: “Фактычна ЭЗ адмовіўся ад пакрокавай стратэгіі, ён не выстаўляе жорсткіх умоваў, не патрабуе прыняць нейкую “дарожную мапу”. ЭЗ выказвае пажаданьні зрабіць пэўныя крокі па дэмакратызацыі ў пяці кірунках. І такія патрабаваньні беларускім уладам выканаць лёгка. Вось дапусьцілі дзьве незалежныя газэты ў сыстэму дзяржаўнага распаўсюджваньня, зарэгістравалі адзін рух “За свабоду” — і цяжка папракнуць, што ня зроблена ніякіх крокаў. Складаецца ўражаньне, што абодвум бакам цяпер сам працэс важнейшы за вынік”.

Стужынская: “Наконт жорсткіх патрабаваньняў. Беларусь усё ж незалежная краіна, яна альбо хоча дыялёгу, альбо ня хоча. Экспэрты, у тым ліку эўрапейскія, прыходзяць да думкі, што павінна быць нейкая дарожная мапа з канкрэтнымі ўмовамі і прапановамі.

У 2006 годзе Эўракамісія выставіла 12 патрабаваньняў да Беларусі Але яны былі размытыя. І, галоўнае, Беларусі не было прапанавана канкрэтных пернікаў, якія яна атрымае ў адказ на іх выкананьне. Таксама няма часавых абмежаваньняў. Павінна быць і кароткатэрміновая, і доўгатэрміновая стратэгія”.

Класкоўскі: “Відавочна, што цяпер абодва бакі зацікаўленыя ў працягу гэтага дыялёгу. Афіцыйны Менск хоча празь мінімум саступак атрымаць доступ да эканамічных прэфэрэнцый.

А ЭЗ вельмі прагматызаваў падыход да беларускага пытаньня. У Брусэлі разважаюць, што палітыка — гэта мастацтва магчымага. Сцэнары “каляровых рэвалюцый” не спрацавалі. А Беларусь, яе эліту трэба пакрысе ангажаваць у эўрапейскі кантэкст з-за імпэрскіх паводзінаў Расеі. І такім чынам дамагчыся паступовай эрозіі цяперашняга рэжыму. Адсюль і пэўная невыразнасьць. Але я не выключаю, што ў кулюарах яны дамаўляюцца больш выразна, проста ня хочуць выносіць гэта на публіку”.

Якіх вынікаў можна чакаць ад візыту Мартынава?

Карбалевіч: “Які сэнс візыту Мартынава ў Брусэль? Якіх вынікаў можна чакаць?”

Стужынская: “Сапраўды, думаю, у перамовах нашмат больш канкрэтыкі, чым мы можам прачытаць у афіцыйных прэс-рэлізах. Там ідзе гаворка пра крокі да дэмакратыі, якія зрабілі беларускія ўлады. Брусэль даводзіць, што ён вельмі добра маніторыць сытуацыю ў Беларусі. Таксама шмат увагі аддаецца ўдзелу Беларусі ў праграмах ЭЗ. Увогуле Брусэль будзе падштурхоўваць Менск і далей крочыць па гэтым шляху”.

Класкоўскі: “Гэты візыт прамежкавы. Таму наўрад ці будуць прарыўныя рашэньні ці гучныя заявы. Але ён важны ў сымбалічным сэнсе. Бо шмат гадоў кантакты эўрапейскіх палітыкаў зь беларускім кіраўніцтвам былі абмежаваныя, нельга было сустракацца з чыноўнікамі, вышэйшымі за намесьніка міністра. Гэта толькі другі выпадак, калі Мартынаў сустракаецца з “тройкай” ЭЗ.

Таксама гэта добрая нагода зрабіць рэвізію зробленага, узаемна ўдакладніць пазыцыі. Магчыма, Менск трымае козыры ў рукаве, каб эфэктна выкласьці іх на стол. Таму звышзадача Мартынава палягае ў тым, каб атрымаць “залік” па выніках гэтага “сэмэстру” і каб Лукашэнка паехаў у Прагу. ЭЗ дае зразумець, што гэта цалкам магчыма.

Зразумела, можна шмат рабіць закідаў, што гэты дыялёг няўклюдны, з хітрыкамі. Але давайце паглядзім на сытуацыю зь іншага боку. Уявім сабе, што гэтага дыялёгу не было б. У гэтым выпадку Беларусь была б прыпёртая да сьценкі Масквою. Таму з двух ліхаў трэба выбіраць меншае. І гэта той выпадак, калі ёсьць варыянты”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG