Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмію “Гліняны Вялес” атрымае Барыс Пятровіч


Барыс Пятровіч

Барыс Пятровіч

Журы недзяржаўнае літаратурнае прэміі “Гліняны Вялес” падвяло вынікі сваёй працы. Лепшай кнігай 2008 году яно назвала зборнік прозы Барыса Пятровіча “Жыць ня страшна”.

Алесь Аркуш, каардынатар Таварыства вольных літаратараў, якое ў 1993 годзе заснавала літаратурную прэмію “Гліняны Вялес”, паведаміў нашаму радыё, што лёс узнагароды вырашылі галасы трох апошніх з дванаццаці экспэртаў журы.

“Як ні дзіўна, але я да апошняга моманту нічога ня ведаў, бо тры экспэрты нашы менавіта сёньня ў адзін голас прагаласавалі за кніжку Барыса Пятровіча “Жыць ня страшна”.

Перавага ў пераможцы склала ўсяго адзін голас. На другім месцы апынулася Галіна Дубянецкая з паэтычным зборнікам “Анадыямэна”, дарэчы, першым у яе творчым лёсе.

Усяго ў сёлетнім шорт-лісьце прэміі было пяць намінантаў. Апрача названых, гэта кніга паэта Андрэя Хадановіча “Бэрлібры”, раман маладога празаіка Аляксея Талстова “Бег” і зборнік прозы вядомага літаратара Юр’я Станкевіча “Мільярд удараў”. Цікава, што ўсе названыя кнігі былі выдадзеныя ў недзяржаўных выдавецтвах.

Новы ляўрэат “Глінянага Вялеса” ўспрыняў навіну як вялікую нечаканку. Паводле ўмоваў, намінаваным на прэмію аўтарам арганізатары не паведамляюць ні пра вылучэньне, ні пра ход абмеркаваньня. Гаворыць Барыс Пятровіч:

“Гэта вельмі прыемна, таму што летась выйшла вельмі шмат добрых кніг. І прыемна было ўжо нават патрапіць у шорт-ліст. Я думаю, што ў журы была вельмі цяжкая задача — разабраць вартасьці ўсіх выдадзеных летась кніг і сярод соцень назваў выбраць пяць. І ня проста, пэўна, было і назваць лепшую, таму што ўсе канкурэнты ў мяне былі вельмі вартыя прэміі. У такой кампаніі прыемна нават проста сустрэцца, пасядзець і паразмаўляць”.

Гэта першая літаратурная ўзнагарода Барыса Пятровіча, але не адзіны творчы посьпех. Летась “Жыць ня страшна” выйшла ў перакладзе на швэдзкую мову і сабрала ў Швэцыі добрыя водгукі крытыкаў і чытачоў.

Уручэньне прэміі “Гліняны Вялес” адбудзецца традыцыйна ў сакавіку ў Полацку. Некалькі апошніх гадоў гэтая ганаровая цырымонія адбывалася ў Музэі беларускага кнігадрукаваньня, але летась яе ўдзельнікаў туды не пусьцілі. Таму дакладна пра сёлетнюю дату і месца арганізатары пакуль што паведаміць ня могуць.

XS
SM
MD
LG