Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галівудзкае беларускае кіно

  • Максім Жбанкоў

Максім Жбанкоў

Максім Жбанкоў

Фільм рэжысэра Эдварда Цьвіка прысьвечаны габрэйскаму супраціву на тэрыторыі захопленай немцамі Беларусі.

Аднойчы спадар Замяталін адзначыў, што Амэрыка павінна быць страшэнна ўдзячная Беларусі. Бо, маўляў, беларускія габрэі-эмігранты якраз і стварылі Галівуд — несупынны канвэер калектыўных мрояў. Пасьля прагляду новай кінастужкі “Defiance (што можна перакласьці як “Супраціў” альбо “Выклік”) да замяталінскай рэплікі варта ставіцца больш сур’езна. Бо гэта — менавіта галівудзкае беларускае кіно.

Больш за тое — гэта галівудзкае беларускае партызанскае кіно. Фільм прысьвечаны габрэйскаму супраціву на тэрыторыі захопленай немцамі Беларусі.

Стужка рэжысэра Эдварда Цьвіка выглядае падобнай да ягоных папярэдніх працаў накшталт “Апошняга самурая”. Зноў экзатычнае для амэрыканскага гледача асяродзьдзе. Зноў моцныя мужчынскія характары. Зноў вайна. Зноў каханьне ў небясьпечных абставінах. Але ж ёсьць і шэраг новых элемэнтаў. Па-першае, падзеі разгортваюцца не ў Японіі ці Нігерыі, а зусім недалёка — у Налібоцкай пушчы ды Наваградку. Па-другое, галоўныя героі — браты-кантрабандысты Бельскія. Зусім не гераічная каманда, якая пад ціскам абставінаў пераўтвараецца ў партызанскіх лідэраў. Па-трэцяе, тут беларускія жыхары змагаюцца не за Леніна і Сталіна, а за выратаваньне ўласнага жыцьця. Такім чынам, кіно атрымалася постыдэялягічнае і антысавецкае. Яно зроблена на падставе гістарычных фактаў, якія супярэчаць савецкім казачкам пра ўсенародны чырвоны супраціў. А гэта, безумоўна, плюс.

Тым ня менш дарэмна шукаць у стужцы Цьвіка праўды жыцьця альбо нейкіх мастацкіх вышынь. Кіно атрымалася, так бы мовіць, “правільнае” і даволі немудрагелістае. Славуты Дэніэл Крэйг выконвае ролю кіраўніка габрэйскага атраду Тувы Бельскага вельмі старанна, але, як кажуць, без агеньчыка. А па-расейску размаўляе нават горш за Арнольда Шварцэнэгера. “Выклік” — чарговы ваенны комікс з элемэнтамі мэлядрамы. Усе немцы — забойцы і пачвары, усе беларускія паліцаі — здраднікі і забойцы. Савецкія партызаны — суворыя камандзёры і дуркаватыя антысэміты. А што габрэі? Габрэі мужна пакутуюць і пранікнёна пазіраюць на гледача сваімі прыўкраснымі чорнымі вачыма. А потым рашуча хапаюцца за трафэйныя “шмайсэры”.

Масавы глядач атрымае прыгожую фактурку, даведаецца пра несавецкіх партызан і паглядзіць, як з Джэймса Бонда зрабілі габрэйскага ваяра. Здаецца, няблага. Але й ня надта добра.

Таму што фільм, зьняты, дарэчы, недзе пад Вільняй, чарговым разам паказвае нам пажаданую — то бок палепшаную і папраўленую — карціну драматычных падзеяў Другой сусьветнай. Цьвік зрабіў кіно пра звычайных герояў, ратавальнікаў простых грамадзян. Але ж сапраўдныя Бельскія — як зараз вядома — былі да вайны вядомымі крымінальнікамі, а падчас сваёй партызанкі рабавалі мясцовых жыхароў ня горш за савецкіх змагароў.

Партызанка і высокая маральнасьць, як падказвае гісторыя, рэчы ня надта сумяшчальныя. Стужка Цьвіка пра гэта далікатна маўчыць. Вось і атрымалася дзіўнае кіно: нібыта пра змаганьне — а насамрэч пра ўцёкі. Нібыта пра вайну — а насамрэч пра спрэчкі паміж братамі Бельскімі. Нібыта пра Беларусь — а насамрэч пра габрэяў. Нібыта пра Галакост — а фактычна пра Джэймса Бонда на белым кані. Глядзець можна. Верыць ня варта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG