Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зручнасьці для “стукачоў” і паклёпнікаў


Віцебская міліцыя стала практыкаваць новы від “зваротнай сувязі” з насельніцтвам – па вёсках усталёўваюць адмысловыя паштовыя скрыні для скаргаў на правапарушальнікаў.

На афіцыйным сайце міліцэйскай управы аблвыканкаму паведамляецца, што такія скрыні ўжо зьявіліся ў Чашніцкім раёне, і што паведамленьні грамадзян абавязаныя разглядаць мясцовыя ўчастковыя інспэктары. Допісы могуць быць нават ананімныя – усё адно ўчастковы мусіць разабрацца, наколькі гэта важная і ці праўдзівая інфармацыя.

Скрыні для скаргаў былі разьмешчаныя па вёсках – на паштовых аддзяленьнях і ў крамах. Першы досьвед паказаў, што ў асноўным людзі паведамляюць пра незаконны гандаль алькаголем, а таксама пра сямейныя сваркі – як у сваёй хаце, так і ў суседзяў. Іншым разам “сігналы” былі несапраўдныя – хтосьці проста вырашыў зьвесьці рахункі са сваімі непрыяцелямі.

У іншых раёнах вобласьці таксама неўзабаве зьявяцца “Скрыні для сувязі з участковым” – гэта афіцыйная назва новага віцебскага міліцэйскага крэатыву. Перадапошнім вынаходніцтвам управы МУС аблвыканкаму было усталяваньне “Дошак ганьбы” ў некаторых рэгіёнах Віцебшчыны: гэта адмысловыя стэнды, дзе на ўсеагульны агляд выстаўляюць фотаздымкі скандалістаў, п’яніц і нядбайных бацькоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG