Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нашай краіне было б лягчэй, калі б ён быў ...”


Алесь Адамовіч

Алесь Адамовіч

Госьця “Начной Свабоды” – Натальля Адамовіч, дачка пісьменьніка, навукоўца і грамадзкага дзеяча Алеся Адамовіча. 26 студзеня – 15-я гадавіна ягонай сьмерці.

Соўсь: Натальля, ведаю, што сёньня да вас прыйшлі блізкія сябры Алеся Адамовіча. Як сёньня яны згадваюць Алеся Міхайлавіча?

Н.Адамовіч
: Кожны год да нас прыходзяць сябры, родныя, сваякі, на жаль іх кожны год усё меней. Мы рады, што яны прыходзяць, што мы можам узгадаць – кожны ўспамінае нешта сваё. Кожны раз я шкадую, што не запісваю іх успаміны, але сёньня я ўключыла дыктафон, таму што Валянцін Тарас чытаў верш – прысьвечаны ня толькі Алесю, успомніўся там і Васіль Быкаў, і Дракахруст, і Навум Кісьлік – тыя ягоныя сябры, якія пайшлі з жыцьця, і ён іх у адным вершы аб'яднаў.

Соўсь: А хто яшчэ сёньня ў вас быў?

Н.Адамовіч: Бураўкін, Лілія Іосіфаўна – жонка Ўладзімера Бойкі, мастацтвазнаўцы, які таксама сябраваў з маім татам. На жаль, Ірына Міхайлаўна Быкава прыхварэла і не змагла прыйсьці. Ну і Міхась Тычына – яго стрыечны брат, а таксама Яўген Коктыш, я думаю, многія яго ведаюць зь яго добрых фатаздымкаў Адамовіча, Быкава...

Соўсь: За паўтара месяца да сьмерці дырэктар беларускай Свабоды Аляксандар Лукашук ў Маскве 8 сьнежня 1993 году браў інтэрвію ў Алеся Адамовіча. Вось як ён у размове з маёй калегай Аленай Радкевіч згадвае тую сустрэчу:



А зараз я прапаную слухачам Начной Свабоды і Натальлі Адамовіч паслухаць голас самога Алеся Адамовіча, фрагмэнт таго інтэрвію.



Соўсь
: Спадарыня Натальля, Ваш бацька памёр пятнаццаць гадоў таму адразу пасьля выступу ў Вярхоўным судзе Расеі з прамовай у абарону маёмасных правоў Саюзы пісьменьнікаў і Літфонду. Некалькі гадоў таму на судзе ў справе Саюзу беларускіх пісьменьнікаў стала дрэнна Генадзю Бураўкіну. Скажыце, як Вам падаецца, як бы Ваш бацька цяпер успрыняў сытуацыю ў Беларусі, у Расеі, з чым бы ён ня змог зьмірыцца?

Н.Адамовіч: Я праслухала гэты ўрывак і – не ўпершыню – падумала: як усё сучасна! Сумна, але ён гаворыць як пра сёньняшні стан нашай Беларусі – тыя ж савецкія людзі, тыя ж руіны прыдушылі і ніяк мы не падымемся. Вельмі важная тэма – Чарнобыль. Некалькі гадоў таму я выдала кнігу на тэму Чарнобылю і наагул атаму і атамнай бомбы – “Імя гэтай зорцы – Чарнобыль”. Дык вось, з чым бы ён не зьмірыўся – гэта з жаданьнем нашых уладаў пабудаваць атамную станцыю ў Беларусі. Прычым у той зоне, дзе трэба будаваць санаторыі, дамы адпачынку. Яшчэ тады, 15-20 гадоў таму, ён увесь час казаў, што самае вялікае яго жаданьне – каб Беларусь была першай бязьядзернай краінай, каб не было ніводнай шахты, боегалоўкі, а што будзе атамная станцыя – такога ён і ўявіць сабе ня мог. А яшчэ яму было б сумна, калі б ён даведаўся, што здарылася з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, з Інстытутам літаратуры, дзе ён працаваў – як гэта ўсё заганяецца ў нейкую рэзэрвацыю. У Расеі – войны, таму што ён заўсёды быў супраць любой вайны. Чачэнія, Грузія. Яшчэ імпэрскасьць, якая пачала адраджацца ў Расеі.

Соўсь: Вы згадалі пра кнігу, якая была выдадзеная з Вашай ініцыятывы два гады таму – я, дарэчы, была на яе прэзэнтацыі – яе можна купіць у “Акадэмкнізе”. Я шукала ў кнігарнях кнігі Алеся Адамовіча і знайшла толькі ў букіністаў кнігі па-расейску, выдадзеныя яшчэ за савецкім часам. Ці выдаюцца ягоныя кнігі цяпер і дзе іх можна купіць? Ці перавыдаюць ягоныя творы дзяржаўныя выдавецтвы?

Н.Адамовіч: Апошні раз дзяржаўнае выдавецтва “Мастацкая літаратура” выдала яго кнігу “Карнікі” і “Хатынская аповесьць” пяць гадоў таму – да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі. Тая кніга, пра якую Вы згадвалі, выйшла ў прыватным выдавецтве. Збор твораў, які ён плянаваў выдаць яшчэ 15 гадоў таму – выйшаў толькі 1-шы том, і колькі б я пасьля ні зьвярталася ў выдавецтва, так яны кожны год плянавалі-плянавалі, але збор твораў так і ня выйшаў.

Соўсь: А зараз я прапаную паслухаць ўспаміны людзей, якія блізка ведалі Алеся Адамовіча, многія сёньня прыйшлі да Натальлі Адамовіч памянуць яе бацьку. Зь імі гаварыў мой калега Алесь Дашчынскі:



*** Я патэлефанаваў літаратуразнаўцу Міхасю Тычыну якраз у той момант, калі ён знаходзіўся на кватэры Адамовічаў у Менску, дзе родныя і сябры разам з удавой Верай Сямёнаўнай спраўлялі чарговыя ўгодкі па Алесю Адамовічу. Спадар Тычына расказаў:

Генадзь Бураўкін тут, Валянцін Тарас, Жэня Коктыш, удава Ўладзімера Бойкі — Брандабоўская. Гаворка пра тое, што Алеся Адамовіча ўсё ж такі не хапае”.

Паводле спадара Тычыны, штогод цягам пятнаццаці гадоў, сябры зьбіраюцца прыблізна той жа кампаніяй. І кожны згадвае пра Алеся Адамовіча.

Міхась Тычына
“Я згадваў, як мы тут жа, у гэтым жа пакоі, некалі сядзелі невялікай кампаніяй. Мяне паклікаў Саша, я яго так называў, бо ўсё ж такі родзічы, браценікі, адносіны зь дзяцінства былі простыя. І тады якраз прысутнічаў Юрый Любімаў, знакаміты рэжысэр тэатру на Таганцы, тады гастролі адбываліся памятныя вельмі многім у Менску. І паміж імі адбывалася размова, гэта было нешта іскрамётнае. Сышліся два чалавекі, якія жылі адным. Думалі пра тое, якой павінна быць літаратура. Звыштэатрам ці звышлітаратурай, як Алесь Адамовіч казаў пра гэта. Мы толькі там пасьпявалі нешта зразумець, як яны ўжо пра нешта іншае гаварылі. Пра палітыку, пра літаратуру, пра тэатар. І ў яго такіх сустрэч, размоў было мноства. Яго хапала на ўсё. Гэта яго характар. Адамовіч — гэта бікфордаў шнур. А што ён узарваць хацеў? Гэта ён сам сказаў у адным са сваіх запісаў — „я дамогся таго, што імя Сталіна дыскрэдытаванае, што была сказана праўда пра Чарнобыль“ і гэтак далей. Так што ён зрабіў багата”.

Генадзь Бураўкін
Паводле паэта Генадзя Бураўкіна, з кожным годам усё больш адчуваецца трагічная страта Алеся Адамовіча.

“За гэтыя апошнія 15 гадоў у Беларусі было вельмі многа лёсавызначальнага. І тое, што гэта адбывалася без удзелу, а як заўсёды, гэта быў бы вельмі вялікі ўдзел, Алеся Адамовіча, гэта вельмі горка. І многае, калі б Алесь быў, было б не зусім так. Я глядзеў кніжкі, якія ён мне падарыў. І на першым томе збору твораў ён напісаў адну фразу, глыбокі сэнс якой з гадамі я ўсё больш разумею. Ён напісаў: „Чым далей, тым бліжэй“. Алесь заўсёды быў мысьляром. Ён ніколі не падпісваў проста так. Мне здаецца, што ня толькі для мяне, але і для інтэлектуальнай, дэмакратычнай Беларусі, чым далей мы адыходзім ад горкай, чорнай даты пятнаццацігадовай, тым нам Алесь Адамовіч робіцца бліжэйшым, больш зразумелым. Тым больш блізкім робіцца ягоны боль і ягоная трывога. Мы яго ўспамінаем як вельмі сур’ёзную, гістарычную постаць. Такіх асобаў, як Адамовіч, не хапае і сёньня”.

Сяргей Законьнікаў
Паэт Сяргей Законьнікаў у 70-я, пачатку 80-х гадоў дапамагаў у друкаваньні кнігаў шэрагу таленавітых беларускіх літаратараў, сярод якіх і Алесь Адамовіч. Ён мае кнігу “Карнікі” з аўтографам, падзякай ад пісьменьніка. Спадар Законьнікаў называе Алеся Адамовіча слаўным чалавекам і адзначае, што ён ня піў і не курыў, але вельмі любіў падыскутаваць. Сяргей Законьнікаў прысутнічаў пры гаворках Алеся Адамовіча з Васілём Быкавым, якія запісваліся на магнітафон, а потым выйшлі ў часопісе “Полымя” пад назвай “Чалавецтва ўратуецца подзьвігам духу”.

“Для Алеся Адамовіча вопыт Васіля Быкава, які быў франтавіком, быў у нечым новы. А Адамовіч удзельнічаў у партызанскім руху, І для Васіля Быкава было цікава распытаць, а як гэта было ў партызанах. Нейкія эпізоды, сытуацыі, псыхалягічныя нават. Алесь Адамовіч запісваў гэта ўсё, ён тут як інтэрв’юэр. А Васіль Быкаў адказваў. Але тым ня менш ён як бы укліньваўся ў гэтую гаворку і яны выходзілі на нейкія на новыя тэмы, новыя аспэкты. І ў гэтым пляне гэта работа публіцыстычная, успаміны, мэмуары, але яны вельмі цікавыя”.

*****

Соўсь: Спадарыня Натальля, а якім бацька згадваецца Вам?

Н.Адамовіч: Ну, мне ён больш узгадваецца як дачцэ, і мне вельмі не хапае бацькоўскіх абдымкаў, яго ўсьмешкі, таго, што зь ім можна было параіцца, пагаварыць. А цяпер я ўжо і сама немалады чалавек і я вельмі згодная з Генадзем Мікалаевічам Бураўкіным – як яго не хапае для розных нашых беларускіх спраў, пачынаючы з атамнай станцыі і гэтак далей... Нашаму народу і нашай краіне было б лягчэй, калі б ён быў, таму што – і я гэта чула не аднойчы і не ад аднаго чалавека – такога публіцыста і такога выступоўцы за гэтыя 15 гадоў не было і няма. Нехта казаў, што і тэлебачаньне давялося б перакрываць, калі б ён выступаў, сказам, па расейскім тэлебачаньні, ці не даваць яму прыяжджаць сюды. А калі б ён быў тут – таксама невядома, як бы павяла сябе ўлада, калі ён гэтак выступаў, мы ведаем, як абыходзяцца зь людзьмі, якія гавораць цяпер у нашай краіне тое, што яны думаюць.

Алесь Адамовіч нарадзіўся ў 1927 годзе на Случчыне, у Часе другой Сусьветнай вайны ваяваў у партызанскім атрадзе, скончыў філялягічны факультэт БДУ, маскоўскія Вышэйшыя сцэнарныя курсы, працаваў ў Інстытуце літаратуры імя Янкі купалы Акадэміі навук Беларусі, выкладаў ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце, быў адхілены ад працы пасьля таго, як адмовіўся падпісаць ліст з асуджэньнем Даніэля і Сіняўскага, быў дырэктарам Усесаюзнага інстытуту кінэматаграфіі. Пахаваны ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёну Магілёўскай вобласьці. Ягоныя найбольш вядомыя творы – «Вайна над стрэхамі», «Я з вогненнай вёскі», «Хатынская аповесьць», «Карнікі», «Блякадная кніга», «Апошняя пастараль». Дарэчы, сёньня на Беларускім тэлебачаньні дэманструюць фільм «Франц і Паліна» паводле аповесьці Адамовіча «Нямко».

Соўсь: Штогод беларускі ПЭН-цэнтар прысуджае літаратурную прэмію імя Вашага бацькі? Якія крытэры пры прысуджэньні прэміі ?

Н.Адамовіч: Ну, пра гэта трэба пытацца ў журы... Мне вельмі прыемна чытаць сьпіс гэтых людзей, якія атрымалі гэтую прэмію. Гэта вельмі знакамітыя людзі, якія сказалі сваё слова ў розных галінах. Можна сказаць, што яны ўсе – спадкаемцы Адамовіча, што яны ў нечым прытрымліваюцца прынцыпаў яго жыцьця, і гэта мне вельмі прыемна. Я маю гэты сьпіс і ведаю ўсіх паіменна і згодная з выбарам журы. Я вельмі ўдзячная ПЭН-цэнтру, што існуе гэтая прэмія і што пакуль гэтая традыцыя не перарвалася.

Соўсь: Сёлетнія ляўрэаты яшчэ не вядомыя?

Н.Адамовіч: Ну, звычайна прэмія прысуджаецца ўвосень, у дзень яго народзінаў. Толькі аднойчы гэта было ўзімку – тады яе якраз уручылі Генадзю Мікалаевічу Бураўкіну, гэта было ў 10-ю гадавіну заснаваньня прэміі. А сёлета – яшчэ пачакаем.




  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG