Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аляксандар Мілінкевіч — харошы мужык, але не арол”


Антыкарупцыйная кампанія ў Беларусі, будучыя прэзыдэнцкія выбары, цяперашняе эканамічнае становішча, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Генэральны пракурор Рыгор Васілевіч паведаміў пра новыя арышты сярод высокапастаўленых чыноўнікаў у рамках антыкарупцыйнай кампаніі. Камэнтары слухачоў:

Спадар: “Што такое карупцыя? Калі ўжо казаць пра барацьбу, то гэта барацьба з самім сабой. І чым вышэй чыноўнік па пасадзе, тым у яго менш неабходнасьці барацьбы з самім сабою. Магчымасьці гарантуюць здольнасьці. Чым больш магчымасьцяў, тым менш падставаў не змагацца з самім сабой. Няма артыкулаў, не працуе Канстытуцыя, для карупцыі разгул, як для самай страшнай заразы”.

Спадар: “Кожны дзень новыя арышты, новыя карупцыйныя скандалы. Але мне гэта нагадвае аднаго пэрсанажа: барацьба з карупцыяй — барацьба зь ветранымі млынамі. Суайчыньнікі Дон-Кіхоту паставілі помнік. І паставіць Аляксандру Рыгоравічу пры жыцьці помнік як барацьбіту з карупцыяй”.

У наступных тэлефанаваньнях слухачы выказваюцца на тэму прэзыдэнцкіх выбараў і на адрас кіраўніка краіны:

Спадарыня: “Аляксандар Мілінкевіч — харошы мужык, але не арол. Недастаткова для прэзыдэнта быць добрым, трэба быць прынцыповым, на карысьць дзяржавы ісьці на кампраміс, цярпець фізычна і маральна за Беларусь і яе незалежнасьць. Зыходзячы з усяго гэтага, у большай ступені прэзыдэнтамі могуць быць Зянон Пазьняк, Аляксандар Казулін”.

Спадар: “Бязь зьменаў выбарчага заканадаўства і скасаваньня тыднёвага датэрміновага галасаваньня ні пра якую дэмакратызацыю ў Беларусі ня можа быць і гаворкі”.

Вадзім Шаргей, Менск: “Супрацоўнікі КДБ вярбуюць сабе агентаў са студэнцкай моладзі пад пагрозай адлічэньня з навучальнай установы. Вось табе і лібэралізацыя па-лукашэнкаўску”.

Валер, Барысаў:

“Мне не да сьмеху, але ёсьць і пацеха.
Мой прэзыдэнт атэіст, камуніст,
Раней Бога цураўся, а цяпер зь ім спазнаўся.
На грудзі руку ложа і кажа “Дзеля Бога”,
Можа, ён нам паможа”.

Спадар: “Вось у нас прэзыдэнцкі аркестар, прэзыдэнцкі хакей. Ні ў Расеі, ні ва Ўкраіне такога няма. Як гэта разумець? Ён хоча ўзьвялічыць сам сябе. А бэнээфаўцы яшчэ кажуць пра выбары прэзыдэнта. Ды ніхто яго ніколі не пераабярэ”.

Выказваньне камэнтуе намесьніка старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

“Прэзыдэнцкія і аркестры, і інстытуты — ёсьць ва ўсіх краінах. І, у прынцыпе, кіраўнік дзяржавы павінен мець высокі статус. Гаворка пра тое — як гэтай пасадай і гэтай уладай карыстацца. І наколькі грамадзтва здольнае кантраляваць дзейнасьць такога прэзыдэнта. А што тычыцца пераабраньня Лукашэнкі наноў, то сёньня гаворка пра выбары не ідзе, бо выбараў няма. Гаворка вядзецца пра тое, каб людзі прынялі больш актыўны ўдзел у змаганьні за свабодныя выбары. Каб затым яны маглі выбраць таго, каго яны самі захочуць. Але на сёньня яшчэ неабходна дамагацца гэтых свабодных выбараў”.

Спадар: “У гісторыі нашай краіны па адраджэньні дзяржаўнасьці ёсьць нямала прыкладаў самаадданага служэньня Айчыне. Адметнай зьявай такога служэньня зьяўляецца жыцьцё Антона Луцкевіча, якому 29 студзеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэньня. Яго палымянай справе я прысьвяціў свой верш “У віры інтрыг”:

...Вадзіў змагара лёс шляхамі пакуты,
Глытаў ён і сьлёзы, і лягерны пыл.
Вандэеўскі край быў інтрыгамі скуты,
У віры іх бруіць несусьветная быль...

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG