Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галаванаў: “Доказаў віны судзьдзяў яшчэ ня знойдзена”


Віктар Галаванаў
Віктар Галаванаў

Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў адказваў на пытаньні журналістаў у Нацыянальным прэсавым цэнтры.

Як судзьдзі, натарыюсы і адвакаты спрацавалі ў мінулым, 2008-м годзе? Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў мяркуе, што па ўсіх кірунках дзейнасьці падначаленага яму ведамства посьпехаў стала болей: судзьдзі радзей памыляюцца, выносячы прысуды, натарыюсы абслугоўваюць людзей безь перапынку на абед і нават па выходных, адвакаты абараняюць грамадзянаў зь лепшымі вынікамі, вось толькі форму для адвакатаў яшчэ не ўвялі — некаторым абаронцам мантыі замінаюць.

Калі ж міністра Галаванава папрасілі падзяліцца лічбамі, колькі судзьдзяў, адвакатаў і натарыюсаў было пакарана за парушэньні законаў ці ведамасных інструкцый, ён згадаў толькі адзін выпадак: у адваката адабралі ліцэнзію пасьля выстаўленьня яму абвінавачаньня ў атрыманьні хабару. Яшчэ адзін прыклад прывёў карэспандэнт “Свабоды”: паводле абвінавачаньня ў датычнасьці да карупцыі была звольненая намесьнік старшыні Цэнтральнага суду Менску Алена Ільіна. А што будзе з судзьдзямі Валерам Есьманам і Тацьцянай Паўлючук, звальненьня якіх таксама запатрабаваў на антыкарупцыйнай нарадзе летась у лістападзе Аляксандар Лукашэнка? Вось што адказаў на пытаньне “Свабоды” Віктар Галаванаў:

судзьдзя Ільіна была звольненая за тое, што неналежным чынам ажыцьцяўляла правасудзьдзе
“Сапраўды, судзьдзя Ільіна была звольненая за тое, што неналежным чынам ажыцьцяўляла правасудзьдзе ў адной з грамадзянскіх спраў. Гэта агучыў прэзыдэнт, яна зараз звольненая. Прэзыдэнт агучыў яшчэ два прозьвішчы. Таксама судзьдзі з гэтага суду. Зараз па іх вядзецца праверка. Паводле закону, калі няма намеру на вынясеньне незаконнага прысуду, судзьдзю нельга прыцягнуць да адказнасьці. У гэтым выпадку ён проста шчыра памыляўся. Вось што да гэтых дваіх судзьдзяў, пакуль ня знойдзена дастаткова доказаў, каб іх звольніць. Але праверка па гэтых пытаньнях яшчэ вядзецца”.

Нагадаем, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што судзьдзі з Цэнтральнага суду Менску дапамагалі былому пракурору Менскай вобласьці Міхаілу Сьнегіру ў ягоных нібыта незаконных справах, зьвязаных з набыцьцём элітнай кватэры ў цэнтры Менску.

Балючым пытаньнем застаецца рэгістрацыя грамадзкіх арганізацый, у тым ліку дэмакратычнага кірунку. Хоць за мінулы год было зарэгістравана 94 новыя грамадзкія аб’яднаньні, але сярод іх не аказалася тых, якія цягам году былі на слыху ў грамадзкім жыцьці. Прыкладам, так і не атрымаў рэгістрацыі “Малады фронт”. Аднак, паводле Віктара Галаванава, гэтая арганізацыя нават не зьвярталася па рэгістрацыю.

Адзін зь лідэраў “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч паведаміў “Свабодзе”, што з 2000 году арганізацыя чатыры разы зьвярталася па рэгістрацыю ў Мін’юст, апошні раз — у 2007 годзе, але ўвесь час безвынікова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG