Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мінулым тыдні папа Бэнэдыкт XVI выдаў дэкрэт, якім скасаваў адлучэньне ад рыма-каталіцкай царквы чатырох біскупаў, гэтак званых лефэўрыстаў.

Гэты крок выклікаў крытыку сярод габрэйскіх асяродкаў ды некаторых католікаў, паколькі адзін з чатырох біскупаў, якім аказана папская ласка, нядаўна праславіўся публічным адмаўленьнем Галакосту. У інтэрвію швэдзкаму тэлебачаньню ў лістападзе, якое было паказана ў гэтым месяцы, біскуп Рычард Уільямсан запярэчыў, што ў нацысцкіх канцэнтрацыйных лягерах існавалі газавыя камэры. Ён таксама сказаў, што ў часе ІІ Сусьветнай вайны загінула ня 6 мільёнаў габрэяў, а ўсяго дзьвесьце-трыста тысяч.

Папскі дэкрэт можна разглядаць як памкненьне цяперашняга папы да пераадоленьня ўнутранага падзелу ў Царкве.

Уільямсан і тры іншыя сьвятары былі пасьвечаныя ў біскупы ў чэрвені 1988 г. францускім арцыбіскупам Марсэлем Лефэўрам, які пасьля ІІ Ватыканскага сабору ўступіў у канфлікт з Ватыканам, супраціўляючыся рэформам царкоўнага жыцьця, прынятым на гэтым саборы. Пасьвячэньне чатырох біскупаў было скасаванае ў ліпені 1988 г. папам Янам Паўлам ІІ, які ўжыў супраць іх пакараньне, вядомае пад назвай экскамунікі — адлучэньня ад царквы.

Лефэўр і сьвятары, якіх францускі арцыбіскуп здолеў згуртаваць вакол сябе ў гэтак званым Таварыстве Сьвятога Пія Х, прытрымліваліся кансэрватыўных поглядаў што да царкоўнага жыцьця. Яны выступалі супраць экумэнізму, прынцыпу калегіяльнасьці ў жыцьці рыма-каталіцкай царквы ды замены традыцыйнай, гэтак званай трыдэнцкай імшы, літургіяй Паўла VI, якая была ўведзеная ІІ Ватыканскім саборам.

У тлумачэньні папскага дэкрэту, які вярнуў чатырох біскупаў ва ўлоньне царквы, Ватыкан сказаў, што скасаваньне экскамунікі зьяўляецца крокам на шляху да поўнага паяднаньня з лефэўрыстамі, зь якімі будуць праведзеныя далейшыя перамовы, каб вырашыць усе “адкрытыя пытаньні”.

Крытыкі Бэнэдыкта ХVI “зь левага боку царкоўнай сцэны” зьвяртаюць увагу, што папа шукае паразуменьне з традыцыяналістамі і кансэрватарамі, а вось на “прагрэсістаў” — напрыклад, на прыхільнікаў інспіраванай марксізмам “тэалёгіі вызваленьня” ў Лацінскай Амэрыцы — глядзіць ня надта прыхільным вокам.

“Я быў бы шчасьлівы, калі б папа быў за паяднаньне, асабліва зь людзьмі з прагрэсіўнага лягеру,” — такое выказваньне Ганса Кюнга прывадзіцца ў сёньняшнім нумары “International Herald Tribune”. Кюнг – нямецкі тэоляг, якому забаранілі выкладаць тэалёгію за ягоныя “левыя” погляды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG