Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХК: Невядома, ці будуць да нас прыслухоўвацца


Беларускі Хэльсынскі Камітэт (БХК) запрошаны да супрацы ў Грамадзка-кансультатыўнай радзе па правах чалавека. Такая структура ствараецца пры адміністрацыі прэзыдэнта.


Нагадаем, што ў апошні дзень мінулага году была ўтвораная міжведамасная працоўная група з удзелам незалежных экспэртаў, каб распрацоўваць для Беларусі так званы краінавы маркетынг. Сёлета ў студзені кіраўнікам Беларускай асацыяцыі журналістаў і рэдактарам шэрагу недзяржаўных газэт прапанавалі ўвайсьці ў склад грамадзкай рады ў галіне масавай інфармацыі пры Савеце міністраў. Як далёка ўлада гатова пайсьці ў справе лібэралізацыі грамадзкага жыцьця?

Пры канцы мінулага тыдня кіраўніцтва БХК атрымала запрашэньне ўзяць удзел у працы Грамадзка-кансультатыўнай рады па правах чалавека пры адміністрацыі прэзыдэнта. Аднак, па словах старшыні праваабарончай арганізацыі Алега Гулака, справа пакуль абямяжоўваецца тэлефанаваньнем з адміністрацыі прэзыдэнта.

Намесьніца старшыні БХК Тацяна Гацура кажа, што імкненьне ўладаў да лібэралізацыі — пасьля амаль паўтара дзясятка гадоў ігнараваньня дэмакратычных пераўтварэньняў — трэба вітаць. Але заўчасна казаць, які голас будуць мець праваабаронцы ў гэтай дзяржаўнай структуры:

“Улады дэманструюць сваю ініцыятыву, эўрапейскі падыход. І вось гэтыя захады, каб прадстаўнікі БХК увайшлі ў грамадзкую раду, — усё гэта нас вельмі цешыць. Але тое, што ў продажы зьявілася “Народная воля”, яшчэ ня сьведчыць пра наяўнасьць свабоды слова ў краіне. Тое, што зарэгістраваны рух “За свабоду”, таксама ня сьведчыць пра свабоду аб’яднаньняў. Таму перадусім трэба засяродзіць увагу менавіта на сыстэмных зьменах і ня цешыць сябе вось такімі адзінкавымі паказьнікамі. І тое, што БХК увойдзе ў нейкую грамадзкую раду, — таксама яшчэ трэба будзе пераканацца, што да нас будуць прыслухоўвацца і з гэтага будзе плён”.

Карэспандэнт: “Ці ёсьць папярэднія зьвесткі пра пачатак працы рады?”

“Пакуль усё досыць размыта. Усё яшчэ разглядаецца, і не зацьверджанае нават палажэньне”.

Праваабаронцы не выключаюць, што да чарговай праявы лібэралізацыі спрычыніўся візыт у Беларусь групы экспэртаў на чале з дырэктарам Бюро АБСЭ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Янэзам Ленарчычам. Эўрачыноўнікі мелі сустрэчы зь міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай, кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімерам Макеем. 23 студзеня Янэз Ленарчыч сустрэўся ў Менску з праваабаронцамі. Падчас сустрэчаў экспэрты казалі пра неабходнасьць зьменаў унутранага заканадаўства і праваўжывальнай практыкі. Прапануецца зьмяніць выбарчае заканадаўства, а таксама законы аб масавых мерапрыемствах, аб СМІ, аб свабодзе асацыяцый, аб праваабарончай дзейнасьці, аб судовай сыстэме і г.д.

* * *


Некалькі апошніх гадоў праваабарончыя арганізацыі прызнавалі сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі адной з найгоршых у сьвеце. 10 сьнежня 2008 году, у дзень 60-гадовага юбілею прыняцьця Сусьветнай дэклярацыі правоў чалавека, праваабаронцы чарговым разам канстатавалі: сытуацыя ў Беларусі застаецца складанай — нягледзячы на асобныя выпадкі лібэралізацыі.

Напачатку 2009 году Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Human Rights Watch” у штогадовым дакладзе адзначыла: у 2008-м у Беларусі мелі месца як нэгатыўныя, так і пазытыўныя працэсы. Паводле аўтараў, улады працягваюць выкарыстоўваць сыстэму крымінальнага правасудзьдзя, каб кантраляваць апазыцыю, грамадзянскую супольнасьць і СМІ. У той жа час экспэрты зазначаюць: летась вызваленыя ўсе палітзьняволеныя, але яшчэ 10 апазыцыйных актывістаў атрымалі пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі (маюцца на ўвазе фігуранты так званага “Працэсу 14-ці”). У дакладзе таксама гаворыцца, што Беларусь застаецца адзінай краінай Эўропы, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне, а сем’і расстраляных ня маюць інфармацыі пра дату пакараньня і месца пахаваньня сваякоў.

Разам з тым “Human Rights Watch” канстатуе: хоць мінулагоднія парлямэнцкія выбары не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю сумленнымі і дэмакратычнымі, аднак гэта не перашкодзіла Эўразьвязу пачаць дыялёг зь беларускімі ўладамі. У кастрычніку мінулага году Савет міністраў замежных спраў Эўразьвязу нават прыняў рашэньне прыпыніць візавыя санкцыі супраць высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў. У адказ Эўропа чакае адэкватных захадаў з боку беларускага кіраўніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG