Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея не разглядае просьбу Беларусі аб выдачы крэдыту ў 100 мільярдаў рублёў у абмен на пераход на разьлікі ў рублях ва ўзаемным гандлі, паведаміў намесьнік кіраўніка Мінфіну РФ Дзьмітрый Панкін.


"У іх былі ў лістах лічбы - 100 мільярдаў рублёў, мы гэта нават не разглядаем", - сказаў Дзьмітрый Панкін у суботу журналістам.

Як паведамляе Інтэрфакс, ён нагадаў, што раней расейскі бок пагадзілася вылучыць Беларусі крэдыт у аб'ёме двух мільярдаў даляраў, з якіх адзін мільярд у лістападзе 2008 году паступіў у распараджэньне Менска. Панкін паведаміў, што другая частка крэдыту будзе перададзеная Беларусі пасьля падпісаньня Пляну сумесных дзеяньняў двух краін па пераадоленьні наступстваў сусьветнага фінансавага крызісу.

"Цяпер ідзе абмеркаваньне пляну сумесных дзеяньняў па пераадоленьні крызісу. Будзе падпісаны плян сумесных дзеяньняў, тады пяройдзем да другой часткі крэдыту - яшчэ мільярд", - сказаў ён.


***

У часе сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі Дзьмітрыя Мядзьведзева і Аляксандра Лукашэнкі 22 сьнежня 2008 году стала вядома, што Беларусь просіць у Расеі 100 мільярдаў расейскіх рублёў крэдыту, калі разьлік ва ўзаемным гандлі будзе ісьці ў расейскіх рублях.

У сьнежні газэта "Коммерсант" паведаміла, што рашэньне аб выдачы Беларусі крэдыту ў 100 мільярдаў рублёў будзе залежаць ад таго, ці прызнае афіцыйны Менск незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Іншая ўмова - перадача "Газпрому" кантрольнага пакета акцый ААТ "Белтрансгаз". Па дадзеных газэты, у выпадку выкананьня гэтых умоваў Беларусь магла бы не толькі атрымаць крэдыт, але і захаваць ільготны кошт на расейскі газ.

Беларускі парлямэнт мае намер разгледзець пытаньне аб прызнаньні Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі 2 красавіка.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG