Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бясплатная перарэгістрацыя за тры дні


Законам аб сродках масавай інфармацыі, які пачне дзейнічаць бліжэйшым часам, прадугледжана перарэгістрацыя выданьняў паводле заяўнага прынцыпу.


Перарэгістрацыя СМІ, паводле выказваньняў міністра інфармацыі, патрэбная дзеля таго, каб правесьці пераўлік і пазбавіцца тых выданьняў, якія дэ-факта спынілі сваё існаваньне.

Памочнік міністра інфармацыі Віктар Казлоў патлумачыў “Свабодзе”, што працэдура перарэгістрацыі выданьняў будзе значна спрошчана.

“Вам трэба будзе ўзяць анкету, яна, падаецца, на двух старонках, запоўніць і даслаць нават поштай. Цягам трох дзён мы абавязаны будзем выдаць вам пасьведчаньне аб перарэгістрацыі.

Паўсюды ідзе працэс скарачэньня папераў. На гэты конт і кіраўнік дзяржавы ўжо выказаўся. Паколькі мы падначаленыя Савету міністраў, а ён патрабуе ад нас такога скарачэньня, то гэта абсалютна лягічны працэс”.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна прыгадала, што Эўрапейскі суд лічыць, што рэгістрацыя мас-мэдыяў зьяўляецца недапушчальным умяшальніцтвам выканаўчай улады ў дзейнасьць сродкаў масавай інфармацыі.

Жанна Літвіна
“Тое, што рэгістрацыя будзе мець заяўны прынцып, мне падаецца, што перш за ўсё гэта пазбавіць выданьне ад ліхаманкі, што гэта ня будзе адцягваць столькі высілкаў тых самых кіраўнікоў рэдакцый ад паўсядзённай працы, не будзе адцягваць іх ўвагу на перарэгістрацыю.

Але, ёсьць такі выраз: “Не слухай, што гаворыць твой апанэнт, а глядзі, што ён робіць”. Усё роўна пра вынікі перарэгістрацыі мы зможам разважаць, як адбываўся гэты працэс, пасьля таго, як ён пачнецца, а яшчэ лепш, калі ён завершыцца”.

Жанна Літвіна падкрэсьліла, што сярод іншых патрабаваньняў Беларускай асацыяцыі журналістаў якраз і быў пункт увядзеньня заяўнага прынцыпу перарэгістрацыі выданьняў.

Журналіст Аляксандр Коктыш працаваў у газэтах, якія ў свой час не прайшлі перарэгістрацыю. Ён выказаў сваё меркаваньне:

Аляксандар Коктыш
“Намеры самыя добрыя. Хоць, канешне, любая перарэгістрацыя гэта страты маральныя і фінансавыя. Усё будзе залежыць ад чыноўнікаў, ад таго як яны будуць сябе паводзіць.

Ранейшы досьвед паказвае, што нічога добрага незалежным СМІ ад чыноўнікам не было ў любых выпадках. Калі будзе зьверху пэўная каманда на тое, каб не перарэгістраваць тое ці іншае выданьне, то, падаецца, яно й не перарэгіструецца”.

Міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч запэўніў на паседжаньні калегіі ведамства, што падчас перарэгістрацыі СМІ сплата брацца ня будзе. Ён паведаміў, што чыноўнікі міністэрства гатовыя працаваць ва ўмовах новага закону пра СМІ і дыскутаваць са сваімі апанэнтамі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG