Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бязьмежжа” на мяжы


На літаратурны сэмінар “Бязьмежжа”, які штогод ладзіць літаратурнае аб’яднаньне “Белавежа”, мне пашчасьціла патрапіць у другі раз. І чарговы раз пераканаўся, наколькі бліскуча, цікава і неправінцыйна пішуць пісьменьнікі самай незвычайнай беларускай правінцыі. Два дні прамільгнулі пад трагікамічныя апавяданьні Міхася Андрасюка, вершы Міры Лукшы, успаміны мастака Віктара Кабаца. Адбывалася дзея ў Белавескай пушчы.

На агратурыстычнай сядзібе пад мястэчкам Нараўкай. І сярод празрыстага чыстага паветра Белавежы, дзе ніякая цывілізацыя ня муляла вока. У сядзібе сям’і Казлоўскіх, якія аздобілі сваю гаспадарку зь любоўю і гумарам — чаго варты вятрак з пляцоўкай для агляду ці свой этнаграфічны музэй са мноствам артэфактаў мінулых эпох. І сярод гэтай атмасфэры, напоўненай беларускім словам, сярод блізкіх па духу людзей міжволі ўзьнікае ілюзія, што знаходзісься ў той ідэальнай Беларусі, пра якую марылася калісьці.



Нават цяжка ўявіць, што зусім нядаўна азвацца тут беларусам было небясьпечна для жыцьця. А вось мастак Віктар Кабац, тутэйшы ўраджэнец, тыя часы памятае добра. 45 год. Калі праз былую савецкую мяжу адступала віленская брыгада Арміі Краёвай, больш вядомая як “брыгада сьмерці”, пад камандаваньнем маёра Зыгмунта Шэндзелажа па мянушцы “Лупашка”.



Віктар: “Цераз пушчу Белавескую ішло войска Лупашкі. Яны закранулі Нараўку, і тады згінуў брат майго бацькі. Кабац Пеця, які ў гміне быў сакратаром ППРу. Тады забілі там 6 чалавек. Усе яны былі ў Польскай Партыі Работнічай. Яна была крыху скамунізаваная, але не камуністычная. Яны мелі сьціслыя кантакты з камуністамі на Беларусі, і таму, калі ішоў Лупашка, то ён згарнуў гэтых людзей і іх расстралялі. І напісалі картачку: “За здраду народу польскего”.

Тады, напрыканцы саракавых гадоў, з Падляшша ў БССР зьехала больш за трыццаць тысяч беларусаў. Калі ўлічыць, што парадкі ў сталінскім раі ўжо ні для кога не былі таямніцай, можна ўявіць сабе ступень страху людзей, якія добраахвотна пакідалі свае дамы і ехалі на той бок мяжы.

Віктар: “Тут за Нараўкаю стаялі два танкі і было поўна савецкага войска. І яны рабілі такую прапаганду, што вас палякі зьнішчаць, вам тут ня будзе жыцьця. І таму людзі… Быў страх. Людзі ехалі”.

Сярод тых, хто зьехаў тады ў Савецкі Саюз, быў дзед беларускай дзяячкі Натальлі Герасімюк. Сама Натальля вярнулася на сваю абяцаную зямлю. Дзякуючы яе высілкам у Гайнаўцы зьявілася беларуская бібліятэка.

Карэспандэнт: “Наколькі запатрабаваная беларуская кніга на Беласточчыне?”

Натальля: “Вельмі запатрабаваная. Карыстальнікамі перш за ўсё былі вучні Гайнаўскага ліцэю, людзі з навакольных вёсак. Бо яны ў свой час вучыліся па-беларуску. Бывалі такія чытачы, што прыходзіла ўнучка і брала дзеду дзесяць кніжак. Пра „араць і сеяць“. Бо гэта ягоная ўлюбёная тэма была”.

Карэспандэнт: “У Беларусі ў бібліятэкараў вельмі сумны выгляд, бо дзеці перастаюць чытаць. Ёсьць кампутар. А якая тут карціна?”

Натальля: “Моладзь мала чытае, і ў Польшчы колькі гадоў запар праходзіць такая акцыя: „Уся Польшча чытае дзецям“. Чытаюць акторы, чытаюць палітыкі. Гэтая акцыя раскручана на ўсю краіну. Да гэтага далучыліся ўсе бібліятэкі. Яны робяць адмысловыя заняткі для дзяцей. Каб проста прыцягнуць іх да бібліятэкі. Яны ставяць спэктаклі, малююць малюнкі, робяць выставы на аснове нейкай кніжкі. І гэта менавіта дапамагае змусіць дзяцей узяцца за тую кніжку”.

Карэспандэнт: “Якая цудоўная ідэя з палітыкамі. Уяўляю сабе Лукашэнку, які чытае дзецям па-беларуску. Гэта было б лепшае, што ён мог зрабіць”.

Натальля: “Магчыма, у Беларусі таксама трэба было б правесьці такую акцыю. „Уся Беларусь чытае дзецям“. І так дыпляматычна зрабіць, каб гэтая ідэя нібыта выйшла ад кіраўніка дзяржавы. І тады я ўпэўненая, што ўсе ўраднікі меншага і большага ўзроўню пайшлі б за гэтым. Бо трэба”.

Карэспандэнт: “Беларушчына выжыве на Беласточчыне?”

Натальля: “На Беласточчыне выжыве. Ня ведаю, ці выжыве на Беларусі. Ужо пачынаецца другая хваля вяртаньня да свайго. У пэўным пэрыядзе было так, што сорамна было прызнацца, што ты не паляк. Зараз гонар сказаць, што ты беларус”.

Вершы паэта Віктара Стахвюка зачароўваюць. Як глыбінёй, так і сваім нязвыклым гукапісам. Стахвюк піша не на літаратурнай беларускай мове. А на дыялекце сваёй радзімы. Ён намагаецца захаваць у сваіх вершах тую мову, якая заўтра зьнікне назаўжды.



Карэспандэнт: “Мясцовая беластоцкая гаворка. Яна была, напэўна, у кожнай вёсцы свая. Былі нейкія свае словы…”

Віктар: “Так. Я, як нарадзіўся, — памяць сягае толькі тых часоў, як сьвядома стаў бачыць сьвет, разумець і апісваць яго словамі, — то заўсёды я апісваў і гаварыў толькі на гаворцы вёскі. У нас многа гаворак. Іх можна клясыфікаваць такім чынам. Паміж Бугам і Нарваю — брэсцка-пінская гаворка. Яна з дыфтонгамі. “Сев”, “ехав” і гэтак далей. І не “хадзіць, „рабіць“. А „хадзіці“ „рабіці“. І так было ўвесь час да сярэдзіны 70-х гадоў. Калі моладзь масава пайшла ў гарады. Па хлеб”.

Карэспандэнт: “І сёньня ўсё гэтае моўнае багацьце засталося толькі ў кнігах”.

Віктар: “Яшчэ не. Яшчэ калі я прыяжджаю, старое пакаленьне, старэйшае за мяне і маё пакаленьне, як мы зьбіраемся на вёсцы,то мы гаворым выключна на нашай гаворцы. І саракагадовыя мужчыны, яны таксама гавораць на нашай гаворцы. Але ўжо дзеці і бацькі да сваіх дзяцей гавораць на польскай мове. Я ўвогуле зьдзіўляюся. Я калі заходжу да суседа ў хату, зь якім я толькі што гаварыў на мове нашай вёскі, бо мы ня ведалі, дзе палякі ёсьць, у дзяцінстве, і вось я заходжу да яго ў хату, а ён да сына — „а чэго ты тутай?“ Я не магу гэтага зразумець. Я зьдзіўлены кожны раз. І мне становіцца сумна. Мова вельмі прыгожая, старажытная. І яна гіне на маіх вачах. Мы апошнія зубры, якія гавораць на гэтай мове. Мы апошнія людзі, якія дажываюць разам з моваю. Пасьля нас яшчэ адно пакаленьне, і ўсё. Страшна шкада”.

Нядаўна першагерарх Польскай праваслаўнай царквы мітрапаліт Сава дазволіў служыць у храмах на польскай мове. Можна сказаць, што зьнікае асноўны чыньнік, які дапамагаў мясцоваму люду адчуваць сябе калі не беларусамі, дык дакладна “непалякамі”. Дык што можа дапамагчы беларушчыне Падляшша не загінуць у рэшце рэшт? Паслухаем празаіка Міхася Андрасюка.

Міхась: “Першае — гэта сям’я. Увогуле нацыянальная адукацыя павінна пачынацца зь сям’і. Другое — гэта сапраўды беларуская дзяржава. Нам неабходныя кантакты празь мяжу. Найлепей, каб гэтай мяжы зусім не існавала, як паміж эўрапейскімі краінамі. Каб нашыя кніжкі, якія мы тут напісалі, маглі выходзіць у Беларусі. І кніжкі беларускіх аўтараў можна было свабодна набыць тут у нас, у Беластоку. Мы ня выжывем безь беларускай дзяржавы. Выжывем яшчэ, можа, гадоў дваццаць. Але колькасьць беларусаў, якія карыстаюцца беларускай мовай, у такім выпадку будзе рэзка скарачацца”.



На сэмінары быў паказаны геніяльны фільм Тамары Саланевіч, рэжысэркі родам з Нараўкі, “Ці чуеш, як плача зямля?” У стужцы паказана, як ламаўся спрадвечны побыт беларускіх вёсак пры будоўлі вадасховішча на рацэ Нарве. Калі зносілі дзясятак старажытных вёсак. У фільме, зьнятым у сярэдзіне 80-х гадоў, пранізьліва паказана разьвітаньне беларусаў са сваімі хатамі, храмамі, ветракамі. Паказаныя сьлёзы і жывы боль гэтых людзей. Зачароўвае кожны кадар гэтага фільму, у якім звычайныя бульдозэры падобныя да нейкіх прышэльцаў з Уэлсавай “Вайны сусьветаў”. Але адзін момант дэгарманізуе ўсю карціну. Беларускія праваслаўныя сяляне гавораць у фільме па-польску. Польская мова ў вуснах сялян была галоўнай умоваю варшаўскіх цэнзараў. Гаворыць Віктар Кабац.

Віктар: “Ёсьць вялікая праблема для гэтай зямлі, для Нараўскай гміны. Прыяжджаюць людзі, якія ніколі тут не жылі. Іх сувязь з гэтай зямлёю ніякая. Яны прывозяць ня толькі чужога чалавека, але прывозяць яго мэнтальнасьць. Для гэтай зямлі мэнтальнасьць такога варшавяка можа быць страшэннай. Таму што ён мае грошы, бачыць гэтых бедных людзей, гэтыя старыя хаты і хоча ім заімпанаваць. Ён ставіць велізарны мураваны дом, які ня мае традыцый. Мала што паставіць такі недарэчны дом у вёсцы, то яшчэ пачынае пераконваць людзей на свой бок. Сьмяяцца зь іх звычаяў. Яго ксёндз будзе па руках цалаваць, бо чалавек зь вёскі ня мае грошай, а гэты пакладзе на талерку добрыя грошы. Няма ратунку. Гэта бяда для гэтай зямлі. Ціхая бяда…”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG