Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабарончая аганізацыя „Human Rights Watch” абнародавала справаздачу, у якой абвінавачвае як расейскі, так і грузінскі бакі ў „шматлікіх парушэньнях законаў вайны” падчас іх збройнага канфлікту 7-15 жніўня летась.

У 200-старонкавым дакумэнце „Human Rights Watch” сьцьвярджае, між іншым, што грузінскія сілы выкарыстоўвалі рэактыўныя сыстэмы залпавага агню „Град” супроць цывільных жыхароў Паўднёвай Асэтыі.

Што да расейцаў, дык справаздача ўскладае на іх віну за сьмерць соцень цывільных грузінаў і выгнаньне дзясяткаў тысяч, зь якіх шмат не вярнулася на месцы свайго папярэдняга пражываньня па сёньняшні дзень.

А сілы Паўднёвай Асэтыі, паводле „Human Rights Watch”, „рабавалі, зьбівалі, застрашвалі і незаконна затрымлівалі” шматлікіх этнічных грузінаў, каб прымусіць іх пакінуць сэпаратысцкі рэгіён і ніколі туды не вяртацца.

Анна Найстат, якая расьсьледавала парушэньні правоў чалавека ў расейска-грузінскім канфлікце, сказала нашаму радыё, што Грузія была значна больш схільная да супрацоўніцтва з „Human Rights Watch”, чым Расея.

Найстат таксама паведаміла, што Расея, якая падчас канфлікту на ўвесь сьвет заяўляла, што грузінскія сілы ўчынілі „генацыд” у Паўднёвай Асэтыі, цяпер ужо не падтрымлівае гэтага абвінавачаньня так выразна. Расеі ўдалося скласьці сьпіс 162 ахвяраў, сьмерць якіх яна прыпісвае дзеяньням грузінскіх сілаў. Пры тым, дадае Найстат, не зусім ясна, ці гэты сьпіс не ўключае ўзброеных членаў асэтынскіх ваенізаваных фармаваньняў:

„Гэта выклікае расчараваньне, бо я мяркую, што, з увагі на шмат здагадак і дэзінфармацыі ў самым пачатку канфлікту, ужо даўно наступіў час, каб расейскія ўлады абнародавалі хаця б папярэднія вынікі свайго расьсьледаваньня. Інфармацыя, якую мы атрымалі ад іх да гэтай пары, не пралівае сьвятла ні на тое, што здарылася, ні на тое, хто быў вінаваты”.

Найстат выказала спадзяваньне, што ў будучыні ўсё-ткі будзе можна правесьці міжнароднае расьследаваньне расейска-грузінскай вайны, якое аўтарытэтна і аб’ектыўна адкажа на ўсе пытаньні, на якія цяпер няма адказу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG