Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мотавелазаводзе беспрацоўе да лютага


Праца ў цахах “Мотавела” ўжо не кіпіць

Праца ў цахах “Мотавела” ўжо не кіпіць

Міністэрства статыстыкі Беларусі паведаміла, што запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў павялічыліся да 60 працэнтаў сярэднямесячнай вытворчасьці. Калі лічыць на грошы, то сума амярцьвелых тавараў перавысіла пяць трыльёнаў беларускіх рублёў.

Менскі мотавелазавод, на які прыцягнулі нібыта праверанага інвэстара з Аўстрыі, не працуе ад 15 сьнежня мінулага году. Сёньня майстар зборачнага цэху Іван Акуневіч паведаміў “Свабодзе”, што пакуль не ўдалося наладзіць вытворчасьць сучасных ровараў й матацыклаў:

“Пра працу ў лютым таксама няма пэўнасьці”

“Нічога не атрымалася. Як было, так і застаецца. Паспрабавалі сабраць дарожную тэхніку з замежных камплектуючых, то атрымалася толькі пару штук”.

Пытаюся, ці шмат прадукцыі старога ўзору застаецца на складах мотавелазаводу. Суразмоўца ўдакладняе:

“Калі мы сыходзілі ў змушаны адпачынак, то на складах заставалася блізу 35 тысяч ровараў. Засталіся тыя, што не карыстаюцца цяпер попытам у насельніцтва”.

Цікаўлюся, да якога чысла будзе доўжыцца беспрацоўе.

“Адміністрацыя папярэдзіла, што да 1 лютага”, — кажа Іван Акуневіч, — “але і надалей няма пэўнасьці”.

Беларускі аўтамабільны завод у Жодзіна (БелАз) не прыпыняе пакуль вытворчасьць. Але тэрыторыя аўтагіганта застаўленая вялізнымі самазваламі. Пацьвярджае гэта інжынэр Віктар Бабарыка:

“У папярэднія месяцы трошкі аўтамабіляў прадалі ў Кітай і Вэнэсуэлу. Ну, а тое, што тэрыторыя застаўленая, то гэта мае месца. Ёсьць БелАзы нерэалізаваныя”.

На БелАзе адмянілі грашовыя даплаты

Далей суразмоўца паведамляе пра прыхаванае беспрацоўе на БелАзе і адмову адміністрацыі плаціць заробак у поўным памеры:

“Было, да прыкладу, шэсьць чалавек паводле штатнага раскладу. А працавалі толькі тры. Ці, скажам, я раней атрымліваў даплату за выкананьне абавязкаў іншага інжынэра, за падмену часова адсутнага і інш. Вось такія даплаты адмянілі цалкам”.

Затаварваецца і Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне. Па просьбе “Свабоды” прадпрыемства наведаў тамтэйшы актывіст, былы галоўны энэргетык БМЗ Марат Афанасьеў. Ён адзначае:

“Да сёньня прадукцыя дрэнна збываецца. Перадусім гэта тычыцца сталёвай арматуры. Трубы — увогуле гіблая рэч. З таго, што накаталі ў сьнежні, прадалі ўсяго 10%. І па няпоўным асартымэнце”.
XS
SM
MD
LG