Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкамэндацыі ня выкананыя, мільёны эўра страчаныя


У Беларусі зь візытам знаходзіліся прадстаўнікі Міжнароднага бюро працы на чале з Кары Тапіёлам. Група экспэртаў прааналізавала, як беларускі ўрад выконвае рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Нагадаем, што за парушэньне правоў прафсаюзаў улетку 2007 году Беларусь была выключаная з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў Эўразьвязу. Дзеля вяртаньня гандлёвых палёгкаў урад Беларусі мусіць выканаць 12 рэкамэндацый МАП.

За тры дні знаходжаньня ў Беларусі міжнародныя экспэрты правялі шэраг сустрэчаў з зацікаўленымі дзяржаўнымі і незалежнымі арганізацыямі. Вынікам перамоваў у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны стала выпрацоўка Пляну дзеяньняў дзеля выкананьня рэкамэндацый МАП. У прыватнасьці, застаецца актуальным патрабаваньне даць магчымасьць незалежным прафсаюзам рэгістраваць свае арганізацыі; дазволіць ім працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі; спыніць перасьлед грамадзянаў за прыналежнасьць да прафсаюзаў; забясьпечыць прафсаюзным аб’яднаньням права на ўдзел у вырашэньні значных сацыяльных пытаньняў і г.д.

Адзін з удзельнікаў перамоўнага працэсу — лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч. Ён кажа, што была рэальная спроба прывесьці бакі да паразуменьня. Паводле сп. Фядыніча, у такім складзе дзяржаўныя і незалежныя прафсаюзы, а таксама прадстаўнікі ўраду яшчэ не зьбіраліся, таму размова атрымалася досыць прадуктыўнай. Кожны адкрыта выказваў сваю пазыцыю. Калі Фэдэрацыя прафсаюзаў перакананая, што сумнавядомую беларускую справу варта скасаваць, вярнуўшы Беларусі гандлёвыя прэфэрэнцыі, то незалежныя лідэры дэманстравалі парушэньні правоў прафсаюзаў:

“Рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы ў сваёй масе ня выкананыя. Таму прыезд экспэртаў быў прызначаны, каб сабраць разам прадстаўнікоў ураду, наймальнікаў, прафсаюзы. Дзеля таго каб пастарацца выпрацаваць агульны падыход для выкананьня рэкамэндацый. Бо калі пазыцыя ня будзе выпрацаваная, то, безумоўна, палітычны імідж Рэспублікі Беларусь ад гэтага лепшы ня стане, а наадварот. Калі мы сустракаліся, то з боку ўраду, наймальнікаў адчуваліся пэўныя намаганьні гэты воз зрушыць зь месца. У выніку быў выпрацаваны Плян дзеяньняў дзеля выкананьня рэкамэндацый. Гэты плян павінен стаць дакумэнтам, якім маглі б карыстацца ўсе тры бакі. І ён павінен быць ухвалены на Нацыянальным савеце ў першай палове лютага”.

Карэспандэнт: “То бок з 12-ці рэкамэндацый ня выкананая ніводная?”

“Выкананыя дзьве з паловай рэкамэндацыі. Па-першае, скасаваная камісія, заснаваная пры адміністрацыі прэзыдэнта. Пакуль арганізацыі даходзяць да Міністэрства юстыцыі, яны праходзяць гэткі чысьцец, камісію. Дык яна скасаваная. Па-другое, Беларускі нацыянальны кангрэс зараз удзельнічае ва ўжо згаданым Нацыянальным савеце. Да гэтага часу ён там ня быў, была толькі Фэдэрацыя прафсаюзаў. Але ж самыя сур’ёзныя пункты ня выкананыя дагэтуль. Гэта тычыцца і рэгістрацыі нашых арганізацый, і тых людзей, якія былі звольненыя з працы за сваю прафсаюзную дзейнасьць. Гэта таксама тычыцца дэкрэтаў № 2 і № 29 аб кантрактах. Усё гэта засталося”.

У чэрвені 2007 году Беларусь была выключаная з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый Эўразьвязу за парушэньне правоў прафсаюзаў. Дагэтуль такі сумнеўны “гонар” выпадаў на долю толькі Бірме. Расьсьледаваньнем фактаў вакол сытуацыі з прафсаюзамі ў Беларусі займаліся камісіі, спэцыяльна створаныя ў рамках Міжнароднай арганізацыі працы і Эўразьвязу. Абедзьве камісіі пацьвердзілі інфармацыю пра факты парушэньняў. Па выніках маніторынгу камісія МАП распрацавала тузін рэкамэндацый беларускаму ўраду.

Канчатковы вэрдыкт аб выкананьні ўрадам Беларусі рэкамэндацый МАП будзе агучаны сёлета ў чэрвені, калі ў Жэнэве будзе праходзіць Міжнародная канфэрэнцыя працы. Але папярэдне сытуацыю абмяркуюць на прамежкавым пасяджэньні экспэртаў Міжнароднага бюро працы на сэсіі Адміністратыўнай рады МАП.

Розныя экспэрты называлі розныя лічбы стратаў Беларусі ад выключэньня з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый. Хтосьці лічыў што яны складуць 300-500 мільёнаў даляраў на год, нехта даваў лічбы на парадак меншыя. На пачатку 2008 году Эўракамісія падлічыла: страты закранаюць усяго 0,5% ад беларускага экспарту ў Эўразьвяз і вагаюцца ў межах 12-15 мільёнаў эўра штогод. Хоць сума гэтая зьнешне невялікая, аднак, на думку экспэртаў, выключэньне з сыстэмы — захад збольшага палітычны: ён наўпрост уплывае на разьвіцьцё ўсіх стасункаў Беларусі з Эўразьвязам.
XS
SM
MD
LG